«Пры цяперашнім рэжыме я не маю магчымасці жыць у Беларусі». Як Васіль Быкаў вымушана з’ехаў у эміграцыю

100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

Сустрэча з Вацлавам Гавелам. Прага, 2001 год. Фота: Радыё Свабода

Вясной 1998-га Васіль Быкаў атрымаў запрашэнне ад Фінскага ПЭН-цэнтра. Яму прапаноўвалі аднапакаёвую кватэру ў Хельсінкі на паўтара года. І ён пагадзіўся, хоць вельмі не хацеў пакідаць радзіму.

Улады спрабавалі ўтрымаць пісьменніка ад такога крока, абяцалі яму ўсялякае спрыянне. Адно што дзеля гэтага трэба было сустрэцца з Лукашэнкам.

Быкаў, які быў адным з праціўнікаў увядзення ў Беларусі пасады прэзідэнта, які крытыкаваў Лукашэнку з першых ягоных дзён знаходжання ва ўладзе, натуральна, адмовіўся ад такой прапановы.

У яго былі прычыны не давяраць людзям, якія стварылі яму, народнаму пісьменніку, невыносныя ўмовы для жыцця і творчасці.

Быкава перасталі друкаваць, ягоная кніга «Сцяна», гатовая да друку, праляжала безвынікова ў дзяржаўным выдавецтве некалькі год. Затое лёгка ішлі ў друк паклёпніцкія артыкулы ў праўладнай прэсе.

Жывучы за мяжой, пісьменнік не адзін раз казаў, чаму вымушаны быў з’ехаць. Галоўны матыў — адсутнасць свабоды, без якой немагчыма было працаваць.

Я ў Менску не магу пісаць. Па-першае, у мяне халодная кватэра. Я там з маімі хворымі лёгкімі вельмі хутка загнуся, таму што ў Менску ўказам прэзідэнта ўведзены максімум тэмпературы...

Яму не патрэбны Быкаў. У яго ёсць згуртаваная, магутная кагорта ўласных пісьменнікаў, якія пішуць яму біяграфіі. Пішуць пра яго, апісваюць ягонае жыццё. І яму гэтага дастаткова. А ўсяго астатняга ён не ўспрымае.

Тое, што робіць Лукашэнка і яго рэжым, накіравана на ліквідацыю, на поўную ліквідацыю суверэннасці. Ён абсалютна закабаліў гэты народ.

16 студзеня, 2000

Жыццё ў Фінляндыі пісьменнік у размовах з сябрамі да апошніх сваіх дзён згадваў з цеплынёй. Паэт Уладзімір Някляеў, які пасля Быкавых паселіцца ў той самай хельсінскай кватэрцы на чатыры гады, прывядзе такія словы Быкава: «Тут я ўпершыню адчуў сябе пісьменнікам, чаго і табе жадаю».

Потым была Нямеччына, дзе пісьменнік атрымаў літаратурную стыпендыю. Яго прыняла краіна, з якой ён змагаўся, колішні ягоны вораг.

Пры цяперашнім рэжыме я не маю магчымасці жыць у Беларусі. Хаця я глыбока перакананы, што жыць трэба дома, дзе ты нарадзіўся.

29 сакавіка, 2000

У чэрвені 2002-га Быкавы прыехалі ў Прагу, дзе прынялі рашэнне застацца ў Чэхіі. Тут іх цёпла прыняў тагачасны прэзідэнт Вацлаў Гавел. Тут Быкаў запісаў не адну перадачу ў пражскай рэдакцыі «Радыё Свабода». І адсюль жа, за месяц да смерці, выправіўся ў апошнюю вандроўку на радзіму.

Мне цяжка працаваць там, дзе няма свабоды.

12 лютага, 2002

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)