Прафсаюз РЭП i Беларуская асацыяцыя журналiстаў зладзілі дабрачынную акцыю ў інтэрнаце для цяжіх падлеткаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў і моладзевая суполка прафсаюза РЭП разам зладзілі дабрачынную акцыю ў чавускім спартовым доме-інтэрнаце для цяжкіх падлеткаў. Гэта адна з шэрагу акцыяў, якія адбываюцца па ўсёй краіне. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі сябра БАЖ Андрэй Дзвігун і прадстаўнік РЭП Станіслаў Кавалеўскі.

У Чавусы маладыя людзі з Магілёва прывезлі падарункі для дзяцей, узрост якіх ад 8 да 18 год: тэлевізар ад салона тэхнікі "Капялюш", вопратку ад крамы "Бульдог" і цукеркі ад гандлёвага цэнтра "Магніт". За тры дні маладыя людзі абыйшлі каля 80 аб'ектаў малога гандлю ў Магілёве і сабралі падарункаў на агульную суму прыблізна мільён 300 тысяч рублёў.

Таксама дзіцячы ансамбль ДК "Хімвалакно" зладзіў канцэрт для выхаванцаў інтэрната. І дзецям, і кіраўніцтву інтэрната ўсё вельмі спадабалася, і яны будуць радыя любому супрацоўніцтву ў будучым, распавеў Еўрарадыё Андрэй Дзвігун:

"Дырэктар інтэрната Лебедзеў казаў, што яны хацелі б далей супрацоўнічаць. Бо ёсць у іх яшчэ патрэбы — напрыклад, вельмі мала абутку для дзяцей. Таму яны будуць удзячныя любой дапамозе".

Акцыя была прымеркаваная да калядных святаў. Адметнасць інтэрната ў тым, што яго доўгі час апякаў былы кіраўнік вобласці Барыс Батура.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)