Пратэстуючыя студэнты абвясцілі галадоўку

Як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’97, удзельнікі студэнцкай акцыі супраць адмены льгот Павал Вінаградаў, Вадзім Баравік, Павал Чумакоў, Павал Вільтоўскі і Аляксандр Баразенка абвясцілі галадоўку пратэсту. Сёння моладзевых актывістаў будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Да гэтага яны два дні правялі ў спецпрыёмніку-размеркавальніку ГУУС Менгарвыканкама.

Акцыя пратэсту студэнтаў супраць адмены льгот была жорстка разагнаная 1 чэрвеня ў Менску супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Блізу 100 чалавек правялі ў цэнтры горада шэсце-перфоманс. Моладзевыя актывісты неслі ў руках труну, на якой было напісанае “Льготы”. Наперадзе, па ўсіх традыцыях пахавальнай працэсіі, студэнты неслі ў чорнай рамцы вялікі льготны квіток для праезду ў грамадскім транспарце.

Маладыя людзі змаглі прайсці такім чынам сотню метраў — на іх накінуліся супрацоўнікі міліцыі. Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 відавочцы, амапаўцы дзейнічалі жорстка, валілі людзей на зямлю, выкручвалі рукі, збівалі дубінкамі і кулакамі.

Усіх затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС Менска. Пяцёра актывістаў былі дастаўленыя ў спецпрыёмнік-размеркавальнік ГУУС Менгарвыканкама да суду. У 4-ым гарадскім шпіталі знаходзіцца Ілля Шуст. Пасля збівання супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) медыкі зафіксавалі ў хлопца садно левай ныркі, садзені, падазрон на чэрапна-мазгавую траўму.

Нагадаем, што беларускі “парламент” гэтымі днямі прыняў законапраект, які пазбавіў большасць грамадзян Беларусі льгот, у тым ліку студэнтаў — льготнага праезду ў грамадскім транспарце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)