Общество

Пра што Якуб Колас прасіў кіраўніцтва БССР у дзень сьмерці

13 жніўня — дзень памяці Якуба Коласа, найвялікшага беларускага творцы. Піша Радыё Свабода.

Старонка «Советской Белоруссии» за 16 жніўня 1956 году

Колькі лістоў у ЦК напісаў Колас летам 1956 году

Сёньня ўсе ведаюць, што ўлетку 1956 году, перад самай сьмерцю, Якуб Колас напісаў ліст у ЦК КПБ аб стане беларускай мовы. Насамрэч Колас напісаў тады тры лісты ў ЦК партыі, якія сталі ягоным запаветам беларускаму народу.

Пра зьмест гэтых лістоў падрабязна напісаў ва ўспамінах аб народным паэце яго літаратурны сакратар Максім Лужанін. Гэтая кніжка выйшла ў 1982 годзе.

Адзін з гэтых лістоў сапраўды быў прысьвечаны стану мовы, другі — стану могілак, трэці — вулічным бойкам.​

Зьмест лістоў

У лісьце пра могілкі Колас заклікаў шанаваць месцы пахаваньняў, трымаць нэкропалі ў чысьціні і парадку, абгарадзіць вясковыя могілкі і не дазваляць там пасьвіцца скаціне.

У лісьце пра моладзь Колас адчайна прасіў ЦК КПБ зьвярнуць увагу на жорсткасьць гарадзкой і вясковай моладзі, на частыя бойкі і панажоўшчыну, п’янства і заклікаў кіраўніцтва БССР больш рашуча і пасьлядоўна заняцца выхаваньнем маладога пакаленьня.

І, канечне, самым важным лістом быў ліст пра стан беларускай мовы. Максім Лужанін сьведчыў, што Колас думаў над зьместам ліста усё лета 1956 году, рабіў накіды і ў чэрвені, і ў ліпені.

У тое лета Колас лячыўся ва ўрадавым санаторыі Барвіха пад Масквой і ў часе побыту там нават раіўся наконт ліста з маскоўскімі партыйнымі чыноўнікамі.

Як Коласа ў ЦК КПБ прынялі

Паводле сьведчаньня сыноў, найперш Міхася Міцкевіча, у дзень сьмерці Якуб Колас вырашыў аднесьці гатовы ліст пра мову у ЦК, але там адказны за культуру сакратар ЦК Цімафей Гарбуноў паэта не прыняў.

Гэта была адкрытая зьнявага, бо раней нават першыя сакратары ЦК прымалі Коласа без папярэдняй дамовы і самі бывалі ў яго дома. Паэт вярнуўся дахаты і падчас абеду ў сваім кабінэце памёр ад сардэчнага прыступу.

Што Колас пісаў пра моўную сытуацыю ў БССР

Вось тры кароткія цытаты зь ліста Коласа пра мову:

«Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны зьдзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элемэнтарныя правілы вымаўленьня, пастаноўкі націскаў, мова засьмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газэтчыкі не карыстаюцца мовай у побыце...»

«Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменьню, а з другога — нашы ворагі...»

«Калі беларускаю мовай загавораць міністры і іх шматлікія намесьнікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове паседжаньні, пісаць, дык можна мець пэўнасьць, што справа пойдзе на лад...»

Наколькі цяпер актуальныя думкі Коласа

З таго часу прайшло больш за паўстагодзьдзя, але многія думкі народнага паэта ўсё яшчэ актуальныя. На Кальварыйскіх ці Чыжоўскіх могілках у Менску немагчыма хадзіць паміж магіламі. Усё зарасло высокай травой, дрэвамі і кустоўем. Улады дапільноўваюць толькі цэнтральныя алеі.

І з мовай у нас па-ранейшаму праблемы. І дыктара гавораць дзікай мовай, і кіраўніцтва краіны ёй не карыстаецца. Лепш стала толькі з моладзьдзю, якая сёньня, безумоўна, лепш выхаваная і адукаваная.

Народнае разьвітаньне

Галоўнае ж, пра што хацелася сказаць сёньня, у 63-ю гадавіну сьмерці паэта — гэта магутнае ўражаньне ад здымкаў вуліц і плошчаў Менску ў дні разьвітаньня зь песьняром. Здаецца, што ўся Беларусь, вясковая і гарадзкая, у тыя дні пабывала ў Менску.

За апошнія 100 гадоў беларусы хавалі так толькі трох чалавек (калі, вядома, не лічыць афіцыйных імпрэзаў у дзень сьмерці Сталіна і іншых валадароў СССР). Гэта Якуб Колас, Пётар Машэраў і Васіль Быкаў — іх пахаваньні сталі сапраўды народнымі.

І вельмі сымбалічны, што з трох гэтых герояў беларускай гісторыі двое — пісьменьнікі.

Паглядзіце здымкі разьвітаньня з Коласам. Гэта Менск, жнівень 1956 году. Я гэтыя здымкі не магу забыць з таго самага часу, як упершыню іх убачыў у старых газэтах больш за 20 гадоў таму.

Чарга ў Палац культуры прафсаюзаў 15 жніўня 1986 году, дзе стаяла труна зь Якубам Коласам

Пахаваньне 16 жніўня 1956 году

Старонка «Советской Белоруссии» за 16 жніўня 1956 году

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)