Филин

Ірына Дрозд

Праваабаронца: «Колькі вяроўка ні цягнецца, але канец у яе будзе. І гэта таксама вельмі дакладна трэба ўсведамляць усім»

Алена Маслюкова — пра цёмнае і светлае, і тое, што прыйдзе на змену бязмежжа беззаконня.

Новы 2023 год пачаўся ў Беларусі з шэрагу гучных судовых працэсаў — над праваабаронцамі, сярод якіх Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, рэйкавымі партызанамі, супрацоўнікамі T*T.BY.

У той жа час канвеер рэпрэсій не спыняецца, а, наадварот, здаецца, набірае абароты крывавага тэрору. У краіне працягваюць масава забіраць самых розных людзей. Сілавікі працягваюць здзекавацца над затрыманымі, кожны раз даказваючы, што іх зверствам няма мяжы.

У гэтых умовах амаль здзекліва гучыць назва года, які ўлады горда абвясцілі — «годом мира и созидания».

З праваабаронцаю Аленай Маслюковай Філін абмеркаваў страшныя тэндэнцыі новага года і паспрабаваў намацаць хоць крышачку надзеі.

Алена Маслюкова

— Год пачаўся з шэрагу гучных судовых працэсаў, як лічыце, ці выпадкова гэта?

— Наўрад ці гэта атрымалася адмыслова, каб сабраць усе гэтыя працэсы на канец года ды пачатак наступнага.

Тут трэба глядзець значна шырэй і глыбей. Усё гэта пачалося менавіта тады, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Марудна і паступова, але вельмі мэтанакіравана чалавек прыбіраў да сваіх уласных рук усе галіны ўлады, падпарадкоўваў іх сваёй выканаўчай.

Таму тое, што мы сёння маем, гэта заканамернае завяршэнне ўсталявання дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

Мы ведаем, што дыктатары ніколі не трымалі побач з сабой людзей, якія з імі не пагаджаліся, якія маюць асабістыя меркаванні, якія стаяць на абароне правоў чалавека.

Безумоўна, усе людзі, якія патрапілі пад молат і прэсінг цяперашняй улады, якраз і ёсць паказчык таго, наколькі моцна імкнецца дзяржава ціснуць на вальнадумства, на іншадумства.

Мы ведаем, што ў гісторыі заўсёды так было: усе вальнадумцы пераследа валіся. І ў Беларусі паступова ішлі зачысткі, асабліва актыўна цягам двух апошніх год. Яны і працягваюцца.

Калі назіраць увогуле за працэсам, то мы бачым цэлае пакаленне, якое вырасла пры кіраванні гэтай персоны. Але нават яны зразумелі, што нармальная дэмакратычная краіна, нармальнае дэмакратычнае грамадства ў такім стане развівацца не можа. Яно павінна мадэрнізавацца, змяняцца. І таму людзі выйшлі выказаць свой пратэст.

І вось гэтыя пратэсты, з аднаго боку, напалохалі ўладу, а, з іншага, далі ім пасыл: калі вы не знішчыце іх, то рана ці позна яны знішчаць вас. І тыя рэпрэсіі, якія адбываюцца ў краіне, гэта якраз рэакцыя ўлады на вальнадумства.

Спачатку яны прыбралі тых людзей, якія ўяўлялі сабой пагрозу толькі ў канкрэтны момант. Зараз ідзе больш глыбокая зачыстка, яны прыбіраюць вольных журналістаў, настаўнікаў, актывістаў, праваабаронцаў.

З аднаго боку, гэта імкненне пазбавіцца ад іх, з другога — напалохаць грамадства і ціснуць на яго.

— Вы згадалі жудасную логіку, якая кіруе прыхільнікамі ўлады: калі не мы іх, то яны нас. Сапраўды можна назіраць вельмі жахлівыя тэндэнцыі. Сталі моцна збіваць людзей, не толькі мужчын, але і жанчын, забіраюць цэлымі сем’ямі, потым шантажуюць, знішчаюць дакументы, звязаныя з іншымі краінамі.

Яшчэ больш пагаршаюцца невыносныя ўмовы ў ІЧУ. Вельмі агрэсіўна сталі рэагаваць на падпіскі на ўкраінскі кантэнт, хоць ён у нас не забаронены. Здаецца, што ўсё ідзе да самага горшага…

— Забіваць людзей для гэтай улады — не новае. Мы ўсе памятаем Красоўскага, Ганчара, Захаранку. Мы памятаем, як заўсёды здзекаваліся над кандыдатамі ў прэзідэнты. Гэта асоба, якая не уцерпіць побач з сабою ніякай канкурэнцыі.

Тое, што ўлада выкарыстоўвае такія недазволеныя метады, гэта якраз такі паказальнік не сілы гэтай улады, а слабасці. Гэта трэба ўсвядоміць.

У моцнага чалавека ёсць разумныя лагічныя аргументы, ён не стане сваіх апанентаў прыніжаць, уплываць на іх фізічна. Сёння проста фізічна вынішчаюць людзей.

Так, сёння ты будзеш вынішчаць, а што ты будзеш рабіць заўтра?

— Вы ўжо адзначалі, што нават у параўнанні з 2020 і 2021 годам адносіны сілавікоў, суддзяў да людзей становяцца больш жорсткімі. Ці звяртаюцца да вас ахвяры дагэтуль?

— Безумоўна. Калі ўлады думаюць, што гэты прававы і фізічны гвалт і здзекі яны могуць працягваць, гэта не значыць, што яны не зафіксаваныя.

Кожны факт, які становіцца вядомым грамадству, становіцца вядомым і праваабаронцам. Так, як яны сабе ўяўляюць, нельга абыходзіцца з людзьмі, нават калі яны сапраўдныя злачынцы.

Мы ўсё канстатуем, і ў пэўны час кожны, хто спрычыніўся да гэтых злачынстваў, да парушэння правоў чалавека, будзе мець персанальную адказнасць.

Па тых законах, якія зараз яны ўжываюць у адносінах да невінаватых людзей, будуць судзіць і іх саміх. Колькі вяроўка не цягнецца, але канец у яе будзе. І гэта таксама вельмі дакладна трэба ўсведамляць усім.

Ніхто ж не прымушае таго ж ахоўніка ў следчай турме альбо ў СІЗА, альбо ў ІЧУ здзекавацца, збіваць. Лукашэнка ж асабіста не прыйшоў і не сказаў яму: бяры і збівай. Ён вінцік, частка гэтай сістэмы са сваёй ініцыятывай.

І мы ведаем, што не ўсе пагаджаюцца з сістэмай. Колькі мужных сумленных людзей, якія адказаліся выконваць нейкія загады, адказаліся праяўляць ініцыятыву, таксама знаходзяцца ў турмах. Гэта наш гонар сёння.

Пра шмат каго мы яшчэ не ведаем, таму што сваякі пакуль баяцца апублічваць. Але ж зараз можна ўжо і ананімна перадаваць нам інфармацыю, і калі мы гаворым пра ананімнасць, мы яе гарантуем.

Але збіраць інфармацыю трэба, і мы працягнем гэта рабіць.

Трэці год пайшоў, як не прыпыняюцца рэпрэсіі, але не прыпыняецца і супраціў. Рэпрэсіі нарастаюць, людзей трымаюць больш за год у СІЗА, масава асуджаюць за выказванні ў сацсетках.

І гэтыя выказванні, якія нягледзячы на такі страшэнны ціск, людзі ўсё роўна робяць у адрас чыноўнікаў і сілавікоў, і ёсць паказчык таго, як насамрэч да іх адносяцца.

— Калі казаць пра вайскоўцаў ды сілавікоў, то атрымліваецца, што гэтыя людзі, якія пастаянна дэманструюць нейкія свае нібыта дасягненні, ствараюць нейкія спецпадраздзяленні, праводзяць дзясяткі вучэнняў і трэніровак, яны ж прыходзяць на суды і скардзяцца, што іх пакрыўдзілі дзяўчыны, жанчыны, нехта паглядзеў не так. Гэта выглядае недарэчна.

— Таму іх і называюць у народзе «слабавікамі». І калі людзі масава такім чынам рэагуюць, трэба было б паставіць пытанне перад сабой: можа я ў чым не маю рацыі, калі да нас так адносяцца? Але цяперашняя ўлада і гэтыя так бы мовіць сілавікі такімі пытаннямі задавацца не будуць.

Яны працуюць на ціск, прыгнёт, таму што іншага механізму дзеянняў проста не разумеюць. Яны разумеюць толькі абразу і ціск.

— Ёсць меркаванне, што яны якраз усё разумеюць і менавіта таму сябе так паводзяць, то бок яны гатовыя ісці да канца, бо ў іх няма выбару.

— Па вялікім рахунку гэта так. Яны сапраўды разумеюць, што нарабілі злачынстваў ужо на такія вялікія тэрміны, што ў іх застаецца толькі адзінае выйсце — знішчаць. Таму ў нас за забойства чалавека даюць меншыя тэрміны, чым за спалены кіёск.

Але дыялектыка жыцця на тым і будуецца, што калі ёсць цёмнае, то абавязкова мусіць быць светлае. І калі зараз ёсць гэта бязмежжа беззаконня, то, безумоўна, на змену прыйдуць святло, дэмакратыя, павага да чалавека і да яго правоў.

Свабода, роўнасць, незалежнасць заўсёды прыходзяць праз змаганне. Так адбываецца ў гісторыі, што нікому яно не звалілася з неба.

Адзінае, што вельмі шкада гэтых згубленых гадоў жыцця. Для кожнага канкрэтнага чалавека.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(27)