«Працаваць мы вас навучым, а вось хто быў першы, у нас тут апошні!»
17 верасня спаўняецца 85 год з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі, што была фактычна аддадзеная бальшавікамі Польшчы ў 1921-м, з Савецкай Беларуссю.
Гэта важная дата ў гісторыі краіны, і адначасова неадназначная. Бо для адных яна стала светлым днём, а для іншых абярнулася рэпрэсіямі і выгнаннем.
«Салідарнасць» распавядае пра апошніх уладароў графскай сядзібы Храптовічаў у Шчорсах, для якіх верасень 1939-га стаў катастрофай.
Апошнім уласнікам сядзібы ў Шчорсах быў Апалінарый Храптовіч-Буцянёў. Для тых, хто слаба альбо зусім не ведае гісторыю слаўнага роду Храптовічаў, патлумачым, адкуль у іх нашчадкаў з’явілася менавіта гэтае падвойнае прозвішча.
А дапаможа нам у гэтым кніга «История старой русской дворянской семьи. Хроника семьи Бутеневых», напісаная ў эміграцыі сынам Апалінарыя Міхаілам. У 2018-м па-беларуску яе надрукавала выдавецтва «Галіяфы».
Няхай вас не бянтэжыць «старая русская дворянская семья» ў назве кнігі. Пра гэта мы раскажам ніжэй.
Храптовічы мелі па ўсёй Беларусі не адзін маёнтак. Шчорсы былі іх шматвекавым радавым гняздом, таксама яны валодалі вялікім фальваркам у Вішневе (сёння вёска ў Валожынскім раёне), а таксама ў Бешановічах.
Не так даўно «Салідарнасць» пісала пра апошняга канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча. Згаданыя вышэй маёнткі ён перадаў у спадчыну сваім сынам — старэйшы Адам атрымаў Шчорсы і Вішнеў, а малодшы Ірыней — Бешанковічы.
Адам памёр бяздзетным, ягоная спадчына адыйшла да Ірынея. Такім чынам, усе тры галоўныя радавыя маёнткі Храптовічаў апынуліся ў адных руках.
Ірыней Храптовіч меў трох дзяцей — сына Міхаіла і дачок Марыю і Алену.
Пасля смерці бацькі Міхаіл Храптовіч доўгі час застаўваўся ўласнікам радавых сядзібаў і набытых ягонымі продкамі маёнткаў. У адрозненне ад свайго дзеда Яўхіма, ён зусім не меў талентаў гаспадарання на зямлі. Хутка маёнткі пачалі прыходзіць у заняпад.
Выратаваў сітуацыю наняты Міхаілам аканом з Германіі Фердынанд Фішэр. І не проста выратаваў: фальварак у Шчорсах ягонымі стараннямі з часам займеў заслужаную славу на прасторах колішняга ВКЛ. Фішэр служыў у Шчорсах сорак гадоў.
Міхаіл Храптовіч урэшце перадаў сямейную спадчыну дзецям сваёй сястры Марыі, якая выйшла замуж за расійскага дыпламата Апалінарыя Буцянёва. У спадчыну Буцянёвы-малодшыя атрымалі прозвішча продкаў сваёй маці і графскі тытул.
Спачатку маёнткамі валодаў старэйшы сын Марыі Буцянёвай Міхаіл, а ў 1899-м яны перайшлі да малодшага Канстанціна — бацькі апошняга ўласьніка Шчорсаў Апалінарыя.
Наступныя гады Канстанцін, які пакутваў ад сянной ліхаманкі, болей часу праводзіў у Маскве і на курортах. Справы ў Шчорсах тым часам ішлі добра. Месца Фердынанда Фішэра заняў ягоны таленавіты вучань Юргенсан, які ведаў сваю справу.
А потым здарылася Першая сустветная вайна, ад якой з усіх храптовічаўскіх маёнткаў найбольш пацярпелі Шчорсы. Гаспадары паспелі вывезці ладную частку найбагацейшай бібліятэкі ў Кіеў. Тыя скарбы так і не вярнуліся на радзіму.
Канстанцін Храптовіч-Буцянёў пасля кастрычніцкага перавароту з сям’ёй з’ехаў у Ялту. Тут нарадзіўся аўтар мемуараў Міхаіл Апалінар’евіч.
У Крыме Храптовічы-Буцянёвы прабылі нядоўга, у сакавіку 1920-га на адным з апошніх эмігранцкіх параходаў яны з’ехалі, каб урэшце праз некалькі гадоў вандравання па Еўропе асесці пад Парыжам.
Тым часам Шчорсы і Вішнева апынуліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Зямельная рэформа, якую зладзіла маладая польская дзяржава, прынесла добры прыбытак нашчадкам Храптовічаў, якім вярнулі права ўласнасці на маёнткі.
Канстанцін Храптовіч-Буцянёў памёр у 1932-м у Кламары, што пад Парыжам. Ягоны сын Апалінарый стаў спадкаемцам сядзібы ў Шчорсах.
Аналінарый Канстанцінавіч нарадзіўся ў 1879-м у Бешанковічах. Тут, а таксама ў Шчорсах, ён правёў дзяцінства. Вучыўся ўжо ў Расіі, у Туле. Потым быў універсітэт у Маскве і навучанне азам сельскай гаспадаркі ў Германіі.
Пачатак ХХ стагоддзя ён сустрэў на дыпламатычнай службе царскай Расіі. Місія ў Канстанцінопалі, колькі год у пасольстве ў Токіа.
У 1910-м Апалінарый ажаніўся з Марыяй Трубяцкой, са старажытнага роду князёў Трубяцкіх, які браў свой пачатак ад вялікага князя Гедыміна.
У іх нарадзілася сямёра дзяцей: Праскоўя, Канстанцін, Марыя, Елізавета, Кацярына, Міхаіл і Сяргей. Жонка Канстанціна памерла ў 46 гадоў у 1934-м. За колькі гадоў да гэтага яе разбіў інсульт.
Праз год ён ажаніўся другі раз — на Вользе Харынавай, патомнай расійскай дваранцы. Як і Храптовічы-Буцянёвы, у 1920-м яна з’ехала з Расіі. Харынава выкладала дзецям Апалінарыя музыку.
Некалькі год ідылі на зямлі продкаў
У той самы год сям’ю Храптовічаў-Буцянёвых чакаў яшчэ адзін лёсавызначальны жыццёвы паварот. Польскі ўрад прыняў пастанову, згодна якой буйныя землеўласнікі на тэрыторыі Польшчы мусілі мець польскае грамадзянства і жыць непасрэдна ва ўласных сядзібах.
У адваротным выпадку землі забірала сабе дзяржава. Для ўласнікаў маёнтка ў Шчорсах была яшчэ адна ўмова: абавязкова мець падвойнае прозвішча. У Францыі ў расійскім эмігранцкім асяродку яны даўно ўжо былі вядомыя, як проста Буцянёвы.
У пачатку 1935-га адбыўся вялікі пераезд. Сям’я Апалінарыя ехала некалькімі групамі, толькі мэбля з іх дома ў французскім Кламары заняла ці не цэлы вагон. Да Баранавічаў яны даехалі цягніком, а ўжо ў Шчорсы дабіраліся на санях.
Вось як вяртанне на радзіму бацькі апісваў Міхаіл Храптовіч-Буцянёў. Па яго словах, у Францыі ім жылося добра, але там яны былі чужымі, уцекачамі:
— Тут жа мы знайшлі краіну, дзе нас прынялі як сваіх. Мы жылі ў Шчорсах, у сядзібе, дзе жылі нашы продкі, у нашым доме, на нашай зямлі.
Аўтар успамінаў прыгадваў, што прозвішча старадаўніх уладальнікаў маёнтка на беразе Нёмана адкрывала перад імі многія дзверы:
— Тут мы былі адразу прызнаныя і прынятыя за сваіх, за членаў старажытнага і вядомага беларуска-польска-літоўскага роду Храптовічаў. Які вярнуўся на сваю гістарычную радзіму. Мы былі ўладальнікамі аднаго з самых вялікіх і старых маёнткаў, якія былі вядомыя кожнаму. Куды б мы не пайшлі, паўсюль нас сустракалі па-сяброўску і з павагай.
Сям’я Апалінарыя не сутыкнулася з моўным бар’ерам: у Шчорсах у тыя гады размаўлялі па-расійску і па-беларуску. Самі яны адразу ж пачалі вучыць польскую мову.
Міхаіл Храптовіч-Буцянёў называе першыя два гады ў Шчорсах самымі шчаслівымі ў беларускім перыядзе жыцця ягонай сям’і. Новыя гаспадары наладжвалі побыт, аднаўлялі гаспадарку, знаёміліся з суседзямі. Адным з іх быў стары князь Міхаіл Святаполк-Мірскі, уладальнік старажытнага замка ў Міры.
Міхаіл Апалінар’евіч з захапленнем апісваў беларускую прыроду, якая яго моцна ўразіла пасля ўбачанага ў Францыі і агулам у Заходняй Еўропе: бясконцыя лугі і палі, праз якія можна было ехаць гадзінамі, бяскрайнія лясы з магутнымі дрэвамі, якія яму не даводзілася бачыць пад Парыжам.
З дзясятак старонак мемуараў сын апошняга ўладара Шчорсаў прысвяціў паляванню ў мясцовых лясах, поўных дзічыны. А таксама лоўлі ракаў у возеры Кромань, што ў Налібоцкай пушчы.
«Мы наіўна давяралі падпісаным пагадненням…»
Але ідылія хутка скончылася. «Лета 1939 года было неспакойным у палітычных адносінах», — пісаў сын Апалінарыя. І дадаваў, што ў тыя дні выразна адчувалася, што ў Еўропе штосьці наспявае.
Ягоная мачаха, Вольга Храптовіч-Буцянёва, напісала пра падзеі Другой сусветнай вайны кнігу ўспамінаў «Злом». Яна прыгадвала, што ўсе былі нагэтулькі засяроджаныя на пагрозе нямецкага ўварвання, што прыход бальшавікоў стаў поўнай нечаканасцю.
— Віхура падзей захапіла нас знянацку, як і ўсіх у Польшчы. Мы наіўна давяралі падпісаным пагадненням аб ненападзе і аб несумнеўнай дапамозе Англіі і Францыі, — з горыччу пісала яна.
У сваіх мемуарах Вольга Храптовіч-Буцянёва апісала на прыкладзе Навагрудка, як змяніліся жыццё з прыходам бальшавікоў. Вось як выглядалі апошнія мірныя дзянькі:
— Да прышэсця Чырвонай арміі ў Наваградку жылі, не спяшаючыся, сытна, спакойна і патрыярхальна. Хоць палякі яўрэяў і недалюблівалі і ставіліся да іх пагардліва, але ўжываліся яны мірна і часта дапамагалі адзін аднаму разнастайнымі паслугамі.
І лістапад 1939-га:
— Мясцовая адміністрацыя, атрымаўшы дырэктывы з Масквы, паспела арганізавацца. Прыехалі дасведчаныя камісары, тавары зніклі і з’явілася чорная біржа. Арыштаваныя чакалі следства, допытаў і расправы. Вуліцы ўжо даўно не прыбіраліся, і ўвесь горад набыў спустошаны, брудны выгляд. Пазачыніліся абрабаваныя лаўкі, пацягнуліся бясконцыя чэргі за рэштай харчу.
«Канец эпохі нашай сям’і»
А вось як раніцу 17 верасня апісваў Міхаіл Храптовіч-Буцянёў. Ён прачнуўся ад гука самалёта, што ляцеў нізка над зямлёй. Потым былі два моцныя выбухі, ад якіх, здавалася, «разрывала вантробы».
З Нясвіжа патэлефанаваў князь Радзівіл. Ён папярэдзіў, што праз лічаныя гадзіны бальшавікі будуць у Шчорсах. Дочкі Апалінарыя былі ў Навагрудку, дзе вучыліся на медсёстраў. Міхаіл рваўся ў добраахвотнікі, але не паспеў.
У сям’і былі думкі пра ўцёкі, але дарогі былі забітыя ўцекачамі, а іх аўтамабіль рэквізавала польскае войска. У выніку Поль, як звалі родныя Апалінарыя, і Вольга вырашылі застацца ў Шчорсах. Дзяцей яны выправілі ў Навагрудак.
Хутка сям’я апошніх уласнікаў Шчорсаў будзе разарваная, Міхаіл у сваіх успамінах не пашкадуе эмоцый з гэтай нагоды:
— Так, гэта быў канец эпохі, канец ладу жыцця, канец стылю мыслення. Канец нашых любімых Шчорсаў, нашых планаў і надзеяў, канец палітычнай і эканамічнай сістэмы ў гэтай частцы свету. І жыццё кожнага павісла на валаску.
У першы ж дзень былі арыштаваныя Апалінарый, ягоны сын Сяргей, які ляжаў з тэмпературай, жонка Вольга і яе дзядзька Жуль. Міхаіл вывез астатніх дзяцей у Навагрудак, дзе радасны натоўп ужо вітаў лёгкія савецкія танкі на цэнтральнай плошчы.
Неўзабаве за кратамі застаўся толькі Апалінарый, іншых вызвалілі. Дзеці здолелі з’ехаць ў Варшаву, дзе ў сям’і была свая кватэра. Вольга адмовілася ўцякаць і да апошняга хадзіла адведваць у турму арыштаванага мужа.
Маёнтак у Шчорсах разрабавалі яшчэ 17 верасня. Новыя ўлады са спазеннем апячаталі дом. Сумны лёс чакаў рэшту багатай калісьці бібліятэкі. Каштоўныя кнігі спалілі на гіганцкім кастры.
У пачатку 1940-га Апалінарыя да суда перавялі ў мінскую турму. Вольга перажыла першую хвалю дэпартацыі ў лютым таго года ў доме польскага турэманага лекара з Кракава. А ў красавіку яе разам з лекаравай жонкай вывезлі з Навагрудка ў Казахстан:
— На зборы нам далі паўгадзіны. Кожная мела права ўзяць з сабой 100 кілаграмаў багажу. «Бярыце болей, — падбадзёрваюць нас дабрадушна салдаты, — там усё спатрэбіцца!»
Да Акцюбінска цягнік з дэпартаванымі ехаў паўмесяца. Пасярод поля іх чакала калона грузавікоў. Вольга Храптовіч-Буцянёва ўзялася перакладаць каманды НКУСаўца. Працытуем яе ўспаміны:
— Якая ж вы полька? — насмешліва спытаў ён мяне і праверыў мой пашпарт. — А, на ўтрыманні былога памешчыка! — прачытаў ён ўслых упісаную навагрудскім НКУС зацемку, пра якую я нічога не ведала.
Энкавэдыст, прыжмурыўшы вочы, уважліва мяне разглядаў.
— Куды вы нас везяце? — спытала я.
— Ды вось па калгасах, убачыце, у стэпе добра, прывольна. Пабудуеце сабе дамы, працаваць мы вас навучым, а вось хто быў першы, у нас тут апошні! — дадаў ён, хітра звузіўшы вочы.
І гэта было праўдай. Наперадзе былі надзвычай складаныя месяцы жыцця ў казахскім стэпе. Часта на мяжы выжывання.
Вольга здолела дабіцца для сябе працы настаўніцы музыкі. А калі са згоды Сталіна пачалі фармаваць армію Андэрса, змагла з’ехаць з Казахстана праз Іран і Егіпет у Еўропу. Шлях да свабоды быў доўгім. З мужам яна ўбачылася толькі ў 1945-м.
Калі ў Баранавічы прыйшлі немцы, ахова турмы, дзе на той час сядзеў Апалінарый, разбеглася. Яму дазволілі вярнуцца ў Шчорсы, але толькі каб жыць там. Гаспадарку прыбрала да рук акупацыйная ўлада.
Спачатку Поль сімпатызваваў тым, хто яго вызваліў. Але вельмі хутка ў Навагрудку з’явілася гета, пайшлі страшныя размовы пра знішчэнне габрэяў. Апалінарый расчараваўся ў немцах, ён не прыняў іх стаўленне да ягоных землякоў.
Апошні ўласнік храптовічаўскага маёнтка з’ехаў з Беларусі. Спачатку ў Кёнігсберг, а пасля ў Францыю. Лёс адмерыў яму нядоўгі час, каб пацешыцца доўгачаканай сустрэчай з жонкай у французскім Бардэбюры.
Гэтым эпізодам ягоны сын Міхаіл завяршыў свае ўспаміны:
— Сонца на заходзе асвятляла наш мілы дом залатым святлом. Калі мы сталі перасякаць вялікі газон перад домам, я ўзяў Олю за руку і паказаў ёй на скрайняе правае акно на другім паверсе. Яно было расхінутае насцеж, і там стаяў папа (дзеці называлі Апалінарыя на французскі манер papа́ з націскам на апошні склад — С.). Усе мы засталіся жывымі ў гэтую вайну, і мы былі зноў разам.
30 чэрвеня 1946-м Апалінарый Храптовіч-Буцянёў пайшоў з жыцця. Ягоны ўнук, Пётр Буцянёў, упершыню прыедзе ў Шчорсы з ЗША толькі праз 70 гадоў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное