Прадпрымальнік — як яго 15 сутак ламалі: «Ад раніцы камеру залілі хлоркай»

Аляксей Мельянец на 15 сутак апынуўся за кратамі за тое, што ў яго на балконе віселі бел-чырвона-белыя жалюзі. Прычым віселі яны там, на 14-м паверсе, ужо некалькі год, і толькі цяпер прыцягнулі ўвагу міліцыянераў.

Адметна, што не так даўно за такія самыя жалюзі, толькі ў прыватным доме, вокны якога выходзяць на лес, судзілі брата Аляксея — шматдзетнага тату Сяргея. Апошняму, праўда, прысудзілі штраф на 30 базавых, а вось Аляксея адразу пазбавілі волі.

Аляксей Мельянец. Фота з сацыяльных сетак

З фотаздымкамі жалюзі па мужчыну прыйшлі 21 сакавіка. Пры гэтым міліцыянеры супакоілі, што забяруць яго ад жонкі і непаўнагадовых дзяцей на прафілактычную размову ў Ленінскі РУУС. Нават паабяцалі, што самі прывязуць назад. Але ў выніку дахаты Аляксей не вярнуўся. Ён правёў дзве ночы на Акрэсціна, а пасля быў этапаваны ў Жодзіна.

— Першую ноч правёў на драўляных ложках без пасцельнага і ацяплення. Другую — у двухмясцовай камеры 2,5-3 метры, дзе нас было сямёра. Пасцельнае, матрацы адсутнічалі. Мы проста клалі галаву пад ложак на падлогу, каб неяк змясціцца там і спаць. Зранку нас вывелі ў калідор, і камеру залілі хлоркай, адразу ж нас вярнуўшы. Прыйшлося ўсё гэта прыбіраць неяк і дыхаць гэтым. Як сказаў больш бывалы — цяпер так там робяць кожную раніцу, — расказвае Аляксей.

Суд над Аляксеем цягнуўся хвілін 20. Дзесяць з іх нібыта разважалі над тым, якое рашэнне прыняць. Мужчына стараўся дагрукацца: тлумачыў, што балкон у падобных адценнях у яго аформлены не першы год, што жалюзі даўно віселі ў гарызантальным становішчы, і немагчыма было ўбачыць на 14-м паверсе, што там увогуле за колеры.

— Ад суддзі проста чуў: «Вы ж разумееце, якая зараз сітуацыя». А я не разумею. Калі гэтыя колеры сталі забароненымі?

На трэці дзень Аляксея транспартавалі ў Жодзіна. Спачатку ўсё там яму падалося ледзь не ідэальным — у параўнанні з тым, канечне, як там абыходзіліся з затрыманымі ў жніўні.

— Пасля 10 жніўня я быў у Жодзіна пару дзён. Суд тады так і не адбыўся. Нас пачалі збіваць яшчэ ў Савецкім РУУСе, пакуль мы амаль суткі стаялі на вуліцы. Пасля ўсю дарогу з Мінска штурхаў АМАП. Ну і прынялі адпаведна: людзі прайшлі праз калідор удараў. У гэты раз нічога такога не было. Нас нават адразу звадзілі ў душ. Назвалі мінскай элітай.

Канечне, камера была перапоўненая: 13 чалавек на 10 месцаў, але ў нас былі і падушкі, і пасцельнае, і кніжкі, і гульні. Адзінае, што не дазвалялі днём сядзець на ложках. Усё змянілася пасля Дня Волі. Ад нас адсялілі «бывалых» — нехта за крадзяжы сядзеў, нехта за бойку — і засталіся адны палітычныя», — згадвае суразмоўца.

У камеры ўжо стала 15 чалавек, у іх забралі ўсё — ад матрацаў да рэштак перадач. Калі раней на вячэру разам з кашчавай рыбай (сукамернікі Аляксея называлі гэтую страву «могілкамі») давалі бульбу, то цяпер пакінулі адну рыбу. Прычым лыжак не прыносілі — трэба было есці ўсё рукамі. Акрамя таго, у супрацоўнікаў ізалятара з’явілася новае «хобі» — па некалькі разоў прыходзіць у «хату» па начах і рабіць бессэнсоўныя пераклічкі, не даючы спаць.

— Мы падумалі: раз камера перапоўненая — і метра квадратнага не было на чалавека, — то можам патрабаваць права хаця б сядзець на ложках днём. Паспрабавалі. І вось зранку яшчэ да праверкі да нас у камеру залятаюць з крыкамі: «Каму там месца не хапае»? Ну і вывелі спачатку сукамерніка Сашу ў душ. Збілі там.

А пасля забралі маладафронтаўца Дзяніса Урбановіча як «самага галоўнага змагара» і таксама збілі. Потым нас усіх вывелі на калідор, ледзь не на шпагат паставілі. Мне таксама дасталася палкай па азадку. Але ў параўнанні з тым, што зрабілі з Дзянісам — гэта, канечне, нішто. Пасля ўсёй гэтай сітуацыі і калі Дзяніс выйшаў на волю ды распавёў пра ўмовы на Жодзіна ў СМІ, нас называлі самай «пеўневай камерай».

Даставалася не толькі сукамернікам Аляксея. З яго словаў, з іншых камер таксама перыядычна чуліся стогны і крыкі. Так, у адной з суседніх «хат» асуджаным удалося схаваць адну падушку. Пасля таго, як супрацоўнікі выявілі гэта, пачалі збіваць мужчыну, што «правініўся».

Сукамернікамі Аляксея былі ў асноўным студэнты, затрыманыя пасля Дня Волі. А таксама інжынер, менеджар, вернік, юрыст. Былі і выпадковыя людзі, што трапілі пад хапун. Так, аднаго з мужчын забралі на Пушкінскай, калі той ішоў за півам.

— Ëн расказваў, што зусім не цікавіўся палітыкай, апалітычны, але пасля сутак выйшаў амаль змагаром, — смяецца Аляксей. — Нас, канечне, спрабавалі зламаць маральна, прынізіць як мага мацней, але абстаноўка ў камеры была неверагоднай. Праз 10 дзён мы з хлопцамі так зрадніліся, што, калі развітваліся, — ледзь не плакалі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(11)