Побач знаходзяцца парэшткі маскоўскіх акупантаў, мірных гараджанаў і ахвяраў НКВД

Чалавечыя парэшткі, 27 траўня знойдзеныя ў Магілёве на раскопках, перададзеныя судмэдэкспэртам для аналізу. Выніку пакуль няма.

Гісторыкі лічаць, што гэта косьці з нэкропалю ХVI—ХVIІ стагодзьдзя, які быў ля Пакроўскай царквы. Свабода дасьледавала, што вядома пра гэтую мясьціну ў Магілёве.

Чалавечыя парэшткі з царковішча ў Сьвята-Мікалаеўскім манастыры

Занядбанае царковішча

У Магілёве больш за сорак гадоў на пагосьце ля зруйнаванай Пакроўскай царквы вялася гаспадарчая дзейнасьць. Наступныя два дзясяткі гадоў царковішча зарастала хмызьняком.

Тутэйшыя пахаваньні не вылучаліся шыкоўнымі абэліскамі, але ў іх спачывалі як простыя гараджане, так і заможная гарадзкая знаць. Цяпер вызначыць памеры царкоўных могілак немагчыма. Частку іх зьнішчылі, калі ўзводзілі з умацаванага бэтону ёмістасьць для захоўваньня артэзіянскай вады.

На чалавечыя парэшткі натрапілі археолягі, якія ўзяліся за раскопкі на месцы храма і ягонай званіцы.

Стаўны крыж са зьвесткамі пра Пакроўскую царкву

Парэшткі людзей, забітых чэкістамі

Адкапаныя археолягамі косьці перанесеныя ў Сьвята-Мікалаеўскі жаночы манастыр. Іх пахаваюць паводле праваслаўных традыцыяў альбо на тэрыторыі манастыра, альбо ў Пакроўскай царкве, за аднаўленьне якой узяліся магілёўскія вернікі.

27 траўня чалавечыя парэшткі на месцы будаўніцтва царквы ўгледзелі журналісты. Косткі былі раскіданыя па пэрымэтры катлавану. Больш за дваццаць знойдзеных фрагмэнтаў шкілету адпраўленыя ў камітэт судова-мэдычных экспэртызаў. Акрамя касьцей, тут знайшлі кавалкі глінянага посуду.

Катлаван, у якім журналісты заўважылі чалавечыя косьці

У Сьвята-Мікалаеўскім жаночым манастыры (заказчык адбудовы Пакроўскай царквы. — РС) запэўнілі, што чалавечыя парэшткі, сабраныя на царковішчы, захоўваюцца ў адной з капліц храма. Пагадзіліся іх паказаць. У пахавальні выстаўленыя два дзясяткі скрынак з касьцямі. У манастыры адзначылі, што падчас літургіі памінаюцца людзі, спачын якіх быў парушаны разбурэньнем магілаў.

У той жа капліцы захоўваюцца парэшткі расстраляных супрацоўнікамі НКВД вязьняў перасыльнай турмы, пад якую прыстасавалі ў 1937 годзе муры Сьвята-Мікалаеўскага манастара. Вязьніца існавала да 1941 году.

Сьціплыя пахаваньні

Адзін з актыўных абаронцаў Падмікольля як мясьціны спакою і талерантнасьці, краязнаўца Аляксандар Белахвостаў, нагадаў, што да канца ХVIІІ стагодзьдзя нябожчыкаў хавалі толькі ля цэркваў, не была выключэньнем і Пакроўская.

«Могілкі вакол цэркваў былі сьціплымі. Не было скляпеньняў ды абэліскаў, толькі крыжы, — казаў ён. — Вонкаваму антуражу тады надавалася менш увагі. Людзі верылі, што будзе другое прышэсьце Хрыста, анёлы на царкоўных прастолах затрубяць і адбудзецца ўваскрашэньне зь мёртвых».

Магілы маскоўскіх акупантаў, выразаных магілёўцамі

Паводле суразмоўцы, займалася раскопкамі катэдра археалёгіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Яе спэцыялісты адкапалі падмуркі званіцы Архангела Міхаіла і наткнуліся на чалавечыя парэшткі.

Фундамэнту самой Пакроўскай царквы адшукаць не ўдалося. Месца, дзе стаяла сьвятыня, вызначалі паводле зьвестак з архіву нямецкага войска. Дапамог з аэрафотаздымкамі магілёвец, які жыве ў Нямеччыне, — Алег Давід Лісоўскі.

«На месцы храма ў 1950 гадах быў збудаваны рэзэрвуар для захоўваньня дзьвюх тысяч тон вады для патрэб гораду, то бок выкапалі вялізны катлаван і пасадзілі ў яго ўмацаваны бэтон, — кажа Аляксандар Белахвостаў. — Тут трэба асобна разьбірацца, ці не наўмысна гэта было зроблена. Грунт на месцы раскопак быў дужа перамяшаны. Гэта месца актыўных баявых дзеяньняў Другой усясьветнай вайны, таму знаходзілі фрагмэнты вайсковай формы. Чамусьці дужа шмат костак жывёлаў, асабліва коней. Падковы знаходзілі».

Суразмоўца кажа, што аб’ём знойдзеных чалавечых парэшткаў «калясальны».

«Да таго ж тутэйшы грунт мае ўласьцівасьць вымывацца і пасьля дажджоў косьці агаляюцца», — заўважыў ён.

Чарапы з характэрнымі кулявымі адтулінамі. Парэшткі забітых у перасыльнай турме

Краязнаўца дадаў, што мясьціна, на якой аднаўляецца храм, адна з трох, на якой, мяркуецца, былі пахаваныя забітыя падчас паўстаньня 1661 году маскоўскія стральцы. На думку суразмоўцы, імаверная колькасьць забітых вайскоўцаў сягае трох тысяч.

Царква, касьцёл, сынагога

Царкву Пакрову Божай Маці ў пачатку ХVI стагодзьдзя ўзьвялі спачатку драўлянай. Дапушчальна, што ўжо ў той час былі закладзеныя ля яе і могілкі. У 1668 годзе Пакроўскі храм пабудавалі мураваным.

Цяпер на Падмікольлі маштабная будоўля. Мясьціну ўлады задумалі зрабіць паркам. Аўральнымі тэмпамі ўзводзіцца лесьвіца і кладуцца ходнікі. Размах работ не пакідае сумневу, што клопат пра захаваньне прыроднага і гістарычнага ляншафту мясьціны далёка не на першым месцы.

Сьвята-Мікалаеўскі манастыр

Аляксандар Белахвостаў — сябра ініцыятыўнай групы «Падмікольле». Яе актывісты спрабуюць дамагчыся, каб старажытнай мясьціне была вернутая гістарычная назва Пакроўскі пасад і даўнейшы яго выгляд. Быў намер, згадаў краязнаўца, пераўтварыць Падмікольле ў гісторыка-архэалягічны запаведнік.

«Каб была мясьціна ціхага адпачынку, асяродак талерантнасьці», — тлумачыў ён.

«Тутэйшая мясьціна ўнікальная, — казаў суразмоўца. — Тут было чатыры сынагогі, касьцёл Сьвятога Антонія. Яго гісторыя яшчэ чакае адкрыцьця. Каталіцкая сьвятыня — больш раньняе збудаваньне. Расказвалі: калі засыпалі ягоныя скляпеньні, то пясок усё сыпалі туды і не маглі іх засыпаць. Зыходзячы з унікальнасьці мясьціны, варта захаваць тутэйшую прыроду і гісторыю».

На Падмікольлі маштабная будоўля. Закладаюць парк

Аляксандар Белахвостаў адзначыў, што месцы пабураных праваслаўных сьвятыняў у Магілёве забудаваныя. Адзінае выключэньне Пакроўская царква, якую цяпер узводзяць на ахвяраваньні.

Пакроўская царква была ўзьведзеная ў традыцыях магілёўскай школы дойлідзтва. Летась на прэзэнтацыі праектаў адбудовы сьвятыні адзначалася, што зьнішчылі яе за савецкім часам — у 1950-я гады. Казалі таксама, што, пасьля таго як Магілёў спалілі ў 1708 годзе на загад маскоўскага цара Пятра І, камяніц у традыцыях магілёўскай школы дойлідзтва больш ня ўзводзілі.

На стаўным крыжы непадалёк ад будоўлі напісана, што разбурылі храм у 1948 годзе.

У вайну шчыльна забудаваная мясьціна пацярпела ад бамбаваньня. Раней на Школішчы (яшчэ адна старая назва мясьціны) сялілася гарадзкая знаць. Да сёньняшняга дня ацалелі адзінкі старых будынкаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)