Политика

Прэзідэнт Літвы сустрэўся з Алесем Бяляцкім

Сустрэча Гітанаса Наўседы і нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага адбылася 15 снежня.

Фота: Robertas Dačkus

—  Мы з вялікай палёгкай успрынялі навіну аб тым, што пасля многіх гадоў несправядлівага зняволення вы нарэшце на волі. Ваша вытрымка, маральная сіла і нязменная адданасць чалавечай годнасці — нават у самую змрочную гадзіну — натхняюць усіх нас, — сказаў Гітанас Наўседа (цытуецца паводле Вясны).

Ён таксама адзначыў, што Літва заўсёды падтрымлівала і будзе працягваць падтрымліваць намаганні Злучаных Штатаў Амерыкі па вызваленні ўсіх беларускіх палітычных зняволеных.

— Разам мы паслядоўна падкрэсліваем, што беларускі рэжым павінен спыніць усе палітычныя рэпрэсіі і не пачынаць новыя, што ў Беларусі павінны адбыцца дэмакратычныя, свабодныя і справядлівыя выбары, і што любая падтрымка рэжымам Лукашэнкі агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны павінна быць спынена, — сказаў прэзідэнт Літвы.