Общество
Аліна Таранік, фота з архіва ПЦ «Вясна»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» нарадзіўся на Чарнобыльскім шляху-96 (фота)

26 красавіка праваабарончаму цэнтру «Вясна» спаўняецца шаснаццаць год. Праваабаронца Таццяна Равяка распавяла «Салідарнасці», што падштурхнула да стварэння арганізацыі, як цкавалі на «вясноўцаў» і чаму не атрымалася адзначыць дзень народзінаў летась.

– Сення мы будзем адзначаць у працоўным парадку. Да гадавіны мы падрыхтавалі кнігу пра «вясноўцаў» і «Вясну». Хутка будзе святочная прэзентацыя, а сення ўсе ў працоўным парадку – такія часы, – распавяла Таццяна Равяка.

Кнігу «Наша «Вясна». Гісторыя ў асобах» збіраліся выдаць да пятнаццацігоддзя арганізацыі, але праз суды над затрыманымі пасля прэзідэнцкіх выбараў, праваабаронцам было не да святаў. У лістападзе 2011 года за кратамі апынуўся кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, і выданне кнігі зноў прыйшлося перанесці. «Фактычна, толькі зараз кніга пабачыла свет», – прызнаецца Таццяна Равяка.

– Гэта кніга і ўся справа «вясноўцаў» – дзяціна і вялікі ўнесак Алеся Бяляцкага. Мы хацелі б яшчэ раз звярнуць увагу на судовую справу Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязьняў, таму фармат прэзентацыі будзе шырэйшы, чым гадавіна з’яўлення асобнай праваабарончай арганізацыі. Будзе пэўная ацэнка правоў чалавека ў Беларусі, – паведаміла праваабаронца.

Пікет супраць існавання палітвязняў у Беларусі, 1998 год

Прэзентацыя мае адбыцца на наступным тыдні.

Што да гісторыі стварэння праваабарончага цэнтра «Вясна», упершыню людзі арганізаваліся для пошуку ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху ў 1996 годзе, затрыманых падчас акцыі.

– Тады ўпершыню былі масавыя затрыманні, і было незразумела, куды з дэманстрацыі пратэсту падзеліся 200 чалавек і дзе іх шукаць. З’явілася група людзей, якія зладзілі своеасблівы пошук. Гэта і стала момантам заснавання «Вясны». Затрыманых знаходзілі ў ізалятары на Акрэсціна. Дарэчы, тады ўпершыню ва ўжытку многіх з’явілася слова «Акрэсьціна», – распавяла Таццяна Равяка.

«Вясна» ў Гародні каля помніка Міцкевічу, 2005 год

26 красавіка 1996 года з’явілася праваабарончая арганізацыя з назвай «Вясна 96». 23-га лютага 1997 года яна была афіцыйна зарэгістраваная як Менскі праваабарончы цэнтр «Вясна-96», а ўжо праз год ліквідаваная. З таго часу пачаўся пераслед «вясноўцаў».

Пікет у абарону Шыдлоўскага і Плешчанкі, 1998 год

Закрыцце «Вясны» ў Вярхоўным судзе, 2003 год

Пікет супраць палітычных рэпрэсіяў, 1998 год

Пікет у падтрымку палітвязня Андрэя Клімава, 1998 год

Акцыя супраць гвалтоўных знікненняў, 2000 год. Упершыню «завялі моду» на партрэты зніклых, на фота партрэты на адмысловых накідках. З журналістам размаўляе Алесь Бяляцкі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)