«Праз год могуць прызначыць новыя прэзідэнцкія выбары»

Карняенка будзе ўгаворваць Мілінкевіча ставіцца усур’ёз змагацца на бліжэйшых выбарах, Раманчук раіць яму не займацца псеўдапалітыкай і сыйсці з дыстанцыі, Рымашэўскі назваў заявы лідэра руху «За свабоду» стратэгічнай памылкай, а Міхалевіч слоў Мілінкевіча не пачуў.

На абласной канферэнцыі дэмакратычных сіл у Магілёве Аляксандр Мілінкевіч агучыў, што сёння з’яўляецца галоўным для дэмакрытычных сіл краіны – падрыхтоўка да тых прэзідэнцкіх выбараў, якія будуць прызначаныя пасля таго, як улада вымушана будзе сыйсці. Праўда, не ўдакладніў, калі, па яго меркаванні такія выбары могуць адбыцца. Але дадаў, што зараз выбараў усё адно не будзе, ніхто не стане сапраўды лічыць галасы.

Намеснік лідэра руху “За свабоду” Віктар Карняенка згодны, з тым, што прэзідэнцкія выбары не будуць дэмакратычнымі. Але і здавацца ён Мілінкевічу не раіць.

Віктар Карняенка: “Умовы для дэмакратычных выбараў, безумоўна, не падрыхтаваны. Няма заканадаўчых гарантый на дэмакратычныя працэдуры і гэтак далей. Але я думаю, што ў бойку трэба ўвязвацца з вельмі сур’ёзным настроем. Таму я не падзяляю такую думку, што на гэтых выбарах нічога не будзе вырашацца, а вот на наступных... Тут, магчыма, мы разыходзімся. Я буду настройваць, наколькі гэта магчыма, спадара Аляксандра на вельмі сур’ёзную барацьбу”.

Не згодны без бою аддаваць гэтыя выбары і прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў: “Адназначна скажу, што падыход да гэтай выбарчай кампаніі ў нас цалкам сур’ёзны. Тым больш, што партыя доўгія гады ўсур’ёз не ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях. Таму падыход вельмі сур’ёзны, і мы настроеныя на перамогу”.

А намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук раіць Мілінкевічу з такім настроем увогуле адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкім марафоне, не займацца псеўдапалітычнай актыўнасцю і не падманваць людзей.

Яраслаў Раманчук: “Гэта велізарная памылка Аляксандра Мілінкевіча — што ён не збіраецца ўсур’ёз удзельнічаць. Лепш яму ўвогуле сысці і не падманваць людзей. Ісці проста, каб “сагрэцца” і падмануць людзей — гэта несумленна і проста сорамна”.

І патлумачыў, чаму пазіцыя лідэра руху “За свабоду” падаецца яму непрымальнай.

Яраслаў Раманчук: “На гэтых выбарах мы маем велізарны шанец перамагчы, прымусіць улады да капітуляцыі, да таго, каб лічыцца з дэмакратычнымі сіламі. І тым людзям, якія выкарыстоўваюць гэтую кампанію для нейкіх сваіх прыватных мэтаў, я б параіў рабіць гэта ў межах грамадскіх ініцыятыў. Гэта было б больш сумленна”.

Падтрымаў калегу і кандыдат на прэзідэнцкую пасаду, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі: “Немагчыма займацца нейкай справай не ўсур’ёз. Асабліва калі ты займаешся палітыкай і ідзеш да людзей. Калі мы ідзем на прэзідэнцкія выбары, то, мякка кажучы, няправільна і памылкова казаць пра нейкія наступныя выбары. Гэта стратэгічная памылка, і яе робяць некаторыя кандыдаты. Такая пазіцыя вельмі слабая, і яна асуджаная на паразу. Трэба ўсур’ёз змагацца тут і цяпер. Калі мы ідзем на прэзідэнцкія выбары, то ідзем, каб змагацца за ўладу”.

На гэтай канферэнцыі ў Магілёве прысутнічаў і яшчэ адзін палітык з прэзідэнцкімі амбіцыямі — Алесь Міхалевіч. Праўда, палітык запэўніў, што такога выказвання Мілінкевіча не чуў. Як не чуў нічога падобнага і ад іншых палітыкаў, якія заявілі аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай гонцы. Сам ён сур'ёзна ставіцца да кампаніі і ўпэўнены, што 20% выбаршчыкаў аддадуць за яго свае галасы.

Алесь Міхалевіч: “Я заўсёды казаў, што гэтыя выбары вельмі важныя і што з’яўляюцца шанцы перамагаць на гэтых выбарах”.

Пазьней Аляксандр Мілінкевіч у эфіры Еўрарадыё патлумачыў, што насамрэч ён меў на ўвазе, кажучы пра ўдзел у выбарах "пасля сыхода ўлады" і ў чым яго не так зразумелі.

— Вашыя словы наконт таго, што “трэба рыхтавацца не столькі да гэтых выбарах, сколькі да тых, якія будуць прызначаныя пасля таго, як улада вымушана будзе сыйсці”, былі зразуметыя намі так, што вы рыхтуецеся больш да выбараў, да прыкладу, 2015 года, чым да бліжэйшых. Чаму вы лічыце, што ўрад сыйдзе ў адстаўку?

— Я казаў некалькі не так. Я кажу, што на кожных выбарах трэба змагацца. Я гэта дэманстраваў сам асабіста. Нават калі не лічаць галасы, трэба ісці да людзей і мабілізаваць іх. Гэта абавязкова.

Я казаў пра тое, што мы мусім думаць і пра гэтыя выбары, і пра тыя, наступныя. І не 2015-2020 года. Выбары могуць здарыцца і праз поўгода, могуць здарыцца праз год.

— І чаму яны могуць здарыцца так хутка?

— Бо крызіс вялікі ў краіне, эканамічны крызіс. Шалёны ціск Масквы. І ўсё гэта можа прывесці да таго, што сённяшні ўрад, Лукашэнка адыйдуць.

І тады распісываюцца новыя выбары. Я пра іх кажу. Мы павінны да іх рыхтавацца сёння. Кожны дзень. Нават удзельнічаючы ў гэтых выбарах. І ў тых выбарах трэба будзе ўжо перамагаць у адкрытай барацьбе. У дэмакратычных, альбо поўдэмакратычных умовах.

І вось пытанне: “Ці сённяшняя апазіцыя, такая пасвараная, разваленая, не маючая адзінага кандыдата, ці яна ў стане выйграць у наменклатуры? У маскоўскага кандыдата?” Я пра гэта кажу.

— Вы лічыце сябе лідэрам прабеларускіх праеўрапейскіх сіл у Беларусі. Што тычыцца прабеларускасці, то тут усё зразумела — вы за суверэнную дзяржаву змагаецеся. Еўропа апошнія два-тры гады кажа, што рэжым Лукашэнкі можа ў пэўным сэнсе трансфармавацца. Рух "За свабоду", як праеўрапейскі, таксама лічыць, што беларускі рэжым здольны да трансфармацыі?

— Я не буду апраўдваць Еўропу — яна не дасканалая. І не адзіная ў сваіх поглядах і падыходах. І калі я кажу пра еўрапейскі шлах, гэта не значыць, што трэба сабраць беларусаў і весці некуды ў Брусэль. Гэта не азначае, што трэба быць лаяльным да Еўропы.

Калі я кажу пра еўрапейскі шлях Беларусі, я кажу пра тое, каб ісці да стандартаў жыцця. Мы застаемся тут, на месцы. Але хочам пабудаваць і дзяржаву, і грамадзянскую супольнасць. І Канстытуцыю мець такую, як у дэмакратычных краінах. Я пра гэта кажу. І калі не будзе ў нас такіх умоваў жыцця, справядлівага грамадства. Я ніколі не буду талерантным да рэжыма, калі ў нас у турмах сядзяць палітвязні, калі прыніжаецца годнасць чалавека, калі тармозіцца развіццё Беларусі — мы маглі быць зусім на іншым узроўні.

— А дыялог з гэтым рэжымам магчымы?

— А дыялог патрэбен. Бо ў Беларусі жыве не толькі Лукашэнка — у Беларусі яшчэ жыве амаль 10 мільёнаў беларусаў. І калі не праводзіць гэты дыялог, то мы ўсе прызямлімся на парашуце ў Смаленскай вобласці ў Расіі.