Политика
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Прадстаўнік Менгарвыканкаму: улады ня пусьцяць на Кастрычніцкую плошчу

Менскія ўлады пакуль не далі дазволу на правядзеньне акцый 25 сакавіка. Паводле кіраўніка ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму Генадзя Курбекі, дакумэнты разглядаюцца, маўляў, ёсьць яшчэ пяць дзён, і крайні тэрмін для адказу заяўнікам — 19 сакавіка.

“Кастрычніцкая плошча — гэта дзяржаўная плошча. Толькі для дзяржаўных мерапрыемстваў, — заявіў Курбека. — Што вы заклікаеце менчукоў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу?! А недзе пішуць плошча Каліноўскага. Афіцыйна называецца “Кастрычніцкая плошча”. Не дурыце людзям мазгі, хочацца сказаць тым, хто ўлёткі распаўсюджвае. Кастрычніцкая плошча, але ж, зразумела, што вы не атрымаеце гэтага дазволу. Кастрычніцкая плошча — гэта дзяржаўная плошча. Толькі для дзяржаўных мерапрыемстваў. Яны ж таксама там не дурныя ў гэтай апазыцыі сядзяць. Ня будзе ім Кастрычніцкай плошчы, бо ёсьць закон”.

Старшыня аргкамітэту, лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка гатовы прыйсьці на паседжаньне гарвыканкаму, сустрэцца з мэрам Паўлавым, каб абмеркаваць сытуацыю. Адносна заяваў спадара Курбекі Вінцук Вячорка сказаў:

“Я не сумняваўся. Ёсьць рашэньне арганізацыйнага камітэту арганізавацца на так званую Кастрычніцкую плошчу. Атрымаем рашэньне, будзем зьбірацца, вырашаць, што рабіць далей”.

23 сакавіка Вінцука Вячорку выклікаюць у суд за тое, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся, калі ішоў дахаты са сваімі дзецьмі.

В.Вячорка: “Усё, што заплянавана аргкамітэтам, будзем імкнуцца зрэалізаваць, незалежна ад любых форс-мажорных акалічнасьцяў”.“У кожным разе відавочна, што мяне хочуць падвесіць на кручок. Ну, і як вельмі верагодны варыянт — ізаляваць. Усё, што заплянавана аргкамітэтам, будзем імкнуцца зрэалізаваць, незалежна ад любых форс-мажорных акалічнасьцяў. Асноўныя лёзунгі незалежніцкія і патрабаваньне да ўладаў выканаць 12 патрабаваньняў Эўрапейскага зьвязу”.

На сядзібу БНФ паступае інфармацыя аб затрыманьнях распаўсюднікаў улётак да 25 сакавіка. Прадстаўнікі спэцслужбаў правяраюць заплечнікі ў моладзі, якая выходзіць з сядзібы ці офісу Аляксандра Мілінкевіча. У офісе АГП сказалі, што, да прыкладу, у Горадні ўлады выклікалі актывістаў і прымушалі падпісваць паперы, што яны ня будуць арганізоўваць акцыі на 19 і 25 сакавіка — у адваротным выпадку іх прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

“Аб’ядноўвацца вакол таго, што аб’ядноўвае”

Разам з тым улады далі дазвол на правядзеньне Кангрэсу аб’яднаных дэмсілаў, які плянаваўся на 17 сакавіка, і прапанавалі дамовіцца з памяшканьнем ў адным з палацаў культуры. Гэты крок уладаў камэнтуе старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

“Зразумела, што ўлады таксама адсочваюць сытуацыю. Яны разумеюць, што калі не было прынята рашэньне праводзіць, яны і далі такое рашэньне. Не таму, што гэта добрая воля ўлады, гэта проста веданьне сытуацыі ўнутры кааліцыі. Улады, нават нягледзячы на тое, што няма такой выразнай завершанай стратэгі, яны бачаць, што па 25-му ідзе кааліцыйная праца”.

На палітрадзе АГП была прынята заява “Аб’ядноўвацца вакол таго, што аб’ядноўвае”, якая прысьвечана сытуацыі вакол кангрэсу. Паводле спадара Лябедзькі, бальшыня партыйцаў выказалася за правядзеньне кангрэсу не пазьней 21-22 красавіка.

А.Лябедзька: “Далейшае зацягваньне з правядзеньнем кангрэсу прыводзіць да паралічу дзеяньняў на ўзроўні кааліцыі”.“Выносіць на разгляд стратэгію і пазытыўную альтэрнатыву. Калі будзе неабходнасьць, правесьці яшчэ адну сэсію, можа, у наступным годзе, і там разглядаць кадравыя пытаньні, але найперш у зьвязку з зацьвярджэньнем сьпісу патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад аб’яднаных дэмсілаў на восеньскую выбарчую кампанію. Далейшае зацягваньне з правядзеньнем кангрэсу прыводзіць да паралічу дзеяньняў на ўзроўні кааліцыі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)