Общество
Сяргей Балай

Полаччына развіталася з Васілем Храмцовым

У нядзелю 12 чэрвеня Полаччына развіталася з Васілём Храмцовым. Мясцовы лідэр нацыянальнага руху пайшоў з жыцця ў Наваполацку 10 чэрвеня. Гэтаму выбітнаму сыну Беларусі было ўсяго 45 гадоў.

На развітанне з чалавекам, які яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя стаў адным з лідараў беларускага адраджэнскага руху, сабраліся сваякі і сябры Васіля.

На трызну прыехаў пісьменнік Уладзімер Арлоў, палітыкі Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, якія сябравалі і працавалі з Васілем ад самага пачатку нацыянальнага руху, яшчэ да стварэння БНФ.

Словы памяці прысвяціў Васілю Храмцову у сваім ЖЖ Вінцук Вячорка: “Жыццё Васіля Храмцова, аднаго са стваральнікаў і шматгадовага лідэра беларускага руху Наваполацку, імгненна, бязьлітасна, несправядліва спаліла злая хвароба, якая запанавала ў Беларусі пасьля Чарнобыля”.

Васіль Храмцоў нарадзіўся 16 снежня 1965 г. у Наваполацку. Тут закончыў школу № 6, пасля службы ў войску працаваў на заводзе “Вымяральнік”. З канца 80-х гадоў заняўся грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. У беларускі рух прыйшоў як адзін з лідэраў экалагічнага пратэсту ў горадзе. Арганізатар і ўдзельнік экалагічных мітынгаў, Васіль выступаў на іх як незалежнік і прапагандыст беларушчыны.

Сімвалічна, што менавіта Васіль храмцоў узняў бел-чырвона –белыя сцягі над полацкім і наваполацкім гарвыканкамамі у 1991 годе. Гэтая падзея ўвасоблена у апавяданні Уладзімера Арлова “Сьцягі над горадам”.

Менавіта за вывешванне сцягоў напрыканцы 80-х гадоў ен быў некалькі разоў асуджаны.

Васіль жыў справай адраджэння традыцыйнай беларускай культуры. Праз яго Купаллі да беларушчыны прыйшло шмат моладзі і людзей сталага ўзросту. А знакаміты крупнік Васіля Храмцова ніколі не забудзе той, хто хоць аднойчы яго пакаштаваў.

У 1995 годзе разам з групай выкладчыкаў і студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту стварыў гісторыка-культурны клуб “Княжыч”, стаўшы сапраўднай калыскай па выхаванні нацыянальна свядомай моладзі ў полацкім рэгіене.

Да апошніх дзен Васіль мужна пераносіў хваробу, але перамагчы яе не змог. Калі сыходзяць такія постаці, вельмі яскрава адчуваеш незваротнасць гэтага. Але з іншага боку, усведамленне таго, што на такіх людзях трымаецца Беларусь, надае моцы і жадання працаваць, каб Беларусь стала краінай, якая будзе ганарыцца і шанаваць сваю мову і гісторыю. Як гэтага шчыра жадаў Васіль Храмцоў. Светлая памяць!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)