Политика
Юлія Аляксандрава, фото Антона Мотолько, ”TUT.BY”

Пра што размаўляў Салана з апазіцыяй

Першы візіт Хаўера Саланы, вярхоўнага прадстаўніка ў пытаннях агульнай знешняй палітыкі і бяспекі ЕС, у Мінск пачаўся з сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі. Пра што ішла размова, “Салідарнасці” распавяла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

 

У сустрэчы таксама прысутнічалі палітыкі Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, старшыня кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, праваабаронца Алег Гулак і эканамісты Алена Танкачова і Павел Данэйка.

 

— Распачынаючы сустрэчу, Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што дыялог – гэта гістарычны шанец для Беларусі і прыезд спадара Саланы сведчыць, што для Еўропы гэты дыялог таксама вельмі важны. Мілінкевіч адзначыў, што з’яўляецца прыхільнікам палітыкі бізуна і перніка, хаця на сённяшні момант больш эфектыўны пернік, -- расказала Жанна Літвіна.

Паводле яе, непакой абодвух бакоў выклікае недахоп канкрэтнага плана ўзаемадзеяння Беларусі і Еўропы, на сённяшні дзень “абмежаванага дэкларацыямі, а не рэальнымі крокамі”.

Абмяркоўвалася падчас сустрэчы і сітуацыя са СМІ.

 

— Мы адзначалі, што насустрач рэкамендацыям Еўрасаюза ў галіне СМІ дзяржава зрабіла важныя крокі. Але гэтыя крокі не кранаюць сутнасці праблемаў, звязаных са свабодай слова, — падкрэсліла Жанна Літвіна. — Улады па-ранейшаму захоўваюць манаполію на друкаваныя і электронныя СМІ, на сістэмы друкарняў і распаўсюду, дзяржаўныя СМІ разглядаюцца як частка ідэалагічнага механізму з функцыямі прапаганды. Крытэрыямі змены сітуацыі павінны стаць роўныя эканамічныя ўмовы для мас-медыя з рознай формай уласнасці. Яшчэ адзін блок праблемаў звязаны з доступам да інфармацыі і прывядзеннем у адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі беларускага заканадаўства.

Рэальнай магчымасцю супрацоўніцтва Беларусі і Еўропы, на думку беларускага боку, з’яўляецца ўдзел у праграме Усходняга партнёрства. Са свайго боку, прадстаўнік Брусэлю запэўніў, што Еўрасаюз гатовы дапамагаць ураду ў вырашэнні эканамічных праблем, каб Беларусь была адаптаваная да агульнаеўрапейскіх працэсаў, звязаных з перамогай над крызісам.

Хаўер Салана таксама адзначыў, што ЕС з цікавасцю і хваляваннем назірае за падзеямі ў Беларусі. Так відавочна адмоўную адзнаку атрымліваюць дзеянні ўладаў 14 лютага, працяг палітычных рэпрэсій, складаная сітуацыя са свабодай слова, прысутнасць палітычных артыкулаў у крымінальным кодэксе. Скасаванне гэтых фактараў, на думку прадстаўніка Брусэлю, з’яўляецца неабходным крокам для далейшага дыялогу, зацікаўленасць у якім выказваюць абодва бакі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)