Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Народная воля»

Пральная машына Ярмошынай

Беларускія ўлады, трапіўшы як сучка ў паркан, не пакідаюць спробаў выдаць чорнае за белае, у прыватнасці — адмыць мінулыя прэзідэнцкія выбары. Гэтым разам кнопку прапагандысцкай пральнай машыны націснула небезвядомая кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Мітусня тлумачыцца тым, што наверсе ўсё вастрэй адчуваюць дэфіцыт легітымнасці. Рэйтынг правадыра ўпаў ніжэй за калена: паводле даных НІСЭПД (зарэгістраваны ў Літве) — да 29,3% у чэрвені, і піке найхутчэй што доўжыцца. Удумайцеся, асэнсуйце: Лукашэнка сёння дэ-факта — прэзідэнт меншасці. Звыш таго, Захад яго працягвае байкатаваць, абрабаваны народ бурчыць і закіпае… Вось і закруціліся высокія начальнікі, як уюны на патэльні.

Раз-пораз Лукашэнка спрабуе ўкінуць тэзу, што да саміх выбараў, маўляў, у заходнікаў прэтэнзій няма, усё ўпіраецца ў праблему «так званых палітвязняў». У тую ж дудку дзьме і яго падначаленая Ярмошына, што дала днямі вялікае інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс-Захад».

Перад прэзідэнцкімі выбарамі «на 90% мы выканалі рэкамендацыі АБСЕ», запэўнівае кіраўніца ЦВК. Сапраўды, напаказ Еўропе былі прыняты два вазы і цэбар дробных паправак у выбарчае заканадаўства. Кшталту дазволу кандыдатам мець свае фінансавыя фонды.

Але ж тое каціныя слёзы — на лічаныя хвіліны тэлерэкламы ў прайм-тайм.

Дарэчы, наконт СМІ. Эфірныя квоты для апазіцыйных кандыдатаў — мізэр на фоне татальнай прапаганды за дзейнага кіраўніка. Каб людзі рабілі сапраўды свядомы выбар, медыйны плюралізм мусіць быць пастаянным, а не раз на пяцігодку.

Ды і ў іншых прынцыповых пытаннях — уключэнне апазіцыі ў выбаркамы, празрысты падлік галасоў — беларускі рэжым сказаў «ад вінта!».

Заканадаўчыя навацыі — кшталту квоты для партый і грамадскіх арганізацый на трэць месцаў у выбаркамах — ператварылі ў здзек. Практычна пад завязку запоўнілі тыя квоты прадстаўнікамі лаяльных, бутафорскіх арганізацый.

Паводле звестак кампаніі «За справядлівыя выбары-2010», падчас апошніх выбараў ва ўчастковыя камісіі апазіцыйнымі партыямі ды рухамі было вылучана 1073 прадстаўнікі, з іх уключылі толькі 183, або 17%. Між тым ад праўладных структур прайшло 93%. Ад «Белай Русі», напрыклад, каля чатырох тысяч чалавек! У выніку апазіцыянеры склалі ва ўчастковых выбаркамах нейкія смешныя долі працэнта.

У фарс ператварылі і назіранне.

Дарэчы, падчас гульняў з Еўропай, напрыканцы 2009 года, нават ЦВК прапаноўваў пашырыць паўнамоцтвы назіральнікаў. Але супраць выступіў сам Лукашэнка: «Я не бачу тут праблемы. У нас старшыня выбарчай камісіі на месцы вырашае, каго дапускаць да падліку галасоў, а каго не дапускаць».

Пры гэтым пані Ярмошына малюе драматычнае палатно: маўляў, рэверансаў у бок Захаду «зрабілі столькі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, што ў выніку стварылі цяжкія ўмовы для працы саміх выбарчых камісій. Гаспадаром у гэтым выпадку пачуваўся не старшыня камісіі, а дробны палітычны авантурыст, які тэрарызаваў участковую камісію».

Бедная вертыкаль, як яна толькі вытрымала гэты здзек з боку «адмарозкаў»!

Для параўнання. Пазалетась аўтар гэтых радкоў, асвятляючы выбары ў нямецкі бундэстаг, пераканаўся: там назіраць за падлікам бюлетэняў можа ўвогуле любы ахвотны, не паказваючы ніякіх пасведчанняў. Ды што там Германія! Мы бачым па тэлевізары, як нават у самых занядбаных афрыканскіх краінах усе бюлетэні высыпаюцца на стол і кожны паасобку дэманструецца прысутным.

Беларусі тут далёка да Афрыкі. Па-першае, пры падліку бюлетэняў назіральнікі часта бачаць толькі, мякка кажучы, заднія часткі тулава членаў камісій. Па-другое, нават самі члены камісій не ведаюць усёй арыфметыкі па ўчастку, бо кожнаму даюць лічыць толькі асобны стосік.

Яшчэ адна вынаходка ўладаў — расцягнутае аж на пяць дзён добраахвотна-прымусовае датэрміновае галасаванне, вынікі якога асабліва цяжка адсачыць (а калі пашэнціць, то яны, бывае, аказваюцца дыяметральна процілеглымі арыфметыцы асноўнага дня). На апошніх прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова ўкінулі бюлетэні 23,1% беларускіх грамадзян. Цікавы штрых: прыкладна настолькі ж адрозніваюцца лічбы галасавання за Лукашэнку па афіцыйнай версіі і паводле замераў незалежных сацыёлагаў.

Пані Ярмошына і яе сатэліты любяць ківаць на Захад: маўляў, і там галасуюць загадзя! Сапраўды, на тых самых парламенцкіх выбарах у Германіі на ўчастку, дзе мне давялося быць, каля чвэрці выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова.

Але — увага! — там гэта робяць па пошце, і ўсе канверты распячатваюцца непасрэдна ў дзень выбараў роўна, а 15-й гадзіне перад вачыма назіральнікаў. Адчуваеце розніцу?

Дарэчы, сёння беларускае кіраўніцтва пачынае новую гульню з Захадам. І, магчыма, хоча навязаць торг вакол прапарцыянальнай сістэмы на парламенцкіх выбарах. Бо частка аналітыкаў прытрымліваецца спрошчанага погляду: маўляў, выбары паводле партыйных спісаў — гэта лепей для апазіцыі. Яно так, але толькі пры ўмове, што самі выбары ёсць выбарамі, а не фарсам.

У іншым жа выпадку аўтарытарная ўлада сама вырашае, якім партыям наканавана пераадолець бар’ер ды трапіць у парламент. Напрыклад, пераход на прапарцыянальную сістэму ў Казахстане ніколькі не пахіснуў пазіцыі аўтакрата Назарбаева. Ды і ў Расіі з яе «кіраванай дэмакратыяй» загадзя вядома, каго пусцяць у Думу, а хто «не праханжэ». Там хоць трэсні, а ўраджай мандатаў збярэ «Единая Россия». У нас на такую ролю рыхтуюць «Белую Русь».

Карацей, інтэрв’ю Ярмошынай пад загалоўкам «Выбары ў парламент пройдуць паводле дзейнага заканадаўства» можна трактаваць і як намер Мінска падчапіць Еўропу на вуду.

Каб брусэльскія стратэгі пачалі ўпрошваць: ну зрабіце, зрабіце выбары па партыйных спісах! Тут могуць паламацца ды згадзіцца, падаўшы гэта як фантастычны прагрэс. А ў выніку месцы ў Палаце падзеляць між «Белай Руссю» (ільвіная доля) ды парай марыянеткавых псеўдаапазіцыйных партый. Для дыктатуры ж тым часам размарозяць заходнія крыніцы фінансавання.

Ярмошына ўскладае віну за брутальны фінал мінулых выбараў на тых, каму трэба было «пахаваць перамогу Аляксандра Лукашэнкі». Але ж хіба не пахавалі канчаткова тую піраву перамогу самі ўлады, абваліўшы эканоміку? Дзе славутыя 500 долараў?

Нават учарашнія «застабілы», у якіх вочы на лоб палезлі ад цэннікаў, клянуць зараз былога куміра. Так што няўклюдныя спробы адмыць мінулыя выбары можна рэзюмаваць выслоўем: паможа вароне мыла, як мерцвяку кадзіла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)

Подпишитесь на еженедельную рассылку "Салiдарнасцi". Этот надежный канал, который позволяет читать наши новости и статьи даже в условиях блокировки сайта.