Общество
Еolonir

Пра Дарфур, візы і замежныя шлюбы

Учора чытаў пра Дарфур. Грамадзянская вайна, разьвязаная праз хартумскі ўрад супраць партызанаў у гэтае правінцыі, ужо пабрала жыцьці болей за 200 000 чалавек, яшчэ 2 мільёны сталіся ўцекачамі. Суданскі ўрад адмаўляе факт падтрымкі ваеннае мліцыі, якая чыніць беззаконьне ў Дарфуры. Накладзеныя санкцыі ён успрыняў з абурэньнем.

А якое дачыненьне да гэтага мае Беларусь? А такое, што Беларусь, разам з Кубай, Кітаем, Расеяй, Паўночнай Карэяй, Венэсуэлай ды Іранам асуджае рашэньне Арганізацыі аб’яднаных Нацый накласьці санкцыі на Дарфур. Пра гэта піша польскі Dziennik.

Беларусі насамрэч няма зь кім аб’ядноўвацца. Існуючы рэжым шукае сабе падтрымкі ў сьвеце, кіруючыся самотным крытэрам “абы супраць ЗША”. Такая дробязь, як аб’яднаньне зь людажэрным урадам, спадара Лукашэнку не хвалюе. Як звычайна. Але, што дзіўна, яго таксама не бянтэжыць і тое, што эканамічных дывідэнтаў ад супрацоўніцтва з аль-Башырам Беларусь таксама не атрымае. Там, натуральна, ёсьць нафта, але транспарт яе ў наш рэгіён нацянькі не адпрацаваны, ды й наўрад ці будзе адпрацаваны бліжэйшымі дзесяцігодзьдзямі. Наколькі ж Беларусі ўсё ж такі важна не адчуваць сабе самотнай…

У Іране й Судане практыкуецца пакараньне празь пабіваньне каменьнем. Dmitrivrubel піша, што ў Іране мужчына й жанчына былі асуджаны да пазбаўленьня волі за пазашлюбную сувязь. Падобныя законы дзейнічаюць і ў Іране, і ў Нігерыі, пра якую апошнімі днямі стала вядома праз выкраданьне там нашае суайчыньніцы. У прыватнасьці, выратаваць ад падобнага лёсу 16-гадовую дзяўчыну ў Судане некалькі год таму стала магчыма толькі праз масавую падтрымку людзей па ўсім сьвеце. У Нігерыі ад падобнага лёсу дзяўчынку, што нарадзіла дзіця ў выніку гвалту і была асуджаная за “пазашлюбную сувязь” выратавала толькі пагроза скасаваць конкурс прыгажосьці ў сталіцы Нігерыі. Уяўляеце іронію? Пасьля гэтага яе вызвалілі і выглядае, што наклалі мараторый на падобныя пакараньні. Але й зноўку — толькі да 18 год.

Як у той показцы: “І гэтыя людзі забаранюць мне калупацца пальцам у носе”?

Ствараецца адчуваньне, што сучасны рэжым цалкам страчвае пачуцьцё рэчаіснасьці. Яшчэ ў сакавіку гэтага году Лукашэнку прапанавалі годнае выйсьце зь сытуацыі. Лібералізаваць эканоміку й стварыць нешта накшталт транзытнага альянсу з Украінай ды Літвой. Аднак замест таго прэзыдэнт аддаў перавагу зьвярнуцца па пазыку да Расеі дзеля падтрымкі выплятаў працаўнікам дзяржсэктару, што з эканамічнага пункту гледжаньня ўяўляе сабой нонсэнс. Альянсы з Суданам, якія эканамічна нічога не прынясуць — таму падобная рэч. На лібералізацыю нам разьлічваць няма чаго.

Хопіць пра сумнае, але не атрымоўваецца.

Гартаю далей свой RSS, і натыркаюся на пост nacijanalist, што “паводле афіцыйнай статыстыкі цяпер ажно кожная трэцяя мінчанка выходзіць замуж за замежніка. За 2006 год за мяжу на сталае жыхарства выехала шэсць тысяч беларускіх кабет”. Дыскусія неканструктыўныя, палова абвінавачвае ў гэтым беларускіх мужчынаў, палова — саміх жанчынаў, маўляў, проста хочуць такім чынам атрымаць замежны пашпарт.

Заўжды балючая тэма для нашае страны — замежны пашпарт. Тым болей зараз, калі па далучэньні Польшчы, Чэхіі, Літвы да Шэнгену кошты візаў падрастуць да 60 эўра. Мы ж не Расея й не Ўкраіна, якія дамовіліся затрымаць кошты на візы з ЭЗ на 35 эўра. У Ўкраіны з ЭЗ укладзеныя 38 дамоваў, у Расеі — 60, а ў нас... адна. Неўзабаве вандроўкі за мяжу стануць цалкам недасягальнымі для абсалютнае большасьці беларусаў ужо праз кошты. А калі дадаць да таго яшчэ й неабходнасьць наяўнасьці запрашэньня, пажадана ад саліднае фірмы, а не прыватнага…

Польскія памежнікі апошнім часам сталі больш дапытліва ставіцца да грошай на мяжы, піша шэраг беларускіх блёгераў. Маўляў, калі будзе страхоўка, то трэба мець ля 50 даляраў на дзень, калі ня будзе — то 110 на дзень. Да й амаль заўжды просяць паказаць і пералічыць пад іх носам.

Шэнген, спадарства. “Мы застаемся па-за рамай”…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)