Общество
Аліна Таранік

Провады Масленіцы сабралі сялян і шляхту (фота)

У апошнюю нядзелю лютага паміж Строчыцай і Азярцом праводзілі Масленіцу. Удзельнікі святкавання практыкаваліся ў вядзенні гаспадаркі – забівалі цвікі, з завязанымі вачыма садзілі гаршчкі ў печ, насілі каромыслы. А некаторым пашчасціла пазмагацца на шаблях з самімі панамі шляхцічамі.

Раніцай цётка Лявоніха патлумачыла, чаму беларусы шануюць Масленіцу:

– Чаму свята так любяць? Прайшла гэтая зімачка халодная, прыйшло сонейка, прыйшла вясна, і пачынаецца новы год – пачатак у жыцці любога чалавека! А ў селяніна – новы аграрны год, які ён пражыве ў дастатку.

Наверсе чакае мяшэчак з прысмакамі

Звычай рабіць цягам масленічнага тыдня сырныя ды масляныя стравы пайшоў ад таго, што ў канцы каляндарнай зімы каровы ўжо паспявалі ацяліцца і давалі гаспадарам малака ў дастатку. Цэлы тыдзень беларусы штодня елі бліны з маслам, а вось мяса да іх не дадавалі зусім. А яшчэ падчас Масленіцы зяць мусіў абавязкова завітаць да ўлюбёнай цёшчы на бліны.

Наведвальнікі музея, аднак, не грэбавалі набыць разам з блінамі смажаную каўбаску

Забаўкі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, дзе ладзілася святкаванне, мелі поспех сярод дзяцей і дарослых. Камусьці ўпершыню ў жыцці давялося забіць цвік (няхай нават і ў калоду), хтосьці па-майстэрску садзіў гаршчкі ў печ, а хтосьці вужачкай хадзіў … з чыгуном на галаве!

Мясцовы дзед лётаў па вёсцы і, падскокваючы, прыгаворваў: «Вось я ў вашыя гады…». Вясковец не адмаўляўся фатаграфавацца з кабетамі ды ўсё хваляваўся, як бы жонка Параска нічога не пабачыла.

Прыцягнулі на святкаванне і сабак. Ездавыя чау-чау каталі самых маленькіх удзельнікаў провадаў Масленіцы.

Блізка ля марэны – пудзіла, якое спальваюць у апошні дзень Масленіцы – «дзяжурылі» шляхтічы з шаблямі.

– Няма свята без бойкі, – паведаміў карэспандэнту «Салідарнасці» адзін з паноў у перапынку паміж баямі ды знову пайшоў на супраціўніка.

Пудзіла стваралі проста на месцы святкавання. Кожны жадаючы мог далучыцца да майстар-класаў ды вырабіць сваю асабістую ляльку, каб спаліць або забраць дахаты ў якасці абярэгу. Трэба толькі памятаць, што марэне абавязкова малююць вусны, нос, вочы, а ляльцы-абярэгу – не, бо лічыцца, што праз іх выходзіць усё добрае, а злое, наадварот, трапляе.

Калі ж казаць пра традыцыі беларускай вёсцы, то сяляне спальвалі на провады Масленіцы ўсе старыя непатрэбныя рэчы, а самі чысцютка мыліся ды апраналіся ў новае.

Масленічнае пудзіла, якое мусілі спаліць пад вечар, дасягнула сёлета трох метраў у вышыню

Такім чынам, недзе паміж Строчыцай і Азярцом з зімой канчаткова развіталіся. Праўда, на тым жа месцы толькі праз месяц збіраюцца гукаць вясну. Мы спадзяемся, што яна прыйдзе ў Беларусь значна раней, чым яе паклічуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)