Политика
Юлія Аляксандрава

Працэс над Аўтуховічам апынуўся без рэчавых доказаў

Пасля паўторнага допыту сведкі атрымалася, што ніякіх рэчавых доказаў у гэтай справе няма. Cам ваўкавысскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч у сваёй прамове прыводзіў доказы таго, што гэта справа сфальсіфікаваная.

Раніцой 16 красавіка было задаволена хадайніцтва Мікалая Аўтуховіча аб паўторным допыце сведкі Казіміра Ялесіка.

– Гэта чалавек, які, паводле Аляксандра Ларына, знайшоў у лесе малакаліберную вінтоўку і перадаў яе Ларыну, – распавёў «Салідарнасці» старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. – Пры першым допыце сведку паказвалі толькі фотаздымкі абрэза, але прадставіць саму зброю суд чамусьці не змог. Сёння ж гэты рэчавы доказ яму прадаставілі. Сведка адназначна заявіў, што гэты абрэз не мае нічога агульнага з той іржавай вінтоўкай, якую ён перадаваў Ларыну. Такім чынам пасля паўторнага допыту сведкі атрымалася, што ніякіх рэчавых доказаў у гэтай справе няма.

Пасля допыту сведкі пачалася прамова Мікалая Аўтуховіча, якая працягнецца пасля перапынку.

Паводле Сіўчыка, Аўтуховіч у сваёй прамове паслядоўна і спакойна патлумачыў, што «гэтая справа, якая раглядаецца ў Вярхоўным судзе, цалкам заказная і сфальсіфікаваная»:

– Ён прывёў вельмі шмат доказаў. За час узбуджэння гэтай справы больш дзесяці чалавек было зняволена, каб следства магло сфабрыкаваць нейкія «доказы». За гэтай справай стаяць карумпаваныя чыноўнікі, якім ёсць што губляць, якія абкрадваюць беларускі народ на вельмі значныя суммы. Такім чынам яны застаюцца на свабодзе, працягваюць рабаваць і з гэтага фальсіфікуюць гэтую справу. Аўтуховіч вельмі падрабязна прайшоўся па ўсіх паказаннях Ларына, бо ў справе ёсць толькі тры сведкі, якія даюць паказанні супраць Аўтуховіча, Асіпенкі і Казлова: сам Ларын, асноўная частка адказаў якога на сённяшнім паседжанні была «Не памятаю» і «Не ведаю», Палтарак, які, па словах Аўтуховіча, з’яўляецца спецыяльна засланым у яго фірму агентам, і Заяц, які ведае аб справе Аўтуховіча са слоў іншага чалавека і на папярэднім паседжанні даваў паказанні праз гучную сувязь з асобнага пакоя.

Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што, «хаця шмат чаго бачыў у судовых паседжаннях, яшчэ ніколі не сутыкаўся ў такой мужнасцю, паслядоўнай пазіцыяй і нязломнасцю, якую сёння прадэманстраваў Мікалай Аўтуховіч».

– Хацеў бы нагадаць таксама, што 15 красавіка па ініцыятыве руха салідарнасці «Разам» і «Маладога фронта» Мікалай Аўтуховіч быў узнагароджаны медалём Кастуся Каліноўскага за самаахвярнасць, за яго гераізм, мужнасці і шляхетныя паводзіны, – зазначыў суразмоўца. – Сёння мы ўпэўніліся ў тым, што гэта было вельмі правільна: беларускае грамадства мусіць адзначыць мужнасць Мікалая Аўтуховіча, які практычна адзін стаіць супраць страшнай машыны беларускага рэжыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)