Политика
Юлія Аляксандрава

«Прэзідэнт Польшчы салідарны з палякамі Беларусі»

Падзеі вакол Дома польскага ў Івянцы становяцца прычынай міжнароднага скандалу. Польскае грамадства на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім выражае вялікую занепакоенасць тым, што адбываецца ў Івянцы, пасол Польшчы ў Беларусі выкліканы ў Варшаву. Зараз сябры неафіцыйнага Саюза палякаў збіраюць подпісы ў абарону Дома польскага і збіраюцца ладзіць акцыю салідарнасці ў Гродна.

Як паведаміў «Салідарнасці» актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Анджэй Пачобут, раніцой 9 лютага на прыступках Дома польскага адбыўся сход, які сабраў 37 сяброў Саюза палякаў на Беларусі. Актывісты вырашылі збіраць подпісы пад зваротам у Валожынскі суд з заклікам, каб івянецкі Дом польскі па-ранейшаму належаў мясцоваму аддзелу Саюза палякаў.

Беларускія ўлады вырашылі неяк легалізаваць захоп Дома польскага ў Івянцы, – кажа суразмоўца. – 15 лютага ў Валожыне адбудзецца суд, які вырашыць далейшы лёс Дома польскага. Хаця ў нас няма ілюзій, мы ведаем, што такое беларускія суды… Але разам з тым мы абяцалі, што будзем выкарыстоўваць усе сродкі для абароны Дома польскага, нашых сяброў.

10 лютага ў Гродна, каля Дома польскага, які таксама быў захоплены ўладамі ў 2005 годзе, адбудзецца акцыя салідарнасці з палякамі Івянца.

Поўную падтрымку Саюзу палякаў на Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс выказвае прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Галоўная навіна на ягоным афіцыйным сайце мае назву «Прэзідэнт салідарны з палякамі Беларусі». «Нашыя суайчыннікі ў Беларусі па-ранейшаму падвяргаюцца неапраўданым рэпрэсіям», – гаворыцца на інтэрнэт-старонцы. Лех Качынскі накіраваў да Анжалікі Борыс і прадстаўнікоў Саюза запрашэнне на сустрэчу.

– Паехаць цяпер мы не можам, бо сітуацыя тут вельмі напружаная, развіваецца яна вельмі дынамічна, – кажа Анджэй Пачобут. – Зараз мы павінны быць тут, падтрымліваць сяброў нашай арганізацыі. Але як тольк будзе магчымасць, мы паедзем у Польшчу, каб менавіта ад нас даведаліся, што тут адбываецца і якія дзеянні прадпрымаюцца ў дачыненні да нас. Словы прэзідэнта Польшчы для людзей, якіх зараз пераследуюць, напрыклад, у Івянцы, гэта, безумоўна, сігнал, што маральная падтрымка вельмі і вельмі вялікая.

Тым часам, як паведамляе «БелаПАН», афіцыйны Саюз палякаў у Беларусі настойвае на скліканні міжнароднай незалежнай камісіі, каб разабрацца ў сітуацыі вакол палякаў Беларусі.

Паводле словаў намесніцы старшыні афіцыйнага СПБ Алены Богдан, рашэннем галоўнага савета СПБ ад 9 студзеня дырэктар Дома польскага ў Івянцы Тэрэса Собаль была выключаная з аб’яднання, бо адмовілася ўдзельнічаць у з’ездзе зарэгістраванага СПБ.

– Вось чаму быў абраны новы кіраўнік у Івянцы – Станіслаў Бурачэўскі. Зараз ён знаходзіцца ў Доме польскім у Івянцы і ўжо пачаў выкананне сваіх абавязкаў.

Паводле Богдан, Дом польскі ў Івянцы (як і ўсе астатнія Дамы палякаў у Беларусі) належыць афіцыйнаму Саюзу, а «людзі, якія не маюць дачынення да гэтай арганізацыі, не могуць заяўляць пра тое, што ў іх нешта адабралі, бо гэтыя будынкі ім не належаць».

Дзеянні ўладаў Беларусі ў Івянцы могуць прывесці да міжнароднага скандалу. Амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка выклікалі ў польскае МЗС, дзе выразілі вялікую занепакоенасць дзеяннямі беларускіх праваахоўчых органаў у Івянцы. Амбасадар Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін быў адкліканы ў Варшаву для кансультацый.

Нагадаем, што Дом польскі ў Івянцы быў захоплены міліцыяй 8 лютага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)