Польшча вызначыла асобу мігранта, які забіў вайскоўца на польска-беларускай мяжы
Польскія службы ідэнтыфікавалі і вышукваюць чалавека, які ў канцы траўня забіў 21-гадовага польскага вайскоўца, што ахоўваў мяжу зь Беларусьсю.
Пра гэта паведамляе выданьне RMF FM (пераклад Радыё Свабода) са спасылкай на свае крыніцы.
Устаноўлена, што нападнік — выхадзец з Блізкага Усходу; згодна з высновамі польскіх спэцслужбаў, ён усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, але можа ўцячы ў Сырыю ці іншую блізкаўсходнюю краіну.
Сьледчыя вызначылі яго асобу, прааналізаваўшы відэа з моманту нападу на мяжы. Гэта дазволіла ім вызначыць, як выглядае нападнік. Пасьля гэтага на працягу некалькіх тыдняў польскія спэцслужбы дапытвалі мігрантаў, якія ўехалі ў Польшчу, а таксама выкарыстоўвалі інфарматары з груп мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі.
Дзякуючы гэтаму польскія службы даведаліся, хто менавіта 28 траўня параніў польскага вайскоўца нажом, прымацаваным да палкі, калі група мігрантаў фарсіравала памежную агароджу ў раёне вёскі Дубічы Царкоўныя, адзначае RMF FM.
У пачатку чэрвеня Польшча афіцыйна зьвярнулася да Беларусі з просьбай дапамагчы ўстанавіць асобу і арыштаваць таго, хто забіў 21-гадовага польскага вайскоўца. Паведамляецца, што беларускія чыноўнікі праігнаравалі гэтую просьбу.
Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку.
Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар у грудзі нажом, прывязаным да палкі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Пасьля здарэньня Польшча ўвяла 200-мэтровую буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю.
Загінулага Матэвуша Сітэка рашэньнем міністра абароны Польшчы Ўладыслава Касіняка-Камыша пасьмяротна павысілі ў званьні да старшага сяржанта, а таксама ўзнагародзілі залатым мэдалём «За заслугі ў абароне краіны».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное