Профсоюзы
Юрась Палескі, «Радыё Рацыя»

Працоўныя «Пінскдрэва» пішуць заявы на выхад з ФПБ

Апошняй кропляй стала атрыманне заробку за месяц.

Нязгодныя рабочыя сабраліся на стыхійны мітынг і вырашылі выйсці з дзяржаўнага прафсаюза. Каля 100 заяў былі напісаныя адразу. Сабрана ўжо каля 150, збор ідзе далей, заявы будуць пераданыя на імя генеральнага дырэктара Аляксандра Судніка.

Усё адбылося ў адным са структурных падраздзяленняў холдынгавай кампаніі “Пінскдрэў” на заводзе габляванага шпону і мэблі.

Сітуацыю пракаментаваў Дзмітрый, рабочы:

– Настолькі цяжкая зараз эканамічная сітуацыя ў працоўных, калі зарплаты ў параўнанні з той працай, якую людзі робяць, настолькі мізэрныя, настолькі здзеклівыя за нашую цяжкую рабскую працу, якая параўнальная з катаржнай працай. І літаральна сёння людзі атрымалі разліковыя лісткі на нашым заводзе, паглядзелі і проста апусціліся рукі. Таму што тыя сумы, якія нам выплочваюць, – здзеклівыя, бо людзям трэба карміць свае сем'і, карміцца самім, выплочваць крэдыты і фактычна гэта не толькі ўжо немагчыма, але гэта ўганяе людзей у нейкую кабалу, таму што з'яўляюцца даўгі і іншае.

Рабочы адзначыў, што незадаволенасць была даўно, але людзі трымаліся да апошняга, спрабавалі хадзіць на прыём да генеральнага дырэктара, верылі ў найлепшыя змены пасля адстаўкі Ларана Арыніча і разбіральніцтваў па выбуху. Як адзначыў Дзмітрый, чуткі аб выказаным пратэсце на заводзе распаўсюджваюцца па ўсім холдынгу і жадаючых далучыцца вельмі шмат.