Общество
Юлія Ружачка

Пра ламанне стэрэатыпаў, ахвяры мастацтва і дударскія тэатры

20 красавіка пад адным дахам сабраліся беларусы, галісійцы, шатландцы, шведы, балгары, славенцы і латышы. У малой залі канцэртнай залі “Мінск” прайшоў першы канцэрт “Дударскага фэсту-2007”, на якім былі прадстаўлены дуды ўсіх вышэйадзначаных традыцый.

Зміцер Сасноўскі, прадусар фесту, акрэсліў канкрэтную мэту чацвёртага па ліку фестывалю: “паказ беларускай дударскай традыцыі ў межах еўрапейскай”. І гэты своеасаблівы план арганізатары здолелі нават перавыканаць. Музыкі засталіся задаволенымі, слухачы — здзіўленымі і шчаслівымі.

Распачалі канцэрт самыя сапраўдныя тролі, як адзначыў пасля спадар Сасноўскі, яшчэ і вядучы фэста, — гурт Litvintroll. І чамусьці падалося, што вядомы жарцік пра тое, што горш за дудара могуць быць толькі два дудара, прыдумаў нейкі зайздросны дудар, якога папросту не ўзялі трэцім. Два маладых хлопца з дудамі пераканалі ў тым, што старажытны беларускі інструмент нават без усялякіх “дабавак” гучыць ладна і эфектна.

Выканаўшы сваю пачэсную “місію” распачаць канцэрт, сціплыя дудары саступілі месца польскаму гурту “Dudziarzy Wielkopolski”. І тут ужо чакалі першыя здзіўленні: жанчына-дудар — з’ява рэдкая, а калі яна яшчэ і свісціць лепш за якога мужчыну, ды яшчэ і спявае... Наогул, гурт, апрануты хутчэй у традыцыйныя народныя строі, чым класічныя сярэднявечныя сукенкі, нават па знешнім выглядзе адрозніваўся ад іншых выступоўцаў.

Сюрпрызам мінулагодняга фэсту ў адзін голас называлі беларускую дударку Аксану Касцян. Існуе стэрэатып, што ў даўніну жынчыны займаліся спевамі, музычнымі інструментамі ж — мужчыны. І ў грамадстве з кансерватыўнымі поглядамі на такія рэчы дзяўчыны, нават зацікаўленыя дудой, баяліся паказаць сябе і сваё ўмельства. Паводле слоў арганізатараў фэсту, Аксана Касцян нікога не баіцца, і таму выступае ўжо другі год. А тое, што грае “ці не адзіная дударка Беларусі” на інструменце латышскага майстра, лёгка патлумачыў вядучы: “Праз кансерватызм беларускіх майстроў і дудароў жанчынам у нас не прадаюць дуды”. Такім чынам, літаральна некалькімі “выдудзенымі” нотамі мусяць ламацца стэрэатыпы.

Мяркуючы па ўсім, хутка ў лексіцы з’явяцца новыя ўстойлівыя выразы, кшталту “дударскі тэатр”. Выступленні гуртоў сапраўды нагадваюць міні-спектаклі: удзельнікі гуртоў мяняюцца месцамі і інструментамі, бы ролямі, адмысловая вопратка і дэкарацыі, афармленне сцэны, адчуванне, што разам з музыкамі ты трапляеш то на баль у нямецкі палац, то ў беларускую старажытную вёску, то на зялёныя палеткі Ірландыі. У такім інтэрактыўным тэатры адчуваеш сябе саўдзельнікам таго, што адбываецца.

Самі інструменты здзівілі сваёй павышанай характарнасцю: са сваёй дудой Дзянісу Сухому, напрыклад, нават давялося змагацца, перш чым настроіць яе на патрэбны лад і ў сваю чаргу самому здзівіць слухачоў, паказаўшы старажытную беларускую манеру грання, вядомую сваёй складанасцю і праз тое не вельмі шырокай распаўсюджанасцю.

Іншыя дуды зусім падобныя на казлоў. І гэта не абраза! Проста гурт “Kapella Kozliarska” выкарыстоўвае дуды, якія імітуюць казла. І нават для меха інструмента выкарыстана скура няшчаснай жывёлы. Мастацтва патрабуе ахвяраў...

Нечаканым сведчаннем таго, што мастацтва і яго сіла не маюць геаграфічных межаў, стаў малады японскі музыка Ютака Кабанэ, які жыве і ўдасканальвае сваё музычнае майстэрства ў Балгарыі. Для беларускіх аматараў дуды і замежных гасцей фэсту Ютака граў на балгарскай гадзе і славацкай дудзе, якую за сімвалічны кошт набыў у адным рэстаране ў нецвярозага незнаёмца, які, пэўна, дрэнна разбіраўся ў музычных існтрументах, на шчасце японскага музыкі.

Адметна, што аўтэнтычнымі дударамі прынята лічыць тых музыкаў, што жывуць у вёсках. Астатнія ж граюць постфальклор — прыдуманыя мелодыі, стылізаваныя пад старажытнасць. Па вызначэнні Тодара Кашкурэвіча, вядомага беларускага майстра і аднаго з самых паважаных людзей сярод дудароў, на Беларусі ёсць гурт, які грае нешта паміж гэтымі двума напрамкамі — “Ліцвінскі хмель”. Незвычайна, што апрача розных народных інструментаў музыкі выкарытоўваюць некалькі відаў барабанаў і вялізную марскую ракавіну. Гучанне гурта і адкрытасць музыкаў вылучаюць слухачы і сёлетняга, і мінулагодняга фэста. А гэта сведчыць пра тое, што цікавасць маладога пакалення да дуды, старажытных інструментаў і мінуўшчыны краіны пераходзяць за межы юнацкага захаплення ці хоббі, даючы надзею на тое, што так званае другое жыццё, адраджэнне дуды не будзе патрабаваць трэцяга...

Пагуляць у “знайдзіце 10 адрозненняў” прапанаваў гурт “Келіх кола”, што двойчы за канцэрт з’явіўся на сцэне, на другі раз пераўвасобіўшыся ў музыкаў, што граюць традыцыйную ірландскую і шатландскую музыку — “Кейлі кол”. Склад гурта амаль не змяніўся, затое да інструментаў дадаўся нямецкі акардэон, замяніўшы больш звыклыя для славян гуслі.

Працягнулі матыў пераўвасаблення хлопцы, што выйшлі на сцэну ў сапраўдных кілтах ды з сапраўднай шатландскай дудой і барабанам. Зірнуўшы на “шатландцаў”, што сарамліва прыкрывалі ўсмешкі на тварах даўгімі валасасамі, можна было пазнаць удзельнікаў вядомых беларускіх гуртоў. Гэты выступ, як можна было меркаваць з рэакцыі залі, выклікаў самыя яркія эмоцыі і самую непадробную дзіцячую радасць. А крыху супакоіць тых, хто сапраўды пераставаў ужо адчуваць розніцу паміж стагоддзямі і кіламетрамі, здолелі толькі мэтры фолькавай сцэны — гурты Testamentum terrae і “Стары Ольса”.

Падчас міні-экскурса ў гісторыю беларускай дуды Зміцер Сасноўскі паведаміў журналістам, што “на Беларусі вядомыя былі выпадкі, калі грала па 8 дудароў адначасова”. Каштоўна, што гэты добры прыклад перажыў выпрабаванне часам. Напрыканцы першага канцэрта сёлетняга “Дударскага фэсту” быў праведзены эксперымент: на сцэну разам выйшлі ўсе дудары і барабаншчыкі, што прымалі ўдзел у фэсце, і разам імправізавана праспявалі песню, прысвечаную... дударам — “Зайграй жа мне, дударочку”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)