Праваабаронцы паведамляюць пра ператрусы па ўсёй Беларусі

Ад самай раніцы 1 снежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы. У Мінску з вобшукамі прыйшлі мінімум да 10 чалавек.

Таксама праваабаронцы паведамляюць пра петратрусы ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна, у актывістаў з Віцебска Уладзіміра Кійко і Мікалая Качурца, а таксама ў крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага.

У Гомелі прыйшлі да журналісткі Ларысы Шчыраковай, а пасля ператрусу яе павезлі на допыт. У ДФР яна адмовілася сведчыць супраць сябе. У выніку ў журналісткі забралі тэлефон, фота і відэаабсталяванне, назапашвальнікі інфармацыі (вінчэстары, флэшкі).

Адбываецца ператрус у Васіля Палякова — гомельскага палітыка і грамадскага дзеяча АГП. Пасля яго сканчэння ён застаўся на волі. Зараз Палякоў дома, тэлефон яго забралі.

Раніцай 1 снежня прайшоў ператрус у гарадзенскай журналісткі Надзеі Віцінай. Яна затрыманая як сведка «па нейкай справе, у якім фігуруе яе асабістая перапіска».  Пазней яе вызвалілі.

У Брэсце раніцай супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Алены Жушма.

Таксама вядома пра ператрус у рэчыцкага актывіста Алега Карбалевіча. Сілавікі забралі яго кампутар, а яго павезлі ў РАУС.     

Супрацоўнікі УДФР КДК па Магілёўскай вобласці таксама каля сямі раніцы правялі ператрус у праваабаронцы Барыса Бухеля. Затым яго адвезлі на допыт у якасці сведкі. У дадзены момант ён на волі, у яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

У Брэсце сілавікі прыйшлі да Вольгі Малайчык. Таксама на сувязь не выходзяць мінімум тры чалавекі.

У Рэчыцы знікла сувязь з кіраўніком мясцовай суполкі КХП БНФ Аляксандрам Рыбчанковым.

Сталі вядомыя падрабязнасці ператрусу ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна.

Уладзімір Целяпун

Раніцай супрацоўнікі міліцыі правялі вобшук на лецішцы Уладзіміра, а цяпер паехалі на яго кватэру. Тэхніку пасля ператрусу не забіраюць, а толькі значыкі «Вясны», кнігі, паштоўкі і плакаты.
Прадстаўнікі якога ведамства праводзіць ператрус — пакуль невядома.

У Брэсце да пенсіянеркі Алены Гнаўк зноў прыйшла міліцыя, у яе збіраюцца забраць тэхніку і тэлефон.

Алена Гнаўк паведаміла, што сёння да яе прыйшлі з чарговым «аглядам», супрацоўнікі міліцыі ў «чарговы раз патрабуюць аргтэхніку і тэлефон».

Падставай для «агляду», піша Гнаўк, стаў яе «ролік у абарону курдскай сям'і».

Затрыманы раніцай крычаўскі незалежны журналіст Сяргей Няроўны — на волі, паведамляе @bajby.

У яго правялі два ператрусы, пасля чаго дапыталі. Падчас ператрусаў забраныя носьбіты інфармацыі. Нагадаем, месяц таму ў Сяргея Няроўнага міліцыя ўжо праводзіла ператрус.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.4 (оценок:29)