Общество

Пракуратура папярэдзіла «Нашу Ніву» і рэдактара «Бобруйского курьера»

Намеснік генеральнага пракурора Беларусі М.Кукліс вынес «Нашай Ніве» папярэджанне за публікацыю ў №14 артыкула «Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спецслужб».

Былы палкоўнік вайсковага спецназа выказваў у ім сваё меркаванне аб тым, што за тэрактам мог стаяць хтосьці ва ўладзе, зацікаўлены ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, паведамляе «Наша Ніва».

На думку пракуратуры, такое меркаванне неабгрунтаванае. «Артыкул утрымлівае... паклёпніцкія выдумкі пра дзеянні праваахоўных органаў», мяркуе пракурор. У артыкуле пракуратура пабачыла дзеянні, «накіраваныя на дыскрэдытацыю беларускай дзяржавы». Інфармацыю ў артыкуле пракуратура разглядае як «недаставерную».

Папярэджанне можа быць абскарджана ў законным парадку.

Прадстаўнік пракуратуры прывёз папярэджанне ў Рэдакцыю 19 красавіка. Ягоная гутарка з рэдактарам прайшла ў карэктнай атмасферы.

Днём раней, 18 красавіка галоўнага рэдактара газеты «Наша Ніва» выклікалі ў КДБ і папярэдзілі аб адказнасці за разгалошванне матэрыялаў следства па справе аб тэракце 11 красавіка.

За апошнія чатыры месяцы гэта была ўжо сёмая сустрэча «Нашай Нівы» з КДБ — да гэтага прайшлі чатыры вобшукі, выманне тэхнікі, адзін допыт і адно наведванне для вымання фота- і відэаматэрыялаў.

«Цяжка ўявіць сабе, каб у такім рэжыме працавала нейкае выданне ў любой іншай еўрапейскай краіне», – адзначаецца ў каментары рэдакцыі.

Адначасова Міністэрства інфармацыі накіравала ў адрас рэдакцыі папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння нормаў закона «Аб сродках масавай інфармацыі», паведамляе БЕЛТА.

Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» атрымаў пракурорскае папярэджанне за каментар у блогу ў сувязі з выбухам

Галоўнаму рэдактару «Бобруйского курьера» Анатолю Санаценка 18 красавіка прыйшоў заказны ліст з паведамленнем з пракуратуры Ленінскага раёна Бабруйска, паведамляе БелаПАН.

– У ім знаходзілася «Афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў сферы парадку кіравання». Падпісаны дакумент намеснікам пракурора раёна А. М. Кабернікам, — гаворыцца ў паведамленні на сайце «Бобруйского курьера» .

Прэтэнзіі з боку пракуратуры выклікала адна з запісаў у блогу Анатоля Санаценкі, які ён вядзе на сайце «Беларускі партызан». У ёй журналіст развівае думку аб тым, што ў трагічных падзеях, якія адбыліся ў Менску 11 красавіка, вінаватая дзейная ўлада.

– Гэта, вядома, прэцэдэнт, — каментуе журналіст, — як кажуць, з хворай галавы — на здаровую. Каб прадухіліць магчымыя прэтэнзіі, у сваім запісе ў блогу я і даў спасылку на афіцыйны сайт А. Г. Лукашэнкі, дзе размешчаная яго прамова, што прагучала на экстранай нарадзе ў сувязі з выбухам на станцыі метро «Кастрычніцкая». Там, сярод іншага, гаворыцца наступнае: «Крыць няма чым. У гэтай падзеі вінаватыя толькі мы… Віна ляжыць на нас». Далей я змясціў свой кароткі каментар, права на які мне дае 33 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пяты артыкул „Свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне“ закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» таксама лічыць неабходным адзначыць, што ў беларускім заканадаўстве няма такога паняцця «спадабалася — не спадабалася». Затое ёсць крымінальная адказнасць за „перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста“ (артыкул 198 КК РБ)».

Анатоль Санаценка збіраецца абскардзіць атрыманае ім папярэджанне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)