Общество
Галіна Абакунчык, ”Радыё Свабода”

Прадпрымальнікі: прэзыдэнцкі ўказ №760 не адпавядае Канстытуцыі

Удзельнікі мітынгу прадпрымальнікаў прынялі рэзалюцыю, у якой заявілі пра тое, што прэзыдэнцкі ўказ №760 не адпавядае Канстытуцыі, і запатрабавалі адмяніць яго. Яны таксама выказалі недавер савету ў справе прадпрымальніцкай дзейнасьці пры прэзыдэнце Беларусі.

У рэзалюцыі заяўлены недавер судовай сыстэме Беларусі, а таксама гаворыцца пра пачатак збору подпісаў аб правядзеньні рэфэрэндуму на вывучэньне адпаведнасьці ўказаў прэзыдэнта Канстытуцыі Беларусі. У дакумэнце ўтрымліваецца патрабаваньне аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў і заклік да ўладаў выканаць рэкамэндацыі Эўразьвязу.

Нагадаем, мітынг прадпрымальнікаў пачаўся без гукаўзмацняльнай апаратуры. Як патлумачыў старшыня каардынацыйнай рады сталічных прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў, высьвятлілася, што няма дазволу райвыканкаму на падключэньне апаратуры.

12.15. У парк Дружбы народаў прыйшло ўжо больш за 100 чалавек. Сярод прысутных — лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, палітык Вячаслаў Сіўчык, былы дэпутат Сяргей Скрабец (ён трымае плякат “Свабоду Казуліну”). Прысутнічаюць прадстаўнікі дыпляматычных місіяў.

Прадпрымальнікі трымаюць плякаты: “Дайце нам спакойна працаваць”, “Патрабуем закон для малога бізнэсу”, “Роўныя ўмовы дзейнасьці ўсім формам уласнасьці”.

12.25. У акцыі прадпрымальнікаў на плошчы Бангалор бяруць удзел ўжо каля 150 чалавек. Сярод іх шмат моладзі. На мітынг прыйшоў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

13.00. Прадпрыемства “Менскэнэрга” адмовілася падключыць гукаўзмацняльную апаратуру, патлумачыўшы гэта тым, што няма дазволу Менгарвыканкаму. Старшыня каардынацыйнай рады сталічных прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў, а потым і прадпрымальнік з Салігорску Анатоль Зьмітровіч выступаюць без гукаўзмацняльнікаў.

Яны гаворыць пра тое, што прадпрымальнікі выступаюць супраць указу прэзыдэнта №760, у выніку дзеяньня пункту 1.1 якога ў наступным годзе каля 300 тысячаў чалавек могуць пазбавіцца працы.

У акцыі бяруць удзел ужо больш за 200 чалавек. Сярод прысутных шмат людзей у цывільным. Яны здымаюць удзельнікаў акцыі на відэакамэры.

13.15. На мітынгу выступілі прадстаўнікі прадпрымальніцкіх рухаў Гомельшчыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Яны тлумачаць невялікую колькасьць удзельнікаў акцыі тым, што было мала інфармацыі, і не было пэўнасьці, што мітынг будзе дазволены. Прадпрымальнікі заклікаюць распачаць збор подпісаў за адмену указу прэзыдэнта і 25 сакавіка абвесьціць страйк. Да ўдзельнікаў акцыі далучыўся старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

13.25. Урэшце быў атрыманы дазвол на выкарыстаньне гукаўзмацняльнай апаратуры на мітынгу. І цяпер усе прамовы добра чуваць. Прадстаўнікі рэгіёнаў працягваюць выступаць. Яны кажуць пра тое, што кожнага зь іх дэлегавалі на мітынг, як мінімум, паўтары тысячы чалавек. Паводле выступоўцаў, прадпрымальнікі ў рэгіёнах гатовыя браць удзел у акцыях пратэсту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)