Общество

Пластычны хірург: «Звяртаюцца за дапамогай нават нашы чыноўнікі»

 «Наша Ніва» пагутарыла з пластычным хірургам Алегам Стасевічам. У месяц ён робіць дзясяткі аперацый.

Скончыў лячэбна-прафілактычны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Што адметна, група, дзе вучыўся будучы хірург, захацела, каб навучанне вялося на беларускай мове, і адміністрацыя, як і большасць выкладчыкаў, пайшлі ім насустрач. Інтэрв’ю таксама адбылося на чыстай мове.

З 2011 года ён працуе ў медыцынскай установе «Канфідэнс».

Што найчасцей не падабаецца беларусам у сваёй знешнасці?

– У большасці краін, якія лічацца цывілізаванымі, у першую чаргу людзі звяртаюцца за амаладжальнымі працэдурамі. Прычым далёка не ўсе імкнуцца выглядаць маладзейшымі за свой век, ёсць тыя, хто проста хоча знешне наблізіцца да свайго ўзросту, бо зараз з люстэрка на яго глядзіць нехта куды старэйшы. На жаль, якасць жыцця, яго інтэнсіўнасць, экалагічныя і эканамічныя складнікі не дадаюць нашай знешнасці балаў.

У топе зваротаў таксама змяненне формы і аб’ёмаў грудзей, контуру носа і ліпасакцыя. На 10-15 зваротаў ад жанчын прыходзіцца 1 мужчынскі. Пры гэтым колькасць апошніх на працягу гадоў не павялічваецца. Мяркую, гэта звязана з панаваннем традыцыйных поглядаў у беларускім грамадстве.

А які памер грудзей зараз самы папулярны?

– С, ці трэці. Але я, канечне, арыентуюся не толькі на жаданні пацыентак: не хочацца, каб спачатку у пакой «завальваліся» цыцкі, а потым ўжо ўсё астатняе. Імкненне да гармоніі — гэта галоўнае правіла пластычнага хірурга. Калі я бачу, што ў чалавека ўсе часткі цела і без маёй дапамогі выглядаюць прапарцыйна, я магу адмовіць у аперацыі — хай звяртаецца да іншых спецыялістаў, калі хоча.

З мужчынскім органам тая ж сітуацыя, тым больш што аперацыя на чэлесе куды больш складаная, чым аўгментацыя грудзей імплантамі. Быў у практыцы выпадак: прыйшоў да мяне мужчына і сказаў, што хоча павялічыць свае геніталіі. А там усё нармальна абсалютна па ўсім крытэрыям.

Я спытаў, кім ён працуе. Высветлілася, што мужчына ездзіць на будоўлю ў Санкт-Пецярбург. Тады я параіў яму завітаць у Эрмітаж і прыгледзецца да антычных статуй: да тых прапорцый, што лічацца стандартамі прыгажосці ў мастацтве. На мае довады мужчына адказаў наступнае: «Зараз ужо іншыя стандарты». Людзі «натхняюцца» тэматычнымі, эратычнымі сайтамі і імкнуцца ўвасобіць гэта ва ўласнае інтымнае жыццё. Сёння нас ужо хвалюе не толькі, як выглядае твар, але і тое, што ніжэй пояса. Калі хочаце ведаць, таму патэнцыйнаму кліенту я параіў не спяшацца.

– Ці прыходзяць да вас з канкрэтнымі фотаздымкамі, маўляў, хачу быць падобным на вось гэтага індывіда?

– Так, і гэта спрашчае задачу хірургаў, бо, калі кажуць «зрабіце мне прыгожа», губляешся: у кожнага ж сваё меркаванне на гэты конт.

Часам, да мяне прыходзяць з даволі банальнымі фотаздымкамі, на якіх змешчаны ідэалы прыгажосці, растыражаваныя сусветнымі СМІ: Скарлет Ёхансан, Кім Кардаш’ян, Мэрылін Манро, Брэд Піт… Але здараецца, просяць арыентавацца на нейкіх расійскіх зорак, імёны якіх я магу зусім не ведаць, прыходзіцца гугліць.

Звяртаюцца за дапамогай і непасрэдна беларускія зоркі, і нават нашы чыноўнікі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)