Общество

Прафэсар: Колькасьць беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, рэкордная

Уладзімер Дунаеў, сябра грамадзкага Балёнскага камітэту, паведамляе, што за мяжой колькасьць беларускіх студэнтаў прыблізна роўная колькасьці расейскіх, паведамляе Радыё Свабода.

— У Беларусі колькасьць студэнтаў, якая навучаюцца за мяжой, проста рэкордная. Па-першае, у нас скарачаецца ўвогуле студэнцкі кантынгент: было 420 тысяч, цяпер 266. Але доля студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, — каля 10 працэнтаў. Гэта больш, чым у іншых краінах. Цяпер гэта каля 24 тысяч. Ёсьць статыстыка UNESCO, яна трошкі спазьняецца па гадах, але ўласнай беларускай статыстыкі тут няма.

Можна параўнаць: беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, прыблізна гэтулькі ж, як расейскіх. Уявіце сабе! Пры тым, што насельніцтва Расеі ў 15 разоў большае. Гэта кажа пра тое, што беларускія студэнты вельмі нацэленыя на атрыманьне адукацыі за мяжой. І як толькі ў Беларусі ўзьнікаюць неспрыяльныя сацыяльныя ці палітычныя ўмовы — ідзе скачок цікавасьці да адукацыі за мяжой.

Доўгі час у гэтым сэнсе дамінавала Расея — каля 70 працэнтаў беларускіх студэнтаў, што вучыліся за мяжой, выбіралі Расею. Але апошнім часам актыўна расьце доля Польшчы, і доля Расеі скарачаецца да 60 працэнтаў і менш.

Сытуацыю, я думаю, яшчэ больш абвострыць «закон аб адтэрміноўках», адукацыя за мяжой яўна стане яшчэ больш прывабнай. Сама інтэрнацыяналізацыя адукацыі не нясе ў сабе нічога кепскага. Але ў Беларусі праблема ў тым, што тыя, хто зьяжджае навучацца за мяжой, ня вельмі імкнуцца вяртацца назад, ня вельмі імкнуцца вяртаць здабыты імі інтэрнацыянальны досьвед на Радзіму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(34)