Общество
Людміла Мінкевіч , «Народная газета»

Пры графе Чапскім Мінск ператварыўся ў сапраўдны еўрапейскі горад

Яшчэ пры жыцці Караля Чапскага называлі вялікім пераўтваральнікам Мінска і параўноўвалі з каралём Стэфанам Баторыем. Казалі, як Рэч Паспалітая не мела лепшага караля, так і Мінск не меў больш моцнага гарадскога галавы. Караль, сын вядомага грамадскага дзеяча і нумізмата Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, узначальваў Мінскую гарадскую думу з 1890 па 1901 год. Адчуваючы сталічны дух горада, Чапскі імкнуўся надаць яму бляск не меншы за пецярбургскі, кіеўскі і віленскі.

Корак у выглядзе графа

“Эпоха Чапскага” была перыядам самых ініцыятыўных рэформ гаспадаркі і культуры горада за ўсю яго гісторыю. Караль быў вельмі “прасунутым” кіраўніком. Пры ім пашырылася тэрыторыя горада, быў праведзены водаправод, вуліцы атрымалі электрычнае асвятленне, а дамы — нумарацыю. У той час, калі ў Еўропе шыльды на будынках былі звычайнай справай, у Мінску ў канцы ХІХ стагоддзя дамы ўсё яшчэ шукалі па прозвішчы гаспадара.

Чапскі адкрыў у Мінску тэатр (сёння гэта Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Купалы) і бібліятэку імя Пушкіна. Штодня ў яе чытальных залах працавалі 150—200 чалавек, каля паловы — студэнцкая моладзь. У свой час тут знаёміліся з навінкамі літаратуры Багдановіч, Колас, Купала, Цётка, Галубок... У 1909 годзе ганаровым членам бібліятэкі стаў расійскі пісьменнік Леў Талстой.

Падчас праўлення Караля Чапскага ў Мінску з’явілася конка — папярэднік электрычнага трамвая. З-за сваёй таннасці — 3-5 капеек за квіток — конка стала такім папулярным транспартам, што ёю карысталіся чыноўнікі, гандляры, гімназісты, рабочыя і рамеснікі. Конная чыгунка стварыла канкурэнцыю фурманам. Тыя так адмоўна ўспрынялі транспартную навінку, што аднойчы нават перавярнулі вагон конкі.

Модным стала яшчэ адно прадпрыемства Караля — піўзавод “Багемія”. Спажыўцы ацанілі не толькі смак піва, але і яго тару. Коркам да бутэлек служыў маленькі бюсцік графа Караля Чапскага. Мы сёння, не задумваючыся, выкідваем коркі. А ў той час іх беражліва клалі ў кішэнь, хваліліся перад знаёмымі і нават дарылі! Добры піяр-ход і для сучасных прадпрымальнікаў! У будынку “Багеміі” сёння таксама размяшчаецца піўзавод, толькі з іншай назвай — “Аліварыя”.

Апартаменты для бамжоў

Нягледзячы на графскае паходжанне, Караль не абыходзіў увагай і бедных людзей. У Станькаве, сваім уладанні, на асабістыя грошы пабудаваў шпіталь для лячэння заразных хвароб жыхароў навакольных вёсак, выклапатаў у Пецярбургу дазвол на адкрыццё ламбарда ў Мінску. Тым самым Чапскі выратаваў мінчан ад несумленных прыватных ліхвяроў, якія не дазвалялі выкупіць рэч назад. Для бамжоў заснаваў начны прытулак, дзе пастаяльцам выдаваліся цёплая вопратка, гарбата і кавалак хлеба. За прытулак трэба было заплаціць 5 капеек. За гэтыя грошы, як растлумачыў мне беларускі пісьменнік, краязнаўца і гісторык Анатоль Валахановіч, тады можна было купіць добры селядзец. Плата адносна невялікая за цяпло і пасілак. Праўда, трапіць у прытулак мог не кожны. Прымалі толькі цвярозых людзей, якім забаранялася курыць, іграць ў карты і распіваць алкаголь. Цікава, што карыстацца прытулкам адна і тая ж асоба магла не больш як 5 разоў у месяц.

Пры Чапскім запрацаваў дзіцячы стацыянарны і радзільны прытулкі.

Беларускія ананасы

Па ініцыятыве Караля Чапскага ў 1901 годзе была праведзена першая Мінская сельскагаспадарчая і прамыслова-саматужная выстава. У ёй удзельнічалі вытворцы з Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віленскай, Кіеўскай, Смаленскай і іншых губерняў. Самым значным экспанентам быў сам Чапскі, уладальнік маёнткаў у Мінскім і Ігуменскім паветах. Ён прадэманстраваў жыхарам чыстапародную буйную рагатую жывёлу, коней Станькаўскага племяннога завода, авечак, сабак, дрэнажныя трубы, дахоўку і нават флянсы ананасаў! Багатыя вытворцы адкрывалі ўласныя павільёны: браты Лекерты мелі два павільёны для піва, памешчык Каржанеўскі ўзвёў адмысловы павільён у выглядзе Эйфелевай вежы. Выстава стала значнай падзеяй для Мінска. Яна пашырала дзелавыя кантакты прадпрымальнікаў, стымулявала развіццё тавараабароту, гандлю і вытворчасці.

У Караля было мора ідэй. Прагрэсіўны на той час чалавек, ён выдатна разумеў неабходнасць рашучых перамен у эканоміцы, не забываўся пра развіццё культуры, навукі, асветы і сацыяльных праблем горада Мінска. Каб ажыццявіць свае смелыя праекты, Караль часта траціў уласныя грошы.

За ўсе заслугі — пластылін?

На жаль, у Чапскага не атрымалася здзейсніць усе намеры: ён пакінуў свет, калі яму было ўсяго 44...

— Чапскі быў халерыкам, — расказвае Анатоль Валахановіч. — Не сядзеў на месцы. Штодзень вярхом скакаў з Мінска ў Станькава, каб трымаць гаспадарку пад сваім вокам. Арганізм знасіўся без часу, ён захварэў на сухоты. Доўга лячыўся на водах у Франкфурце-на-Майне, але і гэта не дапамагло...

Жыхары Станькава і суседніх вёсак з вялікім смуткам сустрэлі вагон з Германіі з труной Караля. На руках неслі яе да вайсковых могілак, выказваючы павагу і ўдзячнасць шчодраму, дзелавітаму і ініцыятыўнаму гаспадару. Многімі адкрыццямі Чапскага мы карыстаемся і сёння. Таму нядобра, што ў Мінску, дзе ён кіраваў на працягу 11 гадоў (гэты рэкорд, дарэчы, яшчэ нікім не пабіты), няма ні вуліцы Караля Чапскага, ні помніка графу... Тым больш што мадэль бюста Караля ўжо выканана скульптарам Ігарам Голубевым. На жаль, пакуль што толькі з пластыліну, але і ён ужо экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)