Политика
Анастасія ЗЕЛЯНКОВА

Плошча вачыма Вячаслава Сіўчыка

Хутка год, як на цэнтральнай плошчы сталіцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў быў усталяваны намётавы лагер. Што насамрэч там адбывалася? Як паводзілі сябе ў тыя дні палітыкі? Пра ўсё гэта і шмат што іншае “Салідарнасці” распавёў арганізатар і ўдзельнік гэтых падзей Вячаслаў Сіўчык.

Гэта была арганізаваная акцыя

Размовы пра тое, што з’яўленне на плошчы намётавага мястэчка было цалкам стыхійнай акцыяй, пачаліся адразу ж пасля ўсталявання намётаў. Аднак нічога само па сабе не робіцца.

— Гэта была абсалютна свядомая і арганізаваная акцыя, — сцвярджае Вячаслаў Сіўчык. — У яе было і ідэйнае абгрунтаванне і нармальнае арганізаванае кіраванне. Асноўную ролю ў стварэнні арганізаванай структуры адыграла маладзёвая кампанія “Хопіць!”. Тое, што гэтая акцыя была неарганізаванай — гэта прыдумка, якую нехта кінуў у Інтэрнет.

Па словах Сіўчыка, плошча Каліноўскага пачыналася яшчэ ў кастрычніку 2004 года, калі людзі выйшлі ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі рэферэндуму.

— Людзі былі абураныя тым беззаконнем, паводле якога Лукашэнка змог прызначаць сябе колькі заўгодна. Прычым 95% з іх не былі сябрамі якіхсьці палітычных партый. Менавіта тады падчас мітынгаў і была сфармулявана ідэя беларускага супраціву, якая мела на ўвазе менавіта апірышча на народ без усялякага спадзеву на дапамогу аб’яднанай апазіцыі. Такая ацэнка сітуацыі досыць хутка спрацавала на масавы наш удзел у памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне.

Пасля гэтага намі моцна зацікавіліся спецслужбы і ў выніку прыйшлося пачынаць усё практычна з нуля. У сакавіку 2005 года ў Роўна была праведзена канферэнцыя, дзе ўжо на тэарэтычным узроўні было даведзена, як могуць развівацца падзеі ў Мінску. А магчыма было ўсё, толькі калі нейкая асоба, маючы падтрымку арганізаванай групы, звернецца напрамую да беларускага народа з канкрэтнай прапановай, якую людзі змогуць падтрымаць. Так і сталася.

Акцыя народнага супрацiву мусила пачацца яшчэ 19 сакавика

Лагер на Кастрычніцкай плошчы з’явіўся 20 сакавіка — на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў.

— Мы рыхтаваліся на 19-е. Ужо да з’яўлення на плошчы кандыдатаў у прэзідэнты там было арганізавана кола, сабраныя людзі. Аднак пры падрыхтоўцы была дапушчана сур’ёзная памылка: мы ўсё ж разлічвалі на тое, што плошча будзе ачэплена і не паспелі перабудавацца.

Большасць моладзевых актывістаў былі не гатовыя да барацьбы. Яно і зразумела, бо спецслужбамі праводзілася татальная праграма запалохвання, і ў людзей у галовах сядзела думка, што яны выйдуць на плошчу і ў іх будуць страляць. Многія ішлі як на эшафот. У такім стане частка людзей, магчыма, здольная на подзвіг, але большая частка не здольная ні да чаго.

Таму нават шэраг кіраўнікоў моладзёвых груп, з якімі ўсё ўжо было дамоўлена, я знайшоў толькі на плошчы Перамогі. Дарэчы, быў такі момант, калі, пасля таго як мы сваім колам з цэнтра Кастрычніцкай плошчы падышлі да Белсаўпрофа і калі і ўжо былі праведзены першасныя неабходныя мерапрыемствы, да мяне падышоў адзін вядомы дзеяч апазіцыі і спытаў: “Калі так здарылася, Слава, то куды ты павядзеш людзей — на плошчу Перамогі ці на Акрэсціна?”. Натуральна я адказаў, што нікуды хадзіць не трэба. Цікавасць да мяне адразу ж знікла.

Такім чынам, разбіць намётавае мястэчка 19-га не ўяўлялася магчымым. Ужо ноччу ў дзве гадзіны адбыўся сход, на якім пытанне было пастаўлена рубам. У выніку гэтай нарады было вырашана ўсё ж усталяваць намёты.

Само ўсталяванне намётаў таксама было вельмі цяжкае, таму што палову з іх папросту сцягнулі спецслужбы. Намёты прывезлі на машынах. Ужо на плошчы тых, у каго быў намёт, атакавалі цэлыя групы людзей у цывільным. Адначасова пачалі цкаваць персанальна мяне. У выніку мне прыйшлося прабівацца ў прэзідыум, бо лепшага месца, дзе б мяне не захапілі, у той момант не існавала. Намёты ставілі ўжо без мяне. Прычым ставілі вельмі гераічна: у самы крытычны момант хлопцы проста ляглі на іх і не далі сцягнуць.

Пасля гэтага адзін з нашых актывістаў даў загад, каб людзі ўзяліся за рукі і ўтварылі ланцуг.

Кандыдаты ў прэзідэнты нічога не ведалі пра намёты

— Праз гадзіну ў мястэчку ўсё ўжо было арганізавана. Сам перыметр быў распісаны на восем сектараў, за кожным з якіх быў адказны кіраўнік, былі таксама адказныя па гаспадарчых справах ды іншых службах. На ўзроўні лагера ўвесь час знаходзіліся тры чалавекі для прыняцця рашэнняў.

Такая пабудова абароны лагера была стацыянарнай, прынамсі да таго моманту, як мяне выцягнулі з плошчы. Пасля таго, як устанавілі намёты, аказалася, што мы не зусім правільна спрагназавалі колькасць людзей, якія будуць з намі. Я меркаваў, што гэтых людзей будзе ў некалькі разоў менш. Зразумела, увесь час ішла ратацыя кадраў. Але гэта было не па віне ўдзельнікаў. Паводле нашых падлікаў, 1200 чалавек былі затрыманы на плошчы Каліноўскага.

Мы не прагназавалі, што кандыдаты ў прэзідэнты будуць з намі. Пра ўсталяванне намётаў яны даведаліся з майго паведамлення. Але яны засталіся і, трэба аддаць ім належнае, паводзілі сябе абсалютна адэкватна. Першую ноч я ўвогуле спрабаваў усё гэтае мерапрыемства ў плане абароны Плошчы перадаць Мілінкевічу. Перакласці на яго адказнасць за кіраўніцтва. У маім разуменні кандыдат у прэзідэнты якраз і павінен быў гэта арганізоўваць — не абавязкова само намётавае мястэчка, але хоць нешта арганізоўваць, каб сцвердзіць, што ён кандыдат у прэзідэнты, а не ўдзельнік злачынства супраць беларускага народа пад назвай “выбары”.

Але гэтага не адбылося. Тым не менш па першай ночы ў мяне няма ніякіх прэтэнзій да кандыдатаў. Наадварот, я вельмі ўдзячны і Мілінкевічу, і Казуліну, якія заставалі ўсю ноч да раніцы на плошчы, падтрымлівалі настрой у моладзі і ў пэўнай ступені ўносілі сумятню ў дзейнасць сілавых структур — яны ж былі кандыдатамі ў прэзідэнты, таму дзеянні ўлад у дачыненні да іх былі абмежаванымі. Але ўсё змянілася ў наступны дзень.

Мілінкевіч і Казулін настойвалі на згортванні лагера

Ідылія ў шэрагах апазіцыі і ўдзельнікаў акцыі скончылася ўжо назаўтра. Зраніцы Казулін і Мілінкевіч паехалі па сваіх неадкладных справах.

— Думаю, проста адаспацца. Бо стаяць сапраўды цяжка. Хутка для мяне асабіста стала зразумела, што першасны прагноз пра немагчымасць разлічваць на нашу апазіцыю, спраўдзіўся.

Прыкладна ў абед было прынята рашэнне штаба дэмакратычных сіл аб тым, каб прыбраць намёты. І гэтае рашэнне Мілінкевіч і Казулін агучылі вечарам.

Я прысутнічаў на размове, якая адбылася яшчэ перад мітынгам 21 сакавіка. Там былі Казулін, Мілінкевіч, я, Алесь Мазур, Дзяніс Дзянісаў і Юрась Глушакоў. Тады кандыдаты ў прэзідэнты, у першую чаргу Казулін, аргументавана нам даводзілі, што ноччу нас усіх “пакладуць”, што гэта будзе вялізная страта для Беларусі, што Беларусь пасля гэтага не падымецца і таму нам трэба самім збіраць намёты.

-- Калі Казулін агучыў заклік разыходзіцца, людзі пачалі скандзіраваць: “Застаемся”. Усе былі супраць.

-- Мы не для таго намучыліся, каб проста сысці, -- распавядае арганізатар і ўдзельнік намётавага мястэчка Вячаслаў Сіўчык. -- Казулін горача заклікаў згортваць лагер, Мілінкевіч нічога не казаў ні пра тое, каб сыходзіць, ні пра тое, каб заставацца. Было і некалькі выступаў за тое, каб застацца, у тым ліку і жонкі Мілінкевіча Іны Кулей.

У выніку, усё засталося па-ранейшаму. З намётавага мястэчка па закліку Казуліна пайшло толькі некалькі чалавек. Там быў казулінскі намёт, адтуль людзі і сышлі.

Як вы разумеце, гэтая сітуацыя абсалютна не дапамагала абароне намётавага мястэчка. Ноч з 21-га на 22-е была вельмі складанай.

Часта міліцыянты дапамагалі ўдзельнікам мястэчка

Інфармацыя пра затрыманых на плошчы ішла пастаянна. Па словах Сіўчыка, яму неаднаразова прапаноўвалі не агучваць звесткі пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі, каб пабольшыць шэрагі.

— Маўляў, я павінен расказваць, як тут весела, прыходзьце, далучайцеся. Мы свядома не ішлі на гэта. Але ў нас не было і істэрыкі. Адзінае, пра што мы папярэджвалі, гэта, што ноччу знаходзіцца на плошчы значна больш бяспечна, чым ісці дахаты. І гэта праўда, бо большасць людзей, якіх забіралі ў першыя трое сутак, былі тыя, хто стаміўся і ішоў адпачыць адзін ці дробнымі групамі.

Часам і самі міліцыянты былі на баку абаронцаў Плошчы. Даводзілася чуць гісторыі, як супрацоўнікі міліцыі свядома прапускалі людзей, якія ішлі на плошчу.

Адна жанчына расказала нам, што каля “саркафага” яе спынілі два міліцыянты ў форме. Яны абшукалі яе і знайшлі прадукты, якія тая несла на плошчу. Пасля таго паміж міліцыянтамі адбыўся такі дыялог: “Ну такая ж женщина не может идти к этим голодранцам. Значит, она явно идет к себе домой”. — “Да она идет к себе домой”. Пасля чаго жанчыну адпускаюць, хаця ўсім зразумела, што ніякіх дамоў на плошчы Каліноўскага няма.

Такіх гісторый шмат, калі міліцыянеры выказвалі тую салідарнасць, якую яны маглі выказваць, нягледзячы на неабходнасць выконваць незаконныя загады. Вялікі дзякуй за гэта беларускай міліцыі.

Дарэчы, і да іх улада ставілася таксама па-скоцкі, як да нас. Пакуль мы стаялі, іх увесь час трымалі ў аўтобусе, загрузіўшы па паўтары чалавекі на адно месца. З імі абыходзіліся, як з быдлам, праўда, многія, замест таго, каб пакрыўдзіцца на ўладу, пакрыўдзіліся на тых людзей, што стаялі на плошчы.

Палітыкаў у намётавым мястэчку было вельмі мала

-- Як ні дзіўна, але адзіным лідэрам партыі, які падтрымаў Плошчу, быў Зянон Пазняк. Удзельнікі акцыі не прыгадваць больш ніводнай заявы ў сваю падтрымку ад якой-небудзь партыі. Іх няма. Хаця, здаецца, гэта быў абавязак любой партыі: кінуць усё, мабілізаваць свой актыў і разам біцца за свабоду. Ды, дарэчы, і Пазняк не змог мабілізаваць сваю партыю на Плошчу.

Увогуле, там была вельмі абмежаваная колькасць палітыкаў. Часам нам проста не хапала прамоўцаў. Ад усіх аб’яднаных дэмакратычных сіл сур’ёзную ролю ў абароне адыграла толькі два чалавекі — гэта Зміцер Дашкевіч і Таццяна Ваніна. Зміцер апошнія двое сутак фактычна быў голасам Плошчы. Таццяна вяла практычна ўсе мітынгі. На гэтым можна паставіць кропку.

Эпізадычна з’яўляліся вядомыя асобы. Большая іх частка была ў першую ноч. Так, абсалютна адэкватна паводзіў сябе ў першую ноч Віктар Івашкевіч. Была досыць высокая актыўнасць жанчын-палітыкаў: Людміла Гразнова, у апошнюю ноч Валянціна Палевікова. Канешне, Лябедзька і Вячорка тады сядзелі і не маглі быць на Плошчы. Але ж у іх была маса намеснікаў, якія маглі адыграць чынную ролю. Аднак структура апазіцыі бяздзейнічала. Хаця трэба аддаць належнае сайту АГП, які аказаў вельмі вялікую інфармацыйную падтрымку.

У адрозненні ад палітыкаў, на абарону намётавага мястэчка сталі шматлікія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Па словах Сіўчыка, практычна ўся беларуская эліта прыйшла на плошчу. Многія не сыходзілі нават ноччу.

— Я вельмі здзівіўся, што людзі, якія па стане здароўя, здаецца, не маглі знаходзіцца на Плошчы, былі там, у адрозненне ад тых людзей, якія па штаце абавязаныя былі быць. За гэта нам трэба падзякваць нашай нацыянальнай эліце.

Шчыра кажучы, я спадзяваўся, што на плошчы будзе больш прадпрымальнікаў. Я не кажу, што іх там не было, але ў звязку з тым, як да іх ставяцца ўлады Беларусі, я думаў, што іх пратэст будзе мацнейшы. Думаў я, што будзе значна больш і пратэстантаў, якія знаходзяцца яшчэ ў горшых умовах.

Між тым, трэба адзначыць, што Плошча, акрамя таго, што была беларускай, была яшчэ і хрысціянскай. З намі знаходзіліся святары ўсіх канфесій. Людзі маглі сустрэцца са святаром, паспавядацца, памаліцца. Гэта рабілася без шумных тэатральных эфектаў. Дарэчы, у тую страшную ноч 24-га былі затрыманыя і ўсе святары.

Кандыдатаў угаворвалі выступіць на мітынгу

-- З прамоўцамі сапраўды былі праблемы. Іх катастрафічна не хапала, асабліва ноччу 22-га. У дадатак пасля такіх “шчырых” размоў з кандыдатамі народ мог проста распаўсціся. Становішча выратаваў Зміцер Дашкевіч, які з шасці гадзін раніцы стаў ля мікрафона і практычна не адыходзіў адтуль на працягу сутак.

Нават з кандыдатамі ў прэзідэнты прыйшлося дамаўляцца, каб яны выступілі. 22 сакавіка мітынг таму і пачаўся позна, што доўга і з цяжкасцю дамаўляліся з Мілінкевічам. Яго пазіцыя была ў тым, што наступны мітынг павінен быць 25 сакавіка. Мы ўсё ж угаварылі яго выступіць, сказалі, што гэта не столькі выступ, колькі вітанне людзей. Ён, разумеючы, што людзі яго ўсё ж чакаюць, згадзіўся. Пакуль я вёў гэтыя доўгія перамовы, Дашкевіч расказваў народу, што кандыдат ў прэзідэнты вельмі заняты.

Казулін жа з’явіўся ў лагеры толькі вечарам 23-га, хаця я таксама прыкладаў намаганні, каб ён быў. Я паспеў толькі прывітацца з ім — гэта было якраз тады, калі мяне выцягвалі з Плошчы.

Зразумела, пра ўсе гэтыя перамовы тым, хто стаяў на плошчы, не расказвалі— ім і без таго было вельмі цяжка. Усё ж пэўную падтрымку кандыдаты аказвалі. Не трэба забываць, што апаратура, якая знаходзілася на Плошчы і без якой прыйшлося б вельмі цяжка, належала штабу Мілінкевіча. Звярталіся да кандыдатаў і па дапамогу, у прыватнасці па пытанні прыбіральняў, бо, як вядома, больш за 15 біятуалетаў былі перахоплены міліцыянтамі. Да таго ж на плошчы знаходзіліся і дзеці Мілінкевіча і Кулей, пляменнікі Казуліна, рэгулярна з’яўляліся яго дочкі.

Думаецца, падзеі на плошчы будуць выклікаць яшчэ многа спрэчак. Аднак і сёння ўжо зразумела, што ёсць у нашай краіне лідэры, якія ў самыя крытычныя моманты будуць змагацца за Беларусь. І гэта якраз тая моладзь, якую, магчыма, мала хто ведае, тыя людзі, якія не палезлі ў палітычныя партыі, якія пасля гэтых падзей не давалі направа-налева інтэрв’ю, часам вельмі недарэчныя. Гэта ўсе тыя, хто памятае атмасферу плошчы Каліноўскага і навошта ўсё гэта рабілася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)