Политика
Уладзімер Глод, Алесь Дашчынскі, Валер Каліноўскі, ”Радыё Свабода”

Прадстаўнік Расеі назваў паведамленьні пра зьнікненьні палітыкаў у Беларусі ”выдумкамі” і ”прапагандысцкімі правакацыямі”.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. У галасаваньні ўдзельнічала 69 дэлегатаў. За рэзалюцыю выказаліся 56 удзельнікаў галасаваньня, 11 чалавек прагаласавалі супраць і 2 чалавекі ўстрымаліся.

У рэзалюцыі Парлямэнцкая асамблея заклікае Беларусь неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, а таксама адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заклікала праваабаронцаў весьці ўлік ня толькі ахвяраў палітычна матываваных злоўжываньняў, але й вінаватых у такіх злоўжываньнях. Адначасна ва ўхваленай сёньня рэзалюцыі ПАРЭ заахвочвае Эўразьвяз і ЗША да ўвядзеньня новых санкцыяў у адносінах да беларускіх чыноўнікаў, адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека. ПАРЭ заахвочвае дзяржавы Рады Эўропы да далейшай падтрымкі беларускіх палітычных зьняволеных і іх сем’яў.

У рэзалюцыі ад 15 красавіка зьмешчаны таксама заклік да ўраду і Дзяржаўнай думы Расеі ў дыялёгу зь беларускімі ўладамі выступіць на баку палітзьняволеных і іншых ахвяраў палітычна матываваных злоўжываньняў.

“Найгоршая дыктатура ў сьвеце”

Хрыстас Пургурыдэс прадставіў на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы справаздачу аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. Сярод іншага сп. Пургурыдэс заклікаў сваіх расейскіх калегаў спыніць падтрымку рэжыму ЛУкашэнкі і выказаў спадзяваньне, што Расея магла б паўплываць на паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Пачалося абмеркаваньне справаздачы. Прадстаўніца Нямеччыны Сабіна Лёйтгойзэр-Шнарэнбэргер назвала Беларусь “найгоршай дыктатурай у сьвеце”.

З гэтым не пагадзіўся прадстаўнік фракцыі аб'яднаных эўрапейскіх левых Тыні Кокс, які зазначыў, што ў Беларусі няма іншага выйсьця, як вярнуцца ў Эўропу, і Беларусь мусіць зрабіць першыя крокі сама. Зьвяртаючыся да беларускіх уладаў, сп. Кокс сказаў: “Пачынайце рухацца, вы чакалі занадта доўга. Ваша месца – у Эўропе”.

Прадстаўнік Эстоніі Андрэс Хэркель назваў “сорамам, што ў ХХІ стагодзьдзі некага саджаюць у турму за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях”.

Прадстаўнік Расеі Леанід Слуцкі выступіў з рэзкай крытыкай “разноснай” справаздачы Пургурыдэса і бараніў дзеяньні беларускіх уладаў супраць апазыцыі. Паведамленьні пра зьнікненьні палітыкаў у Беларусі ён назваў ”выдумкамі” і ”прапагандысцкімі правакацыямі”.

Дакладчык ПАРЭ ў пытаньнях Беларусі Андрэа Рыгоні адзначыў, што недастаткова толькі асуджаць беларускія ўлады. На яго думку, трэба весьці шырэйшы дыялёг. Паводле Рыгоні, ілюзія – чакаць, што дэмакратыя сама прыйдзе ў Беларусь.

Прадстаўніца Расеі Сьвятлана Гарачава заявіла пра тэндэнцыйнасьць падрыхтаванага сп. Пургурыдэсам дакладу і выказала зьдзіўленьне, чаму на абмеркаваньні няма прадстаўнікоў афіцыйнага Менску.

Гедымінас Якавоніс, выступаючы ад імя літоўскай дэлегацыі, падкрэсьліў, што Рада Эўропы павінна сесьці за стол перамоваў з уладамі Беларусі, а літоўскі бок гатовы выступіць тут пасярэднікам. Паводле Якавоніса, дэлегацыя Літвы ўхваляе рэзалюцыю і рэкамэндацыі, вынесеныя на разгляд Парлямэнцкай асамблеі. Гедымінас Якавоніс зьвярнуў таксама ўвагу на неабходнасьць спрасьціць візавы рэжым Эўразьвязу для грамадзянаў Беларусі.

Прадстаўнік Камуністычнай партыі Расеі Сяргей Сабко рэзка скрытыкаваў даклад Хрыстаса Пургурыдэса, заявіўшы сярод іншага: "Беларусь пад Амэрыку ня ляжа".

Выступаючы з заключным словам, аўтар дакладу Хрыстас Пургурыдэс падкрэсьліў: сам беларускі рэжым вінаваты ў ізаляцыі. На думку сп. Пургурыдэса, Рада Эўропы скампрамэтуе сябе, калі пойдзе на дыялёг з афіцыйным Менскам у той час, як беларускія ўлады парушаюць правы чалавека і ня выканалі асноўных патрабаваньняў аб'яднанай Эўропы. "Наш абавязак як Рады Эўропы, – сказаў Пургурыдэс, – падтрымліваць апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць у краінах, дзе пануе дыктатура".

Рэагуючы на рэзкую крытыку свайго дакладу з боку прадстаўнікоў Расеі, Пургурыдэс падкрэсьліў, што не прагучала нічога, што сьведчыла б пра няправільнасьць ці недакладнасьць фактаў, зьмешчаных у дакладзе. Аўтар дакладу таксама прарэагаваў на рэпліку аднаго з расейскіх удзельнікаў абмеркаваньня, які заявіў, што Аляксандру Казуліну для таго, каб быць вызваленым, дастаткова падаць прашэньне аб памілаваньні і выканаць пэўную працэдуру. На думку Хрыстаса Пургурыдэса, Казулін не вінаваты і не павінен прасіць аб памілаваньні.

Мэркель заклапочаная сытуацыяй у Беларусі

Пасьля выступу фэдэральнага канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель на сэсіі ПАРЭ адзін з дэпутатаў ад Нідэрляндаў задаў пытаньне наконт парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, адзінай краіне кантынэнту, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы.

Спадарыня Мэркель выказала сваю заклапочанасьць тым, як разьвіваецца сытуацыя ў Беларусі і заявіла, што трэба знаходзіць шляхі падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, трэба як мага больш распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь, каб людзі, якія сёньня знаходзяцца ў беларускіх турмах паводле палітычных матываў, не адчувалі сябе ў адзіноце.

Спадарыня Мэркель таксама заявіла, што яна ўпэўненая ў тым, што Беларусь стане сябрам эўрапейскай дэмакратычнай сям’і.

"Міжнародная супольнасьць павінна абараняць палітзьняволеных"

У анонсе да выступу Хрыстаса Пургурыдэса гаворыцца, што, паводле юрыдычнага камітэту ПАРЭ ў сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі цягам некалькіх гадоў меліся шматлікія злоўжываньні. Некаторыя прадстаўнікі апазыцыі зьніклі, мірных дэманстрантаў зьбівалі і гэтыя, і іншыя выпадкі не былі расьсьледаваныя. Законныя, мірныя дзеяньні няўрадавых арганізацый і мэдыяў былі ператвораныя ў злачынствы. Палітычныя апанэнты сутыкаюцца з адвольнымі абвінавачаньнямі і несправядлівымі судовымі працэдурамі.

Юрыдычны камітэт заклікае адмяніць несправядлівыя законы тыпу «антырэвалюцыйных», увесьці маратор на сьмяротнае пакараньне. Таксама камітэт зьвяртаецца да судзьдзяў, пракурораў і міліцыянтаў у Беларусі праявіць асабістую сьмеласьць, каб зьмякчыць эфэкты такога заканадаўства.

Тым часам выпадкі злоўжываньняў мусяць быць уважліва зарэгістраваныя. Бо калі Беларусь аднойчы далучыцца да сям'і эўрапейскіх нацый, якія падтрымліваюць правы чалавека, правасудзьдзе павінна аднавіцца.

Як гаворыцца ў камэнтары, міжнародная супольнасьць павінна працягваць санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў, вінных за злоўжываньні. Таксама яна павінна абараняць палітзьняволеных, іх сем'і і спрабаваць дапамагчы ахвярам, магчыма, з дапамогай адмысловай рабочай групы зь мясцовых і міжнародных праваабаронцаў.

“Лукашэнку ня ўдасца ізаляваць беларусаў ад эўрапейскага сьвету”

Літоўскі палітык Эмануэль Зінгерыс, камэнтуючы “Свабодзе” даклад Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных крымінальных справах у Беларусі, зазначыў, што прыведзеныя ім факты сталіся “клясыкай злачынстваў рэжыму Лукашэнкі”.

“Калі рэжым у Менску думае, што гэта ўсё забудзецца з-за эканамічных ці іншых выгадаў, якія краіны Эўразьвязу могуць мець ад адносін зь Беларусьсю, то ён глыбока памыляецца, таму што ні справа Казуліна, ні справы іншых палітвязьняў ніякім чынам не будуць забытыя. Яны на сталах не толькі ў эўрапейскіх палітыкаў, але і грамадзкіх арганізацыяў, якіх тысячы”.

Адна з самых уплывовых праваабарончых арганізацыяў кантынэнту -- Рада Эўропы, і тое, што там зьвяртаюцца да праблем Беларусі сьведчыць, што ў Эўропе жадаюць беларускаму народу дэмакратыі і росквіту, кажа спадар Зінгерыс:

“У Эўропе існуе поўнае спачуваньне беларускай інтэлігенцыі і ўсім дэмакратычным рухам”.

Спадар Зінгерыс паведаміў, што 8 красавіка ён удзельнічаў у першых слуханьнях ў справе злачынстваў таталітарных рэжымаў, арганізаваных Эўракамісіяй. У гэтых слуханьнях удзельнічала больш за 100 спэцыялістаў, і сярод іншых часта згадваўся і рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

“У Беларусі зьнікаюць апанэнты ўлады, людзьмі апанаваў страх рэпрэсіяў. Але цяпер у эпоху новых тэхналёгіяў і камунікацыяў Лукашэнку ня ўдасца ізаляваць высокаразьвіты беларускі народ ад эўрапейскага сьвету”.

"Галасы падзяліліся б"

Спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні просіць беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ён зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўнікоў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзіма Папова і Генадзя Навіцкага. Як рэагуюць на гэты зварот у Беларусі?

Намесьнік старшыні камісіі заканадаўства і судова-прававых пытаньняў у Палаце прадстаўнікоў Віктар Ісачкін у інтэрвію нашаму радыё сказаў: “У парлямэнце наконт гэтага існуюць розныя думкі. Асабіста я схіляюся да мараторыю. Але ж вядома, што ня толькі парлямэнтары, але і наша грамадзтва неадназначна рэагуе на гэту праблему”.

На пытаньне, а як бы прагаласавалі дэпутаты ў гэтым пытаньні, калі б галасаваньне адбылося сёньня, намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі адказаў:

“Думаю, што абсалютнай перавагі не было б ні ў прыхільнікаў, ні ў праціўнікаў мараторыю. Галасы падзяліліся б...”

“Неўзабаве надыдзе час санкцыяў, якія я лічу апошнім сродкам”

Напярэдадні дэбатаў аўтар справаздачы Хрыстас Пургурыдэс даў інтэрвію Радыё Свабода.

Хрыстас Пургурыдэс паведаміў, што ў адрозьненьне ад таго разу, калі ён рыхтаваў папярэдні свой даклад, прысьвечаны зьнікненьням апанэнтаў А. Лукашэнкі, цяпер ён ня меў магчымасьці наведаць Менск і пагутарыць з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

МЗС Беларусі адмовіўся запрасіць яго ў краіну, нягледзячы на адпаведны запыт Сакратарыяту Рады Эўропы. Таму інфармацыю аб парушэньнях пры ажыцьцяўленьні крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі Хрыстас Пургурыдэс зьбіраў зь іншых даступных яму крыніц.

Галоўную выснову сваёй справаздачы ён сфармуляваў наступным чынам:

“Найважнейшае пасланьне гэтага дакладу палягае ў тым, што рэжым у Менску павінен спыніць злоўжываньне крымінальнымі працэсамі ў палітычных мэтах”.

Пасьля вывучэньня сытуацыі спадар Пургурыдэс перакананы, што ў Беларусі шмат людзей зазнаюць крымінальны перасьлед з палітычных матываў і ў краіне надалей ёсьць палітычныя вязьні.

Аднак ён разумее складанасьць сытуацыі і не спадзяецца, што рэзалюцыі ПАРЭ хутка змогуць яе палепшыць:

“Я сапраўды не спадзяюся на такія вынікі разгляду, якія б прымусілі рэжым у Беларусі памяняць сваю палітыку заўтра ж. Я разумею, што гэта паступовы працэс, і спадзяюся, што крок за крокам мы здолеем прымусіць беларускі рэжым памяняць сваю палітыку”.

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць падтрымкі эўрапейскімі краінамі эканамічных санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва, падобных да тых, якія ўвялі ЗША адносна канцэрну “Белнафтахім”, спадар Пургурыдэс заявіў:

“Калі рэжым будзе і надалей ігнараваць усе заклікі міжнароднай супольнасьці да дэмакратызацыі, у міжнароднай супольнасьці не застанецца ніякіх іншых магчымасьцяў уплыву, апрача санкцыяў. Калі рэжым будзе паводзіць сябе так, як ён гэта рабіў 10 апошніх гадоў, то неўзабаве надыдзе час менавіта такіх санкцыяў, якія я лічу апошнім сродкам”.

У праекце рэзалюцыі, падрыхтаваным Хрыстасам Пургурыдэсам, адзначаецца неабходнасьць заклікаць Расею пазытыўна паўплываць на становішча з палітвязьнямі і палітычна матываванымі крымінальнымі справамі ў Беларусі. Спадар Пургурыдэс спадзяецца на адэкватную рэакцыю новага прэзыдэнта Расеі:

“Я спадзяюся, што ён гэта зробіць. Я чакаю, што новы прэзыдэнт Расеі зьменіць палітыку папярэдняга і націсьне на беларускае кіраўніцтва, каб спыніць сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў гэтай краіне, і даможацца, каб рэжым спыніў гэтыя злоўжываньні”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)