Политика
Анастасія Зелянкова

Пра што будзе размаўляць апазіцыя з дэлегацыяй ПАСЕ

Делегацыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 17 лютага сустрэнецца з прадcтаўнікамі апазіцыі. Пра што будуць размаўляць палітыкі на працягу двух гадзін, “Салідарнасці” расказаў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Па папярэдніх дадзеных, на сустрэчы з дэлегацыяй ПАСЕ, якая 16 лютага прыехала ў Мінск, будуць прысутнічаць лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сіл Вінцук Вячорка, Анатоль Ляўковіч, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Павел Севярынец і Анатоль Лябедзька. 17 лютага з 15.00 да 17.00 палітыкі абмяркуюць шэраг актуальных пытанняў.

— Мы маем намер сфакусіраваць увагу на двух прыярытэтных для нас пытаннях, — паведаміў “Салідарнасці” Анатоль Лябедзька. — Па-першае, гэта змена выбарчага заканадаўства і вяртанне выбаршчыкам Беларусі права на свабодныя дэмакратычныя выбары. Другое пытанне – гэта сітуацыя з мас-медыя: роўныя ўмовы для дзяржаўных і недзяржаўных медыя і доступ апазіцыі да дзяржаўных мас-медыя. Гэта тое, што, на наш погляд, неабходна, каб Парламентская асамблея Рады Еўропы ставіла найгалоўнешым прыярытэтам.

Разам з тым, падчас сустрэчы кожны з прадстаўнікоў палітычных структур будзе мець магчымасць паставіць ад сябе некалькі пытанняў.

— Што датычыць мяне, то я маю намер ўзняць пытанне “Справы 14-ці”. Улічваючы тое, што на весну рыхтуецца праект закона аб амністыі, сёння трэба дамагацца, каб гэтыя людзі трапілі ў катэгорыю тых, на каго амністыя будзе распаўсюджваецца. Мы павінны закрыць справу, якая сёння перашкаджае дыялогу і ўнутры краіны, і з міжнароднай супольнасцю. Другое пытанне датычыцца зніклых палітыкаў і журналістаў. Сёлета дзесяць гадоў з моманту знікненя Захаранкі і Красоўскага, таму я хачу, каб Рада Еўропы вярнулася да гэтага. У свой час прымалася спецыяльная рэзалюцыя Пургурыдыса, дзе былі прапісаны шэраг захадаў, якія павінны зрабіць беларускія ўлады. Таму я палічыў бы важным і неабходным, каб падчас сесіі ў красавіку ў фармаці той ці іншай структуры Парламентскай асамблеі было разгледжана гэтае пытанне і дадзена ацэнка тыму, як выконваюцца тыя рэкамендацыі. Мы не маем маральнага і палітычнага права забывацца на гэтую праблему.

Па словах Анатоля Лябедзькі, падчас сустрэчы лідэры АДС таксама маюць намер падняць пытанне пра арышт ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Аднак пакуль гэтыя заклікі не будуць насіць ультыматыўны характар.

— Улады зрабілі ўсё, каб рэаніміраваць пытанне політзняволеных, якое, здавалася б, ужо не існуе, -- адзначае лідэр АГП. — Ультыматум заўсёды можна паставіць, дзверы заўсёда можна зачыніць, але спачатку нам трэба зразумець, з якой місіяй прыехалі гэтыя людзі ў Беларусь, адчуць іх рэакцыю на тую праблематыку, якая намі будзе пастаўлена. Калі ў іх пытанне нумар адзін – увядзенне ў Беларусі амбуцмена ці ўсё абмяжуецца толькі пытаннямі смяротнага пакарання, то, зразумела, якая перспектыва гэтай місіі і што яна можа зрабіць. Я думаю мы павінны выкарыстаць усе магчымасці, каб пытанні нашы прагучалі. Калі гэта будзе данесена, то ў нас ёсць шанец, што да ультыматума справа не дойдзе. Але калі людзі будуць працягваць сядзець і ў нас будуць доказы, што гэта чыста палітычныя арышты, то ўмова ультыматуму ўзнікне сама па сабе. Ніхто не будзе сёння мірыцца з сітуацыяй, што людзі сядзяць у турме па палітычных матывах, а там нехта з некім размаўляе.

Дэлегацыя ПАСЕ будзе знаходзіцца ў Беларусі да 19 лютага. Паводле БелаПАН, у еўрапейскіх палітыкаў запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі обедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта, міністэрстваў замежных спраў, юстыцыі, інфармацыі і адукацыі, генеральным пракурорам, старшынямі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)