Политика
Аляксей Дзікавіцкі, Радыё Свабода

Польскіх журналістаў не пусьцілі ў Беларусь

25 красавіка дзьве здымачныя групы польскага грамадзкага тэлебачаньня (TVP), нягледзячы на сапраўдныя візы і акрэдытацыі журналістаў, ня былі ўпушчаныя на тэрыторыю Беларусі.

Адна са здымачных групаў польскага грамадзкага тэлебачаньня накіроўвалася ў Менск самалётам, але ў аэрапорце беларускія памежнікі не дазволілі журналістам выйсьці ў горад і змусілі бліжэйшым рэйсам вярнуцца ў Варшаву. Іншая здымачная група з штотыднёвай праграмы “Беларусь, Беларусь” накіроўвалася ў Менск аўтамабілем, але журналістам таксама не дазволілі перасячы мяжу.

Камэнтуючы гэтыя здарэньні, прэсавы прадстаўнік польскага грамадзкага тэлебачаньня Яраслаў Шчэпаньскі сказаў радыё Свабода.

(Шчэпаньскі: ) “Гэта хіба значыць, што польскае тэлебачаньне настолькі незалежны і аб’ектыўны сродак масавай інфармацыі, што беларускія ўлады ня вельмі яго хочуць бачыць у сябе. Мы, канешне, накіруем пратэст у МЗС Беларусі, але гэта ўжо традыцыйная рэч — нашых журналістаў не ў першыню не пускаюць у Беларусь і чакаць нейкіх канкрэтных тлумачэньняў не выпадае”.

Журналісты польскага грамадзкага тэлебачаньня ехалі здымаць Чарнобыльскі шлях.

Раней беларускія ўлады двойчы не пусьцілі ў краіну рэпартэрку гэтага ж тэлебачаньня Агнешку Рамашэўскую.

А ў Варшаве ў аўторак адкрыты незалежны Беларускі інфармацыйны пункт. Адзін зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Віталь Лоцманаў кажа: (Лоцманаў: ) “Сюды змогуць прыйсьці беларускія студэнты, іншыя грамадзяне Беларусі, атрымаць сьвежую інфармацыю зь Беларусі, інфармацыю, якой няма ў афіцыйных СМІ. Мы будзем дапамагаць выконваць стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, дапамагаць, як можам”. Памяшканьне для дзейнасьці пункту пагадзілася выдзеліць дэпутат Сэйму ад кіруючай партыі “Права і справядлівасьць” Малгажата Гасеўска. (Гасеўска: ) “Скажу так — калісьці дапамагалі нам і цяпер мы адчуваем абавязак дапамагаць тым, у каго свабоды і дэмакратыі няма. Я была ў Беларусі і бачыла, як людзі там патрабуюць ня толькі нейкіх матэрыяльных рэчаў, але менавіта звычайнай свабоды”. Адрас беларускага інфармацыйнага пункту ў Варшаве: вуліца Вашынгтона, 30/36 www.solidarni.com

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)