Общество
Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Раство Хрыстова

Святочныя набажэнствы прайшлі ў ноч на 7 студзеня ва ўсіх праваслаўных храмах краіны.

Як адзначыў у сваім сёлетнім пасланні на Раство мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, у гэтую пару кожны вернік павінен задацца пытаннем, «што ж мы прыносім да ясляў, якія прынялі Неўмяшчальнага Бога», бо Госпаду «не патрэбныя ні наша слава, ні нашы матэрыяльныя дасягненні».

«Неабходна разумець, што там, дзе няма любові, узаемнай падтрымкі і адказнасці, гатоўнасці ўсё жыццё прынесці ў дар тым, каго любіш, там няма ні шчасця, ні радасці, ні паўнаты быцця», — гаворыцца ў пасланні.

Кіраўнік БПЦ паўтарыў словы патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла аб тым, што «адзіны гістарычны шлях» з моманту Хрышчэння Русі адкрыў перад людзьмі перспектыву будучыні, якая заключаецца ў «захоўванні і будаўніцтве нашай самабытнай цывілізацыі, щто абапіраецца на універсальны хрысціянскі падмурак і ўлічвае нацыянальныя пачаткі народаў».

Мітрапаліт Павел пажадаў хрысціянам «невычэрпнай ласкавай дапамогі Божай у працы на славу Беларускай праваслаўнай царквы, на славу Айчыны нашай — добраславёнай Белай Русі, на радасць усім нашым блізкім».

Паводле апошніх звестак (на 2008 год), больш за 80% усіх вернікаў у Беларусі — праваслаўныя хрысціяне. Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы сёння налічвае прыкладна паўтары тысячы прыходаў у 15 епархіях. Чатыры з іх — Мінская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая — аб`яднаныя ў Мінскую мітраполію. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Мінску і Віцебску, а таксама духоўныя вучэльні (Мінск, Слонім). У Беларускім дзяржуніверсітэце дзейнічае Інстытут тэалогіі. У краіне дзейнічаюць больш за 1,1 тысячы праваслаўных храмаў, больш за 100 цэркваў будуюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)