«Прадстаўленасць жанчын у парламенце — гэта ўсё яшчэ інструмент для дыктатур, каб паказаць сітуацыю, якой насамрэч не існуе»
Гендарная даследчыца — пра высокую (ці не?) пазіцыю Беларусіў Індэксе міру і бяспекі сярод жанчын. І чаму звычка дзяржструктур паказваць сітуацыю лепшай, чым яна ёсць, гуляе супраць беларусаў.
Беларусь заняла 69-е месца ў Індэксе міру і бяспекі сярод жанчын (WPS). Наша краіна набрала па суме паказчыкаў 0,733 балы, у той час як сярэдні паказчык у свеце складае 0,65.
Для параўнання: краіны-лідары Індэксу — Данія, Швейцарыя і Швецыя — набралі ад 0,926 да 0,932 балу, а найгоршыя сярод 177 краін, адлюстраваных у даследаванні, Афганістан і Йемен — 0,286-0,287. То бок, Беларусь займае адносна высокае месца. Але толькі на першы погляд.
Што за індэкс наогул і чаму ён важны?
Індэкс міру і бяспекі сярод жанчын (WPS) складае група экспертаў з Джарджтаўнскага інстытуту пры падтрымцы МЗС Нарвегіі раз на два гады. Па сутнасці, гэта першая гендарная справаздача, якая акцэнтуе менавіта пытанні бяспекі жанчын у 177 краінах свету.
Пры яго складанні ўлічваюцца 13 параметраў, у ліку якіх адукацыя, занятасць, прадстаўленасць у сістэмах кіравання, дасяжнасць фінансаў і сувязі, прававая абароненасць, гвалт з боку партнёраў, дыскрымінацыя па палавой прыкмеце, узровень смяротнасці, блізкасць да ўзброеных канфліктаў і г.д.
Гэтыя паказчыкі падзеленыя на тры вялікія катэгорыі: інклюзіўнасць, справядлівасць і бяспека. Для складання агульнай справаздачы эксперты выкарыстоўваюць звесткі агенцтваў ААН, Сусветнага банку, глабальных апытанняў Gallup і іншыя — у выніку кожная краіна атрымлівае індэксны бал па шкале ад 0 да 1.
Ідэальнай «адзінкі» не набраў пакуль ніхто, аднак Індэкс дае ўяўленне аб нацыянальным прагрэсе, а таксама разрыве і росце няроўнасці паміж рэгіёнамі і краінамі.
Сёлета паказчыкі больш за 0,9 маюць Данія, Швейцарыя, Швецыя, Фінляндыя, Люксембург, Ісландыя, Нарвегія, Аўстрыя, Нідэрланды і Новая Зеландыя.
Найгоршая сітуацыя з бяспекай жанчын і іх уключанасцю ў эканамічнае, грамадскае і палітычнае жыццё — у Афганістане, Йемене, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Конга, Паўднёвым Судане, Бурундзі (усе набралі менш за 0,4 бала).
«Індэкс WPS прапануе інструмент для вызначэння таго, дзе больш за ўсё патрэбныя рэсурсы і справаздачнасць для паляпшэння становішча жанчын, што нясе карысць усім нам», — адзначаюць аўтары.
Окей, што не так з Беларуссю?
З аднаго боку, 69 месца — далёка не дно рэйтынгу, нават вышэй за сярэдзіну. Беларусь абагнала Азербайджан, Таджыкістан, Узбекістан і, зусім крышачку, Казахстан. Але разам з тым — у мінулым рэйтынгу, як не без гонару зазначала Мінпрацы РБ, наша краіна займала 37-е (насамрэч 38-е) месца і апярэджвала ўсе краіны СНД і «шэраг краін ЕС».
Цяпер карціна іншая: Беларусь саступае ўсім суседзям (Літве і Латвіі — у разы), за выключэннем ваюючай Украіны.
Што яшчэ прыцягвае ўвагу і выклікае пытанні ў цяперашнім Індэксе, Филин абмеркаваў з гендарнай даследчыцай, сузаснавальніцай Фемгрупы Беларусь Аленай Агарэлышавай.
— З большага індэксы гендарнай роўнасці, я б сказала, не вельмі дасканалыя, — зазначае даследчыца. — І гэты індэкс, які замярае справядлівасць, пачуццё бяспекі, здавалася б, мусіць быць больш таргетаваны на дыктатуру, быць больш адчувальным да краін, дзе адбываюцца рэпрэсіі — але, на жаль, мы бачым, што такога няма.
Таму ў некаторых аспектах Беларусь застаецца гэткай «сляпой зонай». Напрыклад, відавочна, што дзяржаўны, паліцэйскі гвалт у дачыненні да беларусак існуе. Але пры гэтым па паказчыку бяспекі ў кам’юніці, у адказе на пытанне «наколькі вам не страшна хадзіць па вуліцах, гуляць ноччу адным у горадзе», паказчыкі нашай краіны выраслі. І не зразумела, ці маецца на ўвазе, што ўзровень злачыннасці агулам знізіўся, ці жанчыны не адчуваюць пагрозы з боку тых жа самых міліцыянтаў, сілавых структур.
У катэгорыі інклюзіўнасці, звяртае ўвагу Алена Агарэлышава, Беларусь выглядае няблага: жанчыны маюць доступ да адукацыі, добра прадстаўленыя на рынку працы, маюць уласныя банкаўскія рахункі, а таксама шырока прадстаўленыя ў парламенце (апошні паказчык — адзін з любімых аргументаў беларускіх уладаў, калі гаворка ідзе пра роўнасць).
Пры істотным росце фінансавай інклюзіўнасці, магчымасці жанчын зарабляць і мець фінансавую незалежнасць — гэты паказчык не ўлічвае масавыя палітычна матываваныя звальненні, ці адсутнасць працоўных месцаў у пэўных рэгіёнах краіны.
Між тым, вядомыя кейсы, калі беларусак звальнялі з дзяржструктур проста праз «палітыку», да якой адносіцца не толькі ўласная актыўнасць, але і тое, што іх мужы ці сыны былі асуджаныя па палітычных справах.
— Да таго ж адна справа, калі фінансавая інклюзіўнасць як у, напрыклад, Эстоніі (страна-лідарка ў рэгіёне): большасць жыхароў і жыхарак гэтай краіны атрымліваюць сярэдні заробак і адносяцца да сярэдняга класу. И другая, калі браць Беларусь: агульная фінансавая сітуацыя пагоршылася, праца нібыта ёсць, але заробак па ёй, прынамсі ў рэгіёнах, бліжэй да мінімальнага.
Калі мужчынам і жанчынам аднолькава дрэнна, ці выпадае лічыць гэта гендарнай роўнасцю? Ці мы кажам пра тое, што жанчынам у прынцыпе дрэнна існаваць у гэтай краіне, асабліва калі гэта маці, якая адна гадуе дзяцей? Рытарычныя, вядома ж, пытанні.
Не абмінула экспертка ўвагай і прадстаўленасць жанчын у парламенце — гэты паказчык таксама вырас, і сёння ў беларускім парламенце амаль утрая больш дэпутат_ак, чым у венгерскім. Добра ж?
— Так, калі яго проста лічыць як лічбу, не разумеючы, што выбары могуць быць фальсіфікаваныя, што колькасць жанчын — толькі намінальная, для прыгожай статыстыкі, але гэта не актыўныя ўдзельніцы грамадства, якія маюць уладу і прымаюць рашэнні, — адказвае Алена Агарэлышава. — Беларускі кейс у гэтым плане, на жаль, не арыгінальны, гэта ўсё яшчэ інструмент для дыктатур, каб паказаць сітуацыю, якой насамрэч не існуе.
Што таксама важна зазначыць і разумець: шэраг паказчыкаў, якія адлюстроўваюць бяспеку, справядлівасць і ўключанасць беларускіх жанчын, насамрэч старыя. Звесткі пра эканамічныя магчымасці жанчын, прававую дыскрымінацыю і доступ да правасуддзя, гвалт з боку партнёраў і палітычны ціск, нават пра смяротнасць матуляў, яка ў Беларусі шмат гадоў была найменшай у рэгіёне, не абнаўляліся з 2017 года!
То бок, міжнародныя інстытуцыі, кшталту розных агенцтваў ААН, пэўны час не атрымліваюць гэтай інфармацыі па Беларусі, альбо самі беларускія ўлады «засакрэцілі» некаторую статыстыку (як той жа ўзровень смяротнасці, які з кавідных часоў не публікуецца ў адкрытых крыніцах). Узнікае лагічнае пытанне: што ж такое імкнуцца схаваць, калі адносяць гэтыя звесткі да пытанняў дзяржбяспекі?
— З момантаў, дзе Беларусь амаль што ў лідарах — селектыўныя спароны, «прадузятасць у дачыненні сыноў». Тут у нас дакладна ўсё добра, — кажа экспертка. — Але паглядзім на гэтае пытанне з іншага боку.
На шчасце, у Беларусі спароны ўсё яшчэ легальныя і магчымыя. Хоць час ад часу рэлігійныя арганізацыі, збольшага праваслаўныя, ладзяць грамадскія кампаніі і спрабуюць абмежаваць гэта неад’емнае права жанчын.
Зараз у беларускіх шпіталях існуюць так званыя «дні цішыні», калі ў прынцыпе спароны не робяцца — а часам гэта можа быць крытычна менавіта па датах. Ці той факт, што жанчын абавязкова накіроўваюць на кансультацыі перад гэтай працэдурай і даюць тры дні «падумаць», незалежна ад яе жадання.
А што дрэннага ў тым, каб выглядаць лепей у вачох міжнароднай супольнасці?
Уявіце сабе прыватны выпадак: да чаго вядзе жаданне «не выносіць смецце з хаты» ў сітуацыі хатняга гвалту. Калі кіравацца патрыярхальнымі ўстаноўкамі пра маўчаць, цярпець і гэтак далей, замазваць сінякі і хлусіць дактарам пра атрыманыя траўмы «сам/а ўпал/а», не пісаць/забіраць заяву на гвалтаўніка — не дзіва, што ахвяра атрымлівае адказ «заб’юць, тады прыходзьце».
Прычым яно пераносіцца не толькі на канкрэтную жанчыну, а на ўсіх ахвяр хатняга гвалту. Маўляў, ведаем такіх, сёння паскардзяцца, а заўтра мілуюцца. І толькі калі «выбухае» чарговае гучнае забойства, грамадскасць хапаецца за галаву, а ўлады рэагуюць у звыклым стылі, караючы ўсіх, хто нібыта ці насамрэч ігнараваў трывожныя званочкі.
Аналагічна з Індэксам міру і бяспекі сярод жанчын. Так, у тэксце справаздачы сказана пра ролю беларускіх жанчын у барацьбе з дыктатурай, і па ўзроўні доступу да правасуддзя Беларусь недалёка адышла ад Туркменістана — але паказчыкі «грамадскай бяспекі» і палітычнага ціску надзіва нізкія. А «блізкасць да ўзброенага канфлікту» (улічваецца адсотак жанчын, якія жывуць у радыусе 50 км ад зоны ваенных дзеянняў) наогул роўная нулю.
— Мяркуючы па гэтым паказчыку, Беларусь мірная краіна, — зазначае Алена Агарэлышава. — Але прабачце, тутака мы нібыта абмінаем факт, што ў Беларусі з 2022 года знаходзяцца расейскія войскі, што цяпер, з новым вітком наступлення Украіны, над беларускімі тэрыторыямі, асабліва памежнымі, лётаюць беспілотнікі.
І дзяржСМІ нацэленыя на тое, каб грамадзяне адрознівалі «варожыя» ўкраінскія дроны ад «мірных» расейскіх і паведамлялі куды след. Пра які ўзровень бяспекі ў кам’юніці і нулявую блізкасць да ўзброенага канфлікту тут можна казаць?
Так, мы не жывём у месцы баявых дзеянняў, але жыхары і жыхаркі Беларусі не могуць не быць у афекце праз тое, што краіны-суседкі ваююць, ці праз прысутнасць у нас вайскоўцаў іншай краіны, якія тут і закон, і апошняе слова, і з якімі лепш не ўступаць у ніякія камунікацыі — фактычна, тыя ж паводзіны, як пры акупацыі краіны.
Лічбы індэксу гэтага не паказваюць, гэтыя кейсы застаюцца па-за межамі міжнародных справаздач. І ў выніку Беларусь пачуваецца ў ліку дастаткова бяспечных краін.
На гэтым моманце прапагандысты заявілі б: што ж ты родную краіну абражаеш, мы мусім паказацца міжнароднай супольнасці з лепшага боку. Але, я лічу, галоўная мэта — паказаць рэальны стан спраў, актуальны кантэкст, у якім жывуць беларускія жанчыны і той узровень небяспекі, з якім яны вымушаныя мірыцца.
Таму што гэта ўсё наўпрост уплывае на бачанне Беларусі — і беларусак — у свеце. На жаль зараз нярэдка ўзнікаюць сітуацыі, калі людзі вымушаныя экстранна міграваць з тэрыторыі Беларусі праз палітычны пераслед, а потым у іх узнікаюць праблемы з дакументамі за мяжой — і часам іншыя краіны не разумеюць: у чым праблема вярнуцца ў Беларусь?
Тут дарэчы знакаміты выраз «асабістае гэта палітычнае». У кожнай інстанцыі беларусу ці беларусцы, якія вырашаюць персанальныя праблемы, трэба даводзіць, што Беларусь не настолькі мірная краіна для жыцця, як сведчаць глабальныя індэксы. І калі такіх выпадкаў сотні і тысячы — гэта ўжо робіцца палітычным, а не асабістым кейсам.
Таму мне б хацелася, каб такія індэксы ствараліся не толькі на падставе статыстыкі, якую дае пэўная дзяржава (ці не дае, і гэта прычына падумаць, чаму) — а з улікам меркаванняў незалежных экспертаў па рэгіёне ці краіне, якія тлумачылі б некаторыя паказчыкі, як колькасць жанчын у парламенце — не толькі лічбавае, але і сэнсавае іх вымярэнне.