Пратэстанцкага пастара пакаралі трыма суткамі арышту
Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў пастара пратэстанцкай царквы Яна Хрысьціцеля Антонія Бокуна арыштам на трое сутак за правядзеньне несанкцыянаванага ўладамі набажэнства.
Антонія Бокуна затрымалі 3 чэрвеня падчас набажэнства, якое адбывалася ўва ўласным доме пастара.
Яго судзілі пасьля таго, як вынесьлі пакараньне затрыманым удзельнікам флэш-мобу супраць скасаваньня льготаў. Вернікі царквы, а таксама бацькі пастара, ягоная цяжарная жонка зь пяцігадовым сынам Адамам чакалі суду ад 10-й раніцы. Толькі а палове на восьмую пачаўся суд.
Антонія Бокуна абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага набажэнства. Пастар патлумачыў судзьдзі Тацяне Паўлючук, што ўлады дазвол на набажэнства не даюць, а вернікам трэба зьбірацца кожную нядзелю. Пастар у судзе патлумачыў, што тыдзень таму яго ўжо затрымлівалі і пакаралі штрафам 620 тысяч рублёў паводле аналягічнага абвінавачаньня.
Судзьдзя Тацяна Паўлючук пастанавіла ўлічыць тэрмін затрыманьня пастара ад нядзелі. Такім чынам, ён выйдзе на волю раніцай у сераду, 6 чэрвеня, у 11:45 раніцы.
Читайте еще
Избранное