Польскі журналіст: «Шмат змянілася з часоў XX стагоддзя, і было б добра, каб Лукашэнка гэта зразумеў»

Журналіст выдання «Dziennik. Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі каментуе заявы Аляксандра Лукашэнкі пра палітычныя сілы Польшчы, якія, маўляў, хацелі б вярнуць сабе частку Беларусі, што ў 1921-1939 гадах належала палякам.

– Вось у гэтым і праблема з заявамі Лукашэнкі. Няма такіх партый. Іх няма не толькі ў парламенце ў якасці галоўных палітычных сіл Польшчы, кшталту «Права і справядлівасці» або нейкіх там правых партый, але і нават па-за парламентам сярод якіх-небудзь маргіналаў, – кажа Міхал Патоцкі ў інтэрв’ю Р*дыё Св*бода.

Міхал Патоцкі

– То бок, няма людзей, якія б казалі сур’ёзна пра тое, што Беларусь мела б нам вяртаць Гародню. Няма такіх сілаў і не будзе.

Паверце, Польшча пасля камунізму за гэтыя 30 гадоў перапрацавала ўсе свае гістарычныя страты.

І гэта ўжо не той момант гісторыі, каб дзяржавы ў Еўропе сур’ёзна думалі пра вяртанне нейкіх там гістарычных тэрыторый або зямель ці пра атакі на суседзяў.

Магчыма, ў галаве Лукашэнкі гэта існуе, але ў галавах польскіх палітыкаў гэтага няма ўжо гадоў 80, – ўпэўнены Патоцкі.

Каментуючы словы кіраўніка КДБ Беларусі Івана Церцеля пра тое, што ў Польшчы і ў іншых суседніх краінах быццам бы рыхтуюцца баевікі беларускага паходжання, якія б пазней пачалі свой план вызвалення Беларусі, журналіст адзначае, што і такіх планаў або канцэпцый у палякаў таксама няма.

Ён працягвае:

– Ведаеце, Польшча, пакуль што, нават ва Украіну не дасылала сваю армію на дапамогу. Украіна рэальна ваюе супраць расійскай агрэсіі. Значыць няма наогул пра што тут казаць.

Я думаю, нават польскае грамадства не ўспрыняла б такіх планаў, каб даслаць нашых жаўнераў на вызваленне Беларусі. Ёсць разуменне, што вызваленне Беларусі – гэта, перадусім, справа саміх беларусаў і, магчыма, палітычнай кан'юнктуры ў рэгіёне.

Мы разумеем, – кажа Патоцкі, – што, калі, напрыклад, расійскі рэжым не будзе ўжо такім моцным, як у 2020-м або ў 2021-м годзе (а ўсё ідзе да таго), то і для Беларусі будзе шанец вызваліцца ад яго і ад фактычнай расійскай акупацыі.

Але ж такіх канцэпцый, каб ісці туды з арміяй у нас няма. Гэта 22-гі год, але ж XXI, а не XX стагоддзя. Шмат змянілася з тых часоў, і было б добра, каб Лукашэнка гэта нарэшце зразумеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)