Общество

Пралік Сталіна. Які кавалак вайны ў Беларусі зьнік у савецкі час

22 чэрвеня 1941 года нямецкія войскі напалі на СССР. І хаця заходні пункт савецкай мяжы і мяжы БССР знаходзіўся тады за 150 кілямэтраў ад Берасьця, менавіта з абароны крэпасьці савецкая прапаганда зрабіла адзін з галоўных мітаў вайны. Чаму прапаганда намагалася схаваць і забыць падзеі першага дня вайны ў самай заходняй кропцы БССР, піша Радыё Свабода.

Зьнішчаны МіГ-3 на палявым савецкім аэрапорце каля Беластока

Пра белыя плямы пачатку савецка-нямецкай вайны Свабодзе расказаў гісторык Андрэй Катлярчук, дацэнт унівэрсытэту Сэдэртарна ў Швэцыі.

Пралік Сталіна

​Калі мы паглядзім на мапу БССР чэрвеня 1941 году, то пабачым, што там ёсьць клін — Беластоцкі выступ. У той час Беластоцкая вобласьць была заходняй мяжой БССР. Яе далучылі да Беларусі ў 1939 годзе на моцы пакту Молатава-Рыбэнтропа. І гэта быў пралік Сталіна. Бо вялікая мяжа зь Нямеччынай стварала тое, што савецкая прапаганда называла — «вераломны і нечаканы напад». Калі б быў калідор у выглядзе іншай краіны, то такі напад быў бы немагчымы.

Вайна не была сюрпрызам для СССР

22 чэрвеня ў Беластоцкай вобласьці знаходзіліся элітныя савецкія войскі, фактычна найлепшыя часткі 10-й арміі, у тым ліку 6-га мэханізаванага корпусу. Тысяча танкаў, адборныя часткі, якія чакалі нападу. 20 чэрвеня начальнік памежных войскаў усяго СССР Сакалоў нечакана прыехаў у райцэнтар Ломжа на самай акраіне Беластоцкай вобаласьці. Немцы дэманстратыўна вывелі тэхніку, гарматы, і паставілі іх насупраць пагранічных заставаў. Ужо ў той жа дзень памежная служба была пераведзеная на «ўзмоцнены варыянт нясеньня службы».

Татальная катастрофа саветаў

Вайна пачалася ў Аўгуставе і ў Ломжы. У ноч, калі немцы напалі, там адбылася татальная катастрофа. Большасьць памежнікаў загінула ў першых масіўных баях. Камандзір 87-га пагранатраду ў Ломжы Гурый Здорскі напісаў у мэмуарах, што разам са сваёй групай памежнікаў выйшаў з акружэньня ажно пад Рагачовам. У яго было 2 тысячы салдатаў і зь іх загінула 1600. Паніка, адступленьне, больш за 300 тысяч палонных на магістралі ад Беластоку да Слоніма. Была парушаная ўся сувязь, а трэба памятаць, што гэта быў цэнтар вайсковага кіраваньня. Паводле нямецкіх дадзеных, было пакінута больш за 3 тысячы танкаў, абсалютна непашкоджаных, 245 самалётаў.

Разьня на Беласточчыне вырашыла кампанію 1941 году

Руіны Менска, ліпень, 1941 год

​На пытаньне, чаму праз тыдзень немцы былі ўжо ў Менску, а 10 ліпеня — пад Смаленскам, адказ адзін — Беластоцкі выступ. Многія гісторыкі лічаць, што прычынай фіяска савецкіх войскаў стаў памылковы сцэнар Генэральнага штабу. Савецкія вайскаводы чакалі галоўнага ўдару на Ўкраіне, а ён прыпаў на Беласток. Кіеў змагаўся і быў захоплены ўвосень 1941-га, а ў Менску, трэцім найважнейшым цэнтры СССР, немцы былі ўжо праз тыдзень. Не пасьпела адбыцца эвакуацыя, і наступствы гэтага былі драматычныя. Тое, што адбылося там у чэрвені, і вырашыла кампанію 1941 году.

Вінаватых — расстраляць

Кіраўніцтва Заходняга фронту было 2 ліпеня выклікана Сталіным у Маскву. Генэрал Дзьмітрый Паўлаў і ўсе ягоныя намесьнікі былі расстраляныя па артыкулах за «нядбайнасьць» і «невыкананьне сваіх службовых абавязкаў». Пасьля сьмерці Сталіна яны былі рэабілітаваныя.

Забыць, бо ня ўпісваецца ў канцэпцыю

Берасьцейская крэпасьць, манумэнт «Мужнасьць»

​Падзеі на Беласточчыне пасьля вайны замоўчваліся, бо псавалі гераічны міт вайны, дзе было месца толькі перамогам. Калі б пра гэта казалі ў савецкія часы, то давялося б тлумачыць, як так, што тэрыторыя СССР і БССР, якая да вайны была наша, ужо ня наша. Савецкая канцэпцыя «чужой зямлі ня трэба, сваёй не аддамо» тут не спрацоўвала. Таму гэты кавалак вайны цалкам зьнік у савецкі час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)