Скандалы

«Поўная містыфікацыя». Чалавек, якога БТ назвала куратарам японскага шпіёна, пракаментаваў сітуацыю

Паводле версіі КДБ, затрыманы выкладчык Гомельскага дзяржуніверсітэта Масатосі Наканісі атрымліваў заданні ад куратара з Японіі. Але чалавек, якога назвалі куратарам, заявіў, што гэта хлусня.

4 верасня стала вядома пра затрыманне ў Гомелі выкладчыка японскай мовы Масатосі Наканісі. На наступны дзень на «Беларусь 1» выйшаў сюжэт, у якім затрыманага называюць японскім шпіёнам. Па версіі КДБ, ён атрымліваў заданні ад куратара Масанары Сата — былога мужа яго сястры.

Выданне The Manichi апублікавала інтэрв'ю з бізнэсмэнам (пераклад – Наша Ніва), якога беларускі КДБ лічыць куратарам японскага агента. Імя чалавека ў артыкуле не называецца, але можна меркаваць, што гаворка ідзе менавіта пра Сата.

Мужчына адмаўляе, што яны з Наканісі супрацоўнічаюць з японскімі спецслужбамі. Праграму БТ ён назваў «поўнай містыфікацыяй» і заклікаў да неадкладнага вызвалення Наканісі.

Прадпрымальнік звяртае ўвагу на скрын перапісак на японскай, якія былі апублікаваныя ў сюжэце. Паводле яго слоў, аўтары праграмы няправільна пераклалі паведамленні, сказіўшы іх першапачатковы сэнс.

Мужчына распавёў, што падтрымліваў добрыя стасункі з Наканісі, які быў братам ягонай жонкі. Яны сустракаліся некалькі разоў на год, у тым ліку пасля пераезду Наканісі ў Беларусь. Апошні раз яны размаўлялі ў красавіку 2024 года, абмяняўшыся простымі прывітаннямі.

У сюжэце БТ паведамлялася, што Сата быў звязаны з Нацыянальнай камісіяй грамадскай бяспекі Японіі, і што ён даваў указанні па шпіёнскай дзейнасці. У праграме быў паказаны абмен думкамі паміж ім і Наканісі ў якасці «доказу» гэтых абвінавачванняў.

У скрыне паведамлення Наканісі на японскай гаворыцца: «японскія кампаніі маюць толькі некалькі пераваг (для пранікнення сюды). Моц Кітая велізарная». Але пераклад ад БТ некалькі адрозніваецца: «што тычыцца нядаўняга нападу, то яно, падобна, з'яўляецца містыфікацыяй ЗША. Калі тут адбудзецца нешта падобнае, я вам абавязкова паведамлю. Па сутнасці мы не давяраем тут СМІ. Можна верыць толькі сваёй сетцы знаёмстваў».

Па словах мужчыны, паказаны ў тэлепраграме дыялог адбыўся некалькі гадоў таму і ўяўляў сабой адказ Наканісі на яго пытанне аб развіцці бізнэсу ў Беларусі, зададзенае выключна з цікаўнасці.

«Я проста хацеў даведацца, ці будзе прадукцыя маёй кампаніі запатрабаваная за мяжой, і гэта была цалкам звычайная размова для бізнэс-менеджара», — заявіў уладальнік кампаніі.

«Неверагодна, што дзяржаўны вяшчальнік мог так адкрыта хлусіць. Я дагэтуль не разумею, чаму я таксама апынуўся ўцягнутым у гэта».

Ён сказаў, што не атрымліваў ніякіх паведамленняў ад беларускіх уладаў.

Гаворачы аб Наканісі, мужчына адзначыў: «Ён з усіх сіл стараўся данесці японскую культуру ў Беларусь. Я не магу паверыць, што ён займаўся шпіянажам. Я спадзяюся, што ён вернецца ў Японію ў добрым здароўі як мага хутчэй».

Масатосі Наканісі затрымалі ў красавіку 2024 года. Яго абвінавачваюць па артыкуле аб агентурнай дзейнасці. Паводле версіі КДБ Беларусі, цягам шасці гадоў ён здабываў звесткі аб важных стратэгічных аб'ектах і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне для японскай выведкі.