Общество
Анастасія Зелянкова

Праляскоўскі дапамог вернікам парадамі

Сёння вернікі царквы “Новае жыццё” накіравалі скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд з просьбай вырашыць далейшы лёс будынка, у якім пакуль яшчэ месціцца пратэстанская суполка. Зрабіць гэта ўдзельнікам акцыі параіў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алег Праляскоўскі падчас сустрэчы з пастарам царквы Вячаславам Ганчарэнка.

— Мы ўжо неаднаразова звярталіся ў розныя судовыя інстанцыі, і вынік быў не на нашу карысць, — адзначаюць ў прэс-службе суполкі. — Гэта ж казаў і пастар падчас размовы з чыноўнікам. Між тым Праляскоўскі настойліва параіў зноў зрабіць тое ж самае. Ён падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы ведае пра сітуацыю. Паводле слоў Праляскоўскага, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава зацікаўленая ў вырашэнні гэтага канфлікту, але ўсё павінна адбывацца ў межах закона.

Падчас сустрэчы, якая працягвалася не больш за 15 хвілін, начальнік ідэалагічнага ўпраўлення выказаў занепакоенасць станам здароўя ўдзельнікаў акцыі і параіў вернікам спыніць галадоўку. На што пастар заўважыў, што не мае права аддаваць людзям загадаў. Самі ж вернікі заяўляюць, што будуць працягваць галадаць.

— Спадзяемся, гэта падштурхне чыноўнікаў да больш хуткага вырашэння праблемы, — адзначаюць у царкве. — Мінулы раз нашу скаргу ў Вышэйшым гаспадарчым судзе разглядалі 4 месяцы. Магчыма, зараз галадоўка паспрыяе паскарэнню гэтага працэсу. Мы настроены вельмі рашуча.

Як вядома, акцыя ў абарону царквы цягнецца з 5 кастрычніка. На сённяшні дзень у галадоўцы прымаюць удзел каля 170 чалавек з розных куткоў Беларусі. У суботу ў 18 гадзін на плошчы Бангалор адбудзецца мітынг пратэсту ў абарону царквы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)