Общество
Eolonir

Пра прэзыдэнта і маленькага хлопчыка

Варта было прэзыдэнту з’явіцца на публіцы разам з маленькім хлопчыкам, у блёгасфэры ўсчалася куламеса. І гэта натуральна: у эўрапэйскіх краінах сям’я прэзыдэнта і яго атачэньне заўжды становіцца аб’ектам пільнае ўвагі. Вядома, якія ініцыятывы ачольваюць першыя ледзі Францыі, Гішпаніі, Партугаліі, Расеі, Украіны; кожны болей-меней рэгулярны чытач газэтаў можа сказаць, чым займаюцца сыны ды дачкі прэзыдэнтаў. Нават у Казахстане з абмежаванай свабодай слова вядомыя ўсе рухі дачкі прэзыдэнта, якая ачольвае канцэрн, што кантралюе нафтарадовішчы. У Беларусі гэтая тэма нібыта пад забаронай.

Інфармацыя пра трэцяга сына Лукашэнкі з’явілася ў дзяржаўных СМІ, пасьля чаго досыць хутка зьнікла. Але да таго яе пасьпелі перадрукаваць іншыя рэсурсы, пасьля чаго тэма пайшла па блёгах.

Беларуская суполка by_monarchist на тле з’яўленьня прэзыдэнта на публіцы з маленькім хлопчыкам разважае наконт пэрспэктываў пераемнае манархіі накшталт азэрбайджанскай, дзе адыйшоўшы прызыдэнт перадаў, па сутнасьці, уладу ў рукі свайму сыну, прыбраўшы ўсіх магчымых канкурэнтаў з электаральнага полю ды стварыўшы напаўкульт сваяе асобы (толькі аб’ектаў, названых імём Аліева, будзе за тузін). Вось толькі Аліеву-малодшаму на той час было болей за 35 гадоў, якія патрабуе Канстытуцыя. Праз 30 гадоў будзе ўжо іншы час, у якім на манархію спадзявацца няма чаго.

Donjeune таксама піша пра хлопчыка, з якім прэзыдэнт з’яўляецца на публіцы. Але самае цікавае тут — у камэнтарах. Як звычайна, калі пэўнае інфармацыі амаль няма, блёгеры пачалі спэкуляваць, адкуль ён ды хто ён і ці сапраўды гэта той самы, якого Лукашэнка рыхтуе сабе ў перамнікі. Ніякае высновы зроблена не было, але ўпэўнены, дыскусыя ня спыніцца ніколі да таго моманту, як нехта разьвее чуткі.

Petra-leleka піша пра бацькоў ды дзяцей, а менавіта пра тое, ці бяруць дзеці на сябе грахі бацькоў. “Спадзяюся, што не”, — сконьчвае блёгерка свой допіс.

Дыскусыя будзе працягвацца. І чым болей афіцыйныя СМІ будуць маўчаць на гэтую тэму, тым болей будзе плёткаў, пагалоскаў, розных спэкуляцыяў. Спадзяюся, што калісьці і ў нас зразумеюць, што спыніць размовы на такі прадмет, які заўжды ды паўсюль цікавіць усе пласты грамадзтва можна толькі апублікаваўшы дакладную інфармацыю ды задаволіўшы цікаўнасьць. Як, у прынцыпе, і па ўсіх тэмах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)