Прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў снежні?
Паводле экспертаў, дату выбараў прэзідэнта Беларусі назавуць на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая адбудзецца 7 верасня. Улады пакуль не абвяргаюць і не пацвярджаюць гэтую інфармацыю, апелюючы да закону, згодна з якім прэзідэнт краіны павінен быць абраны не пазней за 6 лютага 2011 года.
Нагадаем, 19 ліпеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб скліканні 7 верасня пятай, пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Сярод пытанняў, пазначаных у парадку дня 30 чэрвеня, рэспубліканскі бюджэт на 2011 год, унясенне змяненняў і дапаўненняў у Падатковы і Бюджэтны кодэксы Беларусі, бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай аховы насельніцтва Мінпрацы. Асобным пунктам у пастанове ідзецца, што пры неабходнасці “могуць быць разгледжаны іншыя пытанні”.
Менавіта пункт “іншае” і ёсць самым інтрыгоўным.
“Снежань — самы зручны час”
Палітолаг Валеры Карбалевіч лічыць вельмі верагодным, што менавіта 7 верасня будзе названа дата прэзідэнцкіх выбараў: “Гэта адзінае тлумачэнне, навошта інакш збіраць пазачарговае паседжанне. З улікам беларускага заканадаўства, згодна з якім дату выбараў абвяшчаюць за тры месяцы, можна з невялікай доляй памылкі сказаць, што выбары будуць 5 снежня”.
На думку эксперта аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, для ўладаў выгадна правесці выбары менавіта сёлета, а не на пачатку 2011-га, бо напрыканцы снежня іх чакаюць цяжкія перамовы з Расіяй адносна цэн на газ (паводле дамовы 2006 года, у наступным годзе павінны стаць рынкавымі) і па нафце (які аб’ём нафты будзе для Беларусі бязмытным).
“Найхутчэй гэтым двум перамоўным працэсам будзе спадарожнічаць інфармацыйная вайна, а такая сітуацыя заўжды пужае насельніцтва, якое можа масава пачаць здымаць банкаўскія ўклады. Гэта не вельмі спрыяльны фон для выбараў. Таму іх трэба правесці дагэтуль”, — адзначае Карбалевіч.
Па словах палітолага, раней за снежань праводзіць выбары ўладам таксама нявыгадна, бо спярша трэба хоць як выканаць абяцанні ды павысіць заробкі да 500 долараў. “Цяпер такіх грошай няма, а пад канец года можа што і накопіцца, можа якія крэдыты і перападуць. Калі выбары праводзіць раптоўна, напрыклад, у кастрычніку, усе ўбачаць, што Лукашэнка спужаўся. Ён жа хоча прадэманстраваць усім — і Захаду з Усходам, і ўласнай наменклатуры — што не баіцца”, — заўважае эксперт.
Незалежны эканаміст Вольга Багданава адзначае, што выкананне абавязацельстваў што да сярэдняга заробка ў 500 долараў можна перавесці з сацыяльнай ў матэматычна-статыстычную плоскасць. “Прыкметны рост зарплаты можна забяспечыць, асабліва не залазячы ў бюджэт, а зняўшы абмежаванні на рост даходаў у самых заможных галінах (нафтавікі, банкіры, калійшчыкі і г.д.)".
Куды большай праблемай эксперт бачыць знешнія запазычанні.
“Пра расійскія крэдыты ўжо не ўспамінаюць. “Сяброўскіх" крэдытаў ад Венесуэлы і Азербайджана відавочна недастаткова. Танныя крэдыты МВФ да прэзідэнцкіх выбараў Беларусі не атрымаць — для гэтага прыйдзецца пагадзіцца на чарговую праграму рэформаў, сярод якіх будуць і непапулярныя ў народзе. І першае, на што прыйдзецца пайсці — абмежаванне росту заробкаў, — кажа Вольга Багданава. — Пакуль Беларусь працягвае траціць золатавалютныя рэзервы (мінус USD255 млн у траўні, мінус USD253,9 млн у чэрвені) і спрабуе размясціць еўрабонды. Праўда, нават іх удалае размяшчэнне дазволіць прыцягнуць не вельмі вялікія (ад USD500 млн да USD1 млрд) і даволі дарагія (мяркуемая стаўка - ад 7,5 да 9,5%) грошы. Гэтак, Украіна ад запазычанняў праз еўрааблігацыі ўжо адмовілася, зрабіўшы выбар на карысць танных рэсурсаў МВФ. Але на іх выбар прэзідэнцкія выбары ўжо не ціснулі”.
“Карацей, чым хутчэй выбары, тым лягчэй для рэзерваў, бюджэту і т.п.”, — падводзіць рысу эканаміст.
“Раней не забаронена”
Ці магчыма прызначэнне даты выбараў на пазачарговай сесіі Палаты 7 верасня? Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік распавёў карэспандэнту TUT.BY, што паводле артыкулу 56 Выбарчага кодэксу, “выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней чым за два месяца да заканчэння тэрміна паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта”.
“Увесь адлік вядзецца ад дня інаўгурацыі. 8 красавіка 2006 года прэзідэнт заступіў на пасаду. Тэрмін паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі сканчаецца 8 красавіка 2011 года Адпаведна, выбары павінны быць прызначаныя Палатай не пазней 8 лістапада і адбыцца не пазней за 8 лютага, а з улікам нядзелі — не пазней 6 лютага. Гэта крайняя дата. Але ў парламента ёсць канстытуцыйнае права прызначыць выбары і раней. Паўтаруся, раней не забаронена”, — падкрэсліў у інтэрв’ю TUT.BY Мікалай Лазавік.
“Глеба для маніпуляцый”
Заслужаны юрыст Беларусі, экс-намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда (1994-96) Валеры Фадзееў пацвярджае, што фармулёўкі адносна прызначэння тэрміну прэзідэнцкіх выбараў ідэнтычны ў Канстытуцыі і Выбарчым кодэксе. “Вызначана толькі крайняя дата. Гэта значыць, што выбары можна прызначыць і за год да яе”, — кажа эксперт у інтэрв'ю TUT.BY. На думку Фадзеева, “лепш, каб у законе была пазначана не толькі крайняя, але і ранняя дата. Цяперашняя сітуацыя стварае глебу для маніпуляцый”.
У травеньскім інтэрв’ю Reuters прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Пэўную дату выбараў я вам назваць не магу — мы пра гэта проста не думалі. Але я схіляюся да таго, што гэтыя выбары павінны прайсці напачатку будучага года".
Нагадаем, што ў Беларусі ўжо ёсць досвед раптоўнага абвяшчэння выбараў. Гэтак, у 2006 годзе выбары чакалі ў ліпені, аднак Палата прадстаўнікоў на пазапланавым паседжанні аднагалосна прагаласавала за прызначэнне “дня Х” на сакавік, што стала непрыемнай неспадзяванкай для апазіцыі.
Праўда, Валеры Карбалевіч не думае, што магчымае прызначэнне выбараў на снежань неяк паўплывае на шанцы кандыдатаў ад апазіцыі, “якія і так невялікія”. “Няма адзінага кандыдата, няма надзеі і веры, што можна змагацца за ўладу. Апазіцыя ідзе на гэтыя выбары пад слоганам “не дагнаць, а толькі сагрэцца”.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное