Комментарии
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Плюшавая бомба

Гісторыя з палётам Маціяса Руста паўтарылася ў незалежнай Беларусі. Швэдзкі пілёт прыляцеў у Беларусь, скінуў над Івянцом «дэсант» плюшавых мядзьведзяў з заклікамі за свабоду і адляцеў, не заўважаны магутнай СПА. Ня выключана, што як з палётам Руста, плюшавы дэсант — своеасаблівае «мэнэ, тэкэл, фарэс» для беларускай сыстэмы.

Найперш, варта парадавацца за лётчыка — досьвед паветраных шароў, зьбітых над Беларусьсю ў 1995 годзе, нагадвае, што тут жартаваць ня любяць. Вось у гэтым, дарэчы, і ўся справа. Калі засяродзіцца толькі на бачным зьмесьце, то гэта такі постмадэрнісцкі жарт — закідаем дыктатуру цацкамі.

Што б зрабіла ўлада, не настолькі загіпнатызаваная адчуваньнем сваёй мэгаляманічнай велічы і непагрэшнасьці? Найперш адразу ж прызнала б факт, інцыдэнт. А па- другое ці нават па-першае — пасьмяялася б над па-хлапечы сьмелым палётам. І ўсё.

Але гэта была б ужо іншая ўлада. І чым больш будзе хлусьні і спробаў схаваць факт, што самалёцік-такі прашляпілі, чым больш будуць надзімаць шчокі важныя начальнікі ў пагонах і бязь іх, чым гучней будзе гучаць балбатня пра спэцапэрацыю заходніх спэцслужбаў, пра агрэсію, тым больш гучным будзе рогат у адказ у Беларусі і ва ўсім сьвеце.

Гэта тое, што экспэрты называюць камбінаванай зброяй, пра што ўжо даводзілася пісаць: справа ня ў першасным удары (ды і які ўдар? — цацкі скінулі), а ў тым, што рэагуючы на яго, сыстэма, дзейнічаючы па сваіх унутраных альгарытмах, працуе на самадыскрэдытацыю ці нават самазьнішчэньне. Бо ня можа інакш.

Яшчэ адзін аспэкт сытуацыі, ужо не зусім гульнявы — гэта сапраўдны ўдар па грозных запэўніваньнях, што мяжа на замку, што тут усялякім патэнцыйным агрэсарам не Ірак і ня Лібія, тут сучасны баявы шчыт, аб які хвалёныя ваякі абломяць свае крыважэрныя іклы. Ну іклы, здаецца, на Беларусь ніхто ня шчэрыць, але на фоне плюшавага дэсанту ўсе гэтыя прыгажосьці ваяўнічай рыторыкі выглядаюць сьмешна.

Прычым, у дурацкае становішча патрапіла ня толькі ўласна беларуская СПА. Якая, нагадаем, цяпер ужо частка супольнай беларуска-расейскай. Да таго ж ёсьць РЛС у Ганцавічах, цалкам расейскі вайсковы аб’ект, які, па ідэі, і павінен адсочваць гэткія ўварваньні ў паветраную прастору саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Ну вось так адсачылі.

Тут, зразумела, ёсьць і небясьпечны момант. Як той казаў, а калі б ён вёз патроны? Што-небудзь сур’ёзьнейшае за мядзьведзікаў. Мала беларусам выбуху ў мэтро.

Але галоўнае — усё ж ня гэта, гэта больш-менш вядома і зразумела, як пераадольваць. Спрабаваць, па меншай меры. У гэтым сэнсе дзеяньні любой дзяржавы — хоць дэмакратычнай, хоць таталітарнай — былі б прыкладна аднолькавымі.

А вось у псыхалягічную пастку дыскрэдытацыі, якую стварыў гэты палёт, беларуская ўлада, так выглядае, будзе заганяць сябе ўсё глыбей, рэагуючы так, як рэагавала на падобныя выклікі заўсёды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)