«Прарасейскасьць беларусаў»: канец міту

«Калі чарговы раз нешта пачуеце аб «прарасейскай большасьці беларусаў», пакажыце ім фатаздымак пустой Кастрычніцкай плошчы, дзе меў быць мітынг прарасейскіх актывістаў Беларусі», – піша Севярын Квяткоўскі на Радыё Свабода.

Калі чарговы раз нешта пачуеце аб «прарасейскай большасьці беларусаў», пакажыце ім фатаздымак пустой Кастрычніцкай плошчы, дзе меў быць мітынг прарасейскіх актывістаў Беларусі. Гэты здымак як «джокер» у покеры перабіў камбінацыі расейскіх прапагандыстаў з «тузоў» і «каралёў».

Аргумэнт пра тое, што ў «рускамірцаў» Беларусі няма грошай плаціць штрафы за несанкцыянаваны мітынг, не вытрымлівае крытыкі. За ідэі людзі і за краты не баяцца трапіць. А ў «Россотрудничества» грошай хопіць на большае, чым штрафы. Дый як бы выглядаў перасьлед за мітынг падтрымкі інтэграцыі з Расеяй у часе сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна?

Я ўжо пяць гадоў, ад пачатку актывізацыі «ўкраінскіх падзеяў», чую аб «прарасейскіх настроях большасьці беларускага насельніцтва». «У нас (называецца невялікі раённы цэнтар) усе падтрымалі Пуціна ў Крыме! Значыць, і Беларусь здадуць!» — ледзь не крычыць інтэрнэт-актывіст у папулярнай сацыяльнай сетцы. А ў мяне перад вачыма цёткі, якія грудзьмі кідаліся на БТРы ўкраінскіх вайскоўцаў на Данбасе. А вайсковыя не адразу наважыліся ўжываць зброю, ім псыхалягічна было прасьцей тую зброю аддаць «мірнаму насельніцтву».

Калі пачынаеш удакладняць у беларускіх алярмістаў, ці будуць нашыя цёткі з раённых цэнтраў класьціся перад менскімі БТРамі за сваю мару жыць у Расеі, суразмоўцы ніякавеюць. Тут жа ўсплывае цікавая статыстыка. Прыблізна, з памяці: 60% падтрымалі «Крым наш», але толькі 3% за ўваход у склад РФ, а 25% гатовыя хоць сёньня ўзяць зброю для абароны незалежнасьці. Што ня так? Фактар мас-мэдыя. Зрабіце платнымі расейскія ТВ-каналы — іх аматары самастойна ў інтэрнэце не адшукаюць столькі хлусьні. З тэлевізарам прасьцей.

Сваю тэорыю я пацьвердзіў у часе справы «Рэгнуму», калі антыбеларускіх прапагандыстаў жорстка пакаралі за пэрсанальную крытыку Лукашэнкі як «галоўнага нацыяналіста». Нават «рускамірскія» актывісты ў сеціве прызналі, што расчараваныя пасіўнасьцю людзей, якія на словах «за Расею». Абсалютна легальна можна было прыйсьці падтрымаць «рэгнумцаў» у судовых залях.

Прыйшлі адзінкі. Ніякай заўважнай масавасьці не было. Кропку паставілі акцыі «дармаедаў» 2017 году, калі на мітынгах пару разоў спрабавалі крычаць прарасейскія лёзунгі, і гэтым актывістам удзельнікі мітынгаў — простыя рабацягі — прыкрывалі раты.

Так, безумоўна, ня варта заспакойвацца. Людзі бяз прынцыпаў альбо з нявызначанай пазыцыяй заўсёды прымушаюць быць у тонусе. Ніколі ня ведаеш, куды і ў выніку чаго хісьнецца маятнік. Але і перабольшваць «прарасейскасьць» суайчыньнікаў ня варта.

Массовая акция протеста белорусов против интеграции с Россией. Как это было

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(41)