Филин

Вікторыя Захарава

Праваабаронца: «Асноўная задача апошніх захадаў ўладаў — напужаць»

Беларусаў зноў пагражаюць пазбаўляць грамадзянства «за экстрэмізм».

Днямі ў Савеце Рэспублікі «экспертная рада» на чале з Наталляй Качанавай абмеркавала чарговыя змены ў закон «Аб грамадзянстве». Адзін з захадаў, прапанаваных «экспертамі», — увесці норму аб страце грамадзянства на падставе прысуду, які пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці, альбо нанясенне цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы, калі такі чалавек знаходзіцца за мяжой.

З мінулага года тыя, хто набыў беларускае грамадзянства у парадку натуралізацыі, могуць быць яго пазбаўленыя за шэраг злачынстваў, у тым ліку экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць. І хоць гэта супярэчыць Асноўнаму закону Беларусі, Канстытуцыйны суд парушэнняў не ўбачыў.

Зразумела, што ўлады імкнуцца атрымаць яшчэ адзін рэпрэсіўны інструмент. Да якіх наступстваў гэта прывядзе і чым пагражае беларусам — тым, хто ў краіне і за мяжой, Филин абмеркаваў з праваабаронцай Настай Лойкай.

— Прапанова пазбаўлення грамадзянства, звязаная з экстрэмізмам, з’явілася год таму, — нагадвае экспертка, — і ў цяперашняй ініцыятыве бачыцца яе лагічны працяг. Бо акурат тады з’явіўся каментар ГУБАЗіК, што ім гэтага мала і яны хочуць пазбаўляць і грамадзянства, якое было атрымана ад нараджэння. Таму чагосьці падобнага мы чакалі.

Працоўная група, якая рыхтуе змены, у нейкі момант аформіць законапраект і яго перададуць у парламент — а там няма сумневаў, што абедзве палаты парламенту яго прымуць, Лукашэнка падпіша, а Канстытуцыйны суд прызнае законным.

— У нас ёсць яшчэ трошкі часу — думаю, пару месяцаў, як мінімум, гэтая працэдура зойме. Аднак, па агульных правілах, закон працуе з моманту, калі ён уступае ў сілу — і гэта значыць, што ўжываць працэдуру ў дачыненні да канкрэтнага чалавека можна толькі тады, калі ягоны суд адбыўся, і прысуд уступіў у сілу пасля пачатку дзеяння закону.

На практыцы, баюся, гэта можа быць так сфармулявана, што чалавека пазбавяць грамадзянства, нават калі яго асудзілі раней, то бок закон у нейкім выглядзе будзе мець адваротную сілу, — мяркуе экспертка, дадаючы, што гаворка ідзе пра вялікую колькасць беларусаў (да тысячы чалавек).

Дагнаць і перагнаць СССР

Што да самога грамадзянства, тут усё досыць проста: ёсць артыкул 15 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і ёсць 10 артыкул Канстытуцыі Беларусі аб тым, што кожны чалавек мае права на грамадзянства і ніхто не можа быць адвольна яго пазбаўлены.

— Гэтае права не абсалютнае, — удакладняе суразмоўца «Филина», — яно можа быць абмежаванае. Напрыклад, у Францыі ёсць такая практыка, але такія выпадкі былі заўжды звязаныя з працэдурай натуралізацыі, з падманам ці падробкай дакументаў пры гэтым, і г.д.

Яшчэ да падзей 2020 года Беларусь мусіла ратыфікаваць Канвенцыю аб безграмадзянстве, якая накіроўвае дзяржаву на скарачэнне і прадухіленне безграмадзянства, бо такі статус абмяжоўвае чалавека ў шэрагу магчымасцяў — выезду за мяжу, атрымання візы, пошуку працы, жылля і г.д. Але ў выніку ратыфікацыі не адбылося.

Дакладна прапісаных нормаў, што адбываецца, калі хтосьці ў Беларусі страчвае грмадзянства, наўпрост не існуе. Па факце, каб знаходзіцца на тэрыторыі краіны, чалавеку патрэбны адмысловы дазвол дзяржавы — від на жыхарства, часовая рэгістрацыя і да т.п., інакш ён па сутнасці бяспраўны, у падвешаным стане, і моцна залежыць ад волі самой дзяржавы.

Ініцыятыва ўладаў, мяркуе Наста Лойка, скіраваная ў першую чаргу на тых беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі краіны — вельмі хочацца дзяржаве абмежаваць «здраднікаў» у правах, для чаго ўводзіцца і завочная судавытворчасць, і верагоднае пазбаўленне грамадзянства.

— Што да тых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, практыка склалася так, што пасля адбывання пакарання міграцыйныя службы могуць чалавека выслаць, і часцей за ўсё так і рабілі. А калі чалавек без грамадзянства — атрымліваецца, яго могуць выслаць толькі ў тую краіну, што пагодзіцца яго прыняць. Тут шмат пытанняў і нявызначаных момантаў, і, як мне падаецца, у гэтым выпадку дзяржава сама ўскладняе сабе ўсю задачу.

Ці магчыма, што разлік робіцца на тое, каб пазбавіць беларуса грамадзянства і змусіць яго самога пакінуць краіну, абмежаваўшы шэраг правоў — доступ да медабслугоўвання, адукацыі, набыццё нерухомасці? Праваабаронца не выключае і такога варыянту:

— Усе апошнія захады ўладаў маюць рэпрэсіўны характар, мы не ведаем, як яны будуць працаваць на практыцы, але асноўная іх задача — напужаць. Відавочна, гэта адна з формаў грамадзянскай вайны, пераследу ўсіх, хто не падтрымлівае афіцыйную ідэалогію. Хаця, думаю, гэта не зусім дальнабачна, бо за мяжой людзі могуць працягнуць актыўна штосьці рабіць, не баючыся, як у Беларусі, крымінальнага пераследу і ціску.

Дарэчы, нагадаем, што беларускія «навелы» — цалкам сабе калька з савецкіх уладаў, якія ў свой час пазбаўлялі грамадзянства дысідэнтаў (так, пісьменнік Аляксандр Салжаніцын быў высланы за «здраду Радзіме» у ФРГ, спявачка Галіна Вішнеўская і яе муж, дырыжор Мсціслаў Растраповіч — пазбаўленыя грамадзянства за «дзейнасць, што ганьбіць званне грамадзяніна СССР», рэжысёр Юрый Любімаў — за крытыку ўладаў). Што праўда, нікога з іх улады не рызыкнулі назваць тэрарыстамі, і ў гэтым сэнсе Беларусь пераўзышла папярэдніка.

«Экстрэмісцкая» выспа стабільнасці

Важная акалічнасць, на якую звяртае ўвагу экспертка: Беларусь — адзіная краіна ў свеце, якая выкарыстоўвае тэрмін «экстрэмізм» для пераследу іншадумства. І з 2020 года пералік дзеянняў і артыкулаў КК і КоАП, паводле якіх чалавека могуць прызнаць «экстрэмістам», істотна пашырыўся — таму нават за палітычнае графіці, якое праходзіць па артыкуле «Псаванне маёмасці», чалавек можа быць уключаны ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

— Мы рэгулярна робім агляды, за што беларусаў прызнаюць «экстрэмістамі», і бачым такую тэндэнцыю, што гэты статус атрымаць усё прасцей, — гаворыць Наста Лойка. — Калі раней за распаўсюд улётак прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, то цяпер, калі гаворка пра антываенныя ўлёткі — распачынаюць крымінальныя справы за «распальванне варожасці». Заканадаўства робіцца больш жорсткім — узгадаем, у маі 2022-га быў пашыраны пералік падставаў для смяротнага пакарання.

Яшчэ адна тэндэнцыя — вельмі шмат крымінальных справаў, асабліва ў дачыненні да людзей з паўднёвай часткі Беларусі, звязаных з перадачай інфармацыі аб перасоўванні расійскіх войскаў. Перасылка фота, фідэа ў тэлеграм-канал можа быць абвешчана «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці» або «ўдзелам у экстрэмісцкім фармаванні».

Не дзіва, што колькасць «экстрэмістаў» у Беларусі імкліва расце — са жніўня-2020 па сярэдзіну красавіка-2022, паводле інфармацыі Следчага камітэта, у Беларусі было зафіксавана больш 8,5 тысяч «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці» (а імі могуць прызнаць нават абразлівы каментар у дачыненні да службовай асобы ці, зноў жа, графіці). У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на канец чэрвеня — 416 тэлеграм-каналаў, а ў спісе асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці — 426 чалавек (з іх 286 — за апошнія 3 месяцы). Многія з гэтых людзей у перспектыве, калі ініцыятыва ўладаў рэалізуецца, могуць быць пазбаўленыя грамадзянства.

Што могуць у такіх умовах зрабіць праваабаронцы? У Беларусі, з сумам канстатуе Наста Лойка, амаль нічога, бо праваабарончыя механізмы ўнутры краіны цяпер амаль не працуюць. Складана і з міжнароднымі інструментамі:

— Мы шмат чаго не ратыфікавалі і шмат куды не далучыліся. Таму, напрыклад, не можам звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ), бо Беларусь не ратыфікавала Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодах.

Адзінае, што можна выкарыстоўваць — гэта механізмы ААН, два органы: Камітэт па правах чалавека і Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Прычым у апошнім выпадку нават ёсць прэцэдэнты, калі Беларусь рэальна выконвала прынятыя рашэнні, а па Камітэце па правах чалавека мне вядома толькі пра адно выкананае ў Беларусі рашэнне з больш як 200.

Тым не менш, лічыць Наста Лойка, гэтымі механізмамі трэба карыстацца, каб фіксаваць новыя тэндэнцыі і паступова ціснуць на змяненне шэрагу прынятых нормаў і практык.

Акрамя таго, зазначае экспертка, беларусы мусяць узважваць свае рызыкі і больш актыўна паведамляць праваабаронцам пра крымінальныя справы, частка якіх застаецца па-за ўвагай грамадскасці.

— Трэба ўсё ж агучваць, не маўчаць пра такія выпадкі, каб іншыя ведалі, што сілавікі могуць палічыць «актам тэрарызму». Варта займаць праактыўную пазіцыю: падтрымліваць людзей, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, салідарызавацца, наколькі гэта бяспечна і наколькі ёсць сілы. Магчыма, гэта адзінае, што рэальна можна зрабіць сёння, — канстатуе Наста Лойка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)