Общество
Вольга Слуцкая

Праваабаронцу і журналіста асудзілі на суткі і аштрафавалі за дробнае хуліганства (дапоўнена)

Журналісту Алегу Баршчэўскаму вынеслі прысуд — 10 сутак адміністратыўнага арышту. Праваабаронца Вольга Карач аштрафаваная на 20 базавых велічынь. Суд Фрунзенскага раёна прызнаў іх вінаватымі ў дробным хуліганстве. Працягваюцца працэсы над яшчэ двума затрыманымі правабаронцамі — Паўлам Левінавым і Паўлам Станеўскім.

У аўторак іх затрымалі на кватэры дачкі праваабаронцы Валерыя Шчукіна, дзе той святкаваў свой дзень нараджэння. Спачатку іх перапісалі, а потым заявілі, што хочуць праверыць кватэру на наяўнасць зброі. Калі Шчукін папрасіў прад'явіць ордэр на вобшук, супрацоўнікі міліцыі ўзялі пад'езд у аблогу. Паводле словаў стражаў парадку, іхні візіт да Шчукіна звязаны з расследаваннем крымінальнай справы аб тэракце.

З 14 затрыманых у пастарунку пакінулі чацвярых – Паўла Левінава, Вольгу Карач, Алега Баршчэўскага і Паўла Станеўскага.

Прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місіі па правах чалавека Аляксандр Мнацаканян паведаміў карэспандэнту «Салідарнасці», што супрацоўнікі Фрунзенскага аддзялення міліцыі запэўнілі, нібыта ўсе грамадскія актывісты, затрыманыя на кватэры Шчукіна, знаходзяцца ў пастарунку добраахвотна. Потым на Левінава склалі пратакол затрымання на падставе арт. 359 ч. 3 Крымінальнага кодэксу.

Цікава, але такой часткі ў артыкуле 359 у Крымінальным кодэксе папросту няма.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», ужо ўвечары 19 красавіка начальнік Фрунзенскага РУУСа паведаміў старшыні БХК Алегу Гулаку, што, аказваецца, Павел Левінаў быў затрыманы на падставе артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Тое ж датычыцца і і яшчэ трох затрыманых – Вольгі Карач, Алега Баршчэўскага і Паўла Станеўскага.

Старшыня Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак лічыць сітуацыю вакол затрымання Левінава абсурднай.

– Па-першае, некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, верагодна, забыліся, што ёсць права, законы. Яны парушаюць правы грамадзян грубейшым чынам, – адзначыў у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» Алег Гулак. – І гэты «цуд» з юрыдычнага пункту гледжання не адзінкавы выпадак, а сістэма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)