Прэм’ера Румаса прызначылі, не спытаўшы згоды дэпутатаў
Гэта законна?
Указ аб прызначэньні Сяргея Румаса на пасаду прэм’ер-міністра ўжо апублікаваны. У ім ёсьць спасылка на п.6 арт. 84 Канстытуцыі Беларусі: прэзыдэнт прызначае прэм’ер-міністра са згоды Палаты прадстаўнікоў, пiша Радыё Свабода.
Ды Палата пакуль афіцыйна не выказвала згоды адносна кандыдатуры ўжо прызначанага прэм’ера. Сярод іншых гэта адзначыў Дзяніс Ціханенка, памочнік дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганны Канапацкай.
Ва ўказе ёсьць словы «прызначыць (…) з наступным узгадненьнем ягонага прызначэньня з Палатай прадстаўнікоў». Ды ў Канстытуцыі няма словаў «з наступным узгадненьнем» — толькі «са згоды». Без удзелу ніжняй палаты нельга нават прызначаць выканаўцу абавязкаў прэм’ера, а Румаса называюць не «в. а.», а паўнавартасным прэм’ер-міністрам.
Такім жа чынам, без папярэдняй згоды дэпутатаў, прызначалі папярэдняга прэм’ера Андрэя Кабякова.
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў кажа Свабодзе, што «паводле юрыдычнай лёгікі» сапраўды спачатку неабходна атрымаць згоду Палаты прадстаўнікоў, толькі пасьля выдаваць указ аб прызначэньні прэм’ера. Такой працэдуры, кажа ён, прытрымліваюцца ва ўсіх эўрапейскіх краінах.
— У нас завядзёнка такая склалася, што прэзыдэнт ня лічыцца зь меркаваньнем суб’ектаў, якія мусяць браць удзел у фармаваньні ўраду, рашае пытаньні асабіста, — адзначае Пастухоў Свабодзе. — На мой погляд, гэта істотнае парушэньне Канстытуцыі, якое прыводзіць да таго, што нельга лічыць законным прызначэньне прэм’ер-міністра.
Працэдура прызначэньня прэм’ера, кажа Пастухоў, мусіць быць такой: у парлямэнце мае прайсьці абмеркаваньне прычынаў адстаўкі папярэдніка і праграмы дзейнасьці кандыдата, выступ кандыдата ў прэм’еры з праграмай дзейнасьці… Працэс «не такі хуткі і не такі просты, як нам спрабавалі прадставіць», дадае ён.
Ці магчыма выправіць «збой» з прызначэньнем чалавека на пасаду, другую па значнасьці ў дзяржаве? Пастухоў мяркуе, што тэарэтычна «можна выкруціцца», «юрысты могуць знайсьці выйсьце зь любой сытуацыі».
— Але ў дадзеным выпадку гэта ўжо канстатавана, даведзена да грамадзкасьці, – рэзюмуе Пастухоў прызначэньне прэм’ера ў абыход Палаты прадстаўнікоў. – Цяпер даваць задні ход будзе непрыгожа. Сытуацыю можна было бы як-небудзь выправіць, але ня думаю, што кіраўнік дзяржавы будзе зьвяртаць увагу на такія «дробязі» ў двукосьсі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное