Піянерскі рух: рэшткі мінулага ці «светлая будучыня»?
Чым была піянерыя для грамадзянаў СССР: рамантыкай, месцам пратэсту знутры ці пустой бутафорыяй? І хто «заўсёды гатовы» у сучаснай Беларусі? АМП сабрала меркаванні экспертаў і актывістаў пра нашае недалёкае мінулае і сучаснае, якое дагэтуль патрабуе пераасэнсавання.

Калектывізм у побыце
Сярод прапанаваных савецкаму грамадству ідэалаў адно з цэнтральных месцаў займаў калектывізм. А піянерыя – нішто іншае, як частка гэтага грамадства і асяродак, дзе яно падрастала. І для першай, і для другога былі характэрны калектывізм, нават хутчэй нейкая з’яднанасць, таварыскасць.
«Быў давер, насамрэч. Пачынаючы з простых рэчаў: пайсці да суседкі папрасіць хлеба ды солі. Мы зараз нашмат больш раскіданыя, адасобленыя людзі. У нас клубная сістэма, розныя мовы», – адзначае культуролаг Вольга Раманава.
Вольга мяркуе, што нельга фарбаваць адной фарбай піянерскі вопыт і звязаны з ім жыццёвы. З аднаго боку піянерыя – выбудаваная сістэма, але з іншага – жыццёвы вопыт некалькіх пакаленняў. Ён зусім розны, бо піянерыя была вельмі маштабнай з’явай, такой «рамкавай умовай існавання» ў той час.
Жывое мінулае ў спадчыну
Кар’ерызм савецкага чыноўніка, пратэст супраць чырвоных гальштукаў і непрыязнасць да іх фігурак альбо настальжы – усё гэта спадчына, жывая гісторыя.
«Мы маем сітуацыю з жывым мінулым: гэта было нядаўна, у нас ёсць яго сведкі, мы жывём сярод савецкай архітэктуры. Аўтаматызмы, нават як мы стасуемся і як нас абслугоўваюць у краме, – гэта неўсвядомленыя, трансляваныя з савецкіх часоў формы паводзінаў», – распавядае Вольга Шпарага, філосаф і рэдактар інтэрнэт-часопіса “Новая Эўропа”.
Гэта – гісторыя знізу, якая выяўляецца ў паводзінах індывідаў. Існуе аналагічная гісторыя, але зверху, больш характэрная для формаў арганізацыі грамадства: напрыклад, нашы спадчынныя праблемы з парламентарызмам і падзяленнем галінаў улады.
«Той час згадваецца настальгічна»
Марозіва шарыкамі ці хадзіць у паходы пад гітару – дэталі, якімі размалёўваюцца самыя прыемныя моманты дзяцінства і юнацтва, у кожнага свае. І гэта таксама піянерыя.
«Для нас былі важная светлая будучыня, а зараз успамінаем светлае мінулае. Сама піянерыя згадваецца негатыўна – напрыклад, дысцыпліна дзіцячых лагераў мяне абурала», – узгадвае дацэнт БДУ і медыятэарэтык Аляксандр Сарна.
«Піянерыя – гэта трылер»
Урачыстае прыняццё ў шэрагі арганізацыі надоўга затрымліваецца ў любой дзіцячай памяці. А далей для кагосьці было натуральна не разглядаць піянерскую арганізацыю як старт для прафесійнай кар’еры.
Паводле Андрэя Рэпіна, у піянерскай арганізацыі прасцей было зразумець, хто ёсць хто: адныя казалі завучанымі словамі, іншыя думалі сваімі. Прасцей было знайсці яскравага ў натоўпе аднолькавых. А выяўнымі былі баязлівасць і крывадушнасць.
Згаданы калектывізм часам выяўляўся ў сумесным прагульванні ўрокаў. І толькі некаторыя «так званыя піянеры» заставаліся.
«Піянерыя – гэта трылер. Уся справа не ў самой арганізацыі, а ў тым, як да яе ставіцца чалавек», – упэўнены Андрэй Рэпін.
Сам Андрэй, быўшы намеснікам кіраўніка дружыны школы, пісаў у сценгазеце пра «артыстычнае самавыказванне ў творчасці гурта Kiss». Газета правісела дзве гадзіны, пасля былі разборы.
Мараль: хто хацеў, той дамагаўся свайго і выкарыстоўваў піянерыю, як яму было трэба.
Піянерыя = БРСМ?
Сёння спадкаемцай піянерскай арганізацыі сябе называе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. БРСМ – досыць фармалізаваная арганізацыя, праз якую, тым не менш, праходзяць шмат моладзі, уступаючы туды часта не на ўласнае жаданне.
Па меркаванні культуролага Вольгі Раманавай, піянерыя ў свой час таксама «служыла вырошчванню паслухмяных грамадзянаў». Дзяржава рэалізоўвала сваю стратэгію лідарства, пры якой усё больш грамадзян размаўлялі на ідэалагізаванай мове, а сацыяльнае ў іх паступова замяняла чалавечае. Але без ідэалагізаванай мовы ў піянерскай, камсамольскай ці партыйнай сістэме было немагчыма.
Піянерыя і скаўты
Сакратар Цэнтральнага Камітэта Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі Аляксей Елісееў лічыць, што піянерыя, безумоўна, была патрэбная і яе карані ляжаць яшчэ ў скаўцкім руху.
На яго меркаванне, самае негатыўнае ў піянерах, што «ўсе дзеці мусілі выхоўвацца толькі ў межах камуністычнай ідэалогіі». Хаця сам Аляксей цалкам падтрымлівае гэтую ідэалогію.
«Самастойнасць, клопат пра наваколле і будучыню, пра блізкіх, сяброў – усе гэтыя задачы па ўсім свеце зараз вырашаюцца ў межах руху скаўтаў. Ну а ў нас гэта называецца, як і раней, піянерскім рухам», – распавядае Аляксей.
Піянерыя – гэта рабіць добрыя справы. Але…
Дапамога людзям за «вялікі дзякуй» – вось што, магчыма, дапамагло людзям прыняць піянерскую арганізацыю. І сёння яна зусім не такая, як раней.
«Піянерыя – рэшткі мінулага, якія маюць сёння іншы выгляд: прыняццё ў арганізацыю, калі вучань на сцэне кажа клятву, гучыць музыка – на гэтым кропка», – дзеліцца лідарка Задзіночання Беларускіх Студэнтаў Наста Доль.
Па словах рэдактара сайта “Товарищ online” Дзмітрыя Яненкі, які быў актыўным піянерам, яны рабілі карысныя рэчы кшталту збора металалома. Але ён адзначае негатыўныя моманты: заідэалагізаванасць пачынаючы ад акцябрат і да партыйцаў, ды рэчы накшталт нелюбімых піянерскіх збораў, дзе адчытвалі тых, хто не паспявае.
«Таксама адзін з недахопаў піянерыі мінулых гадоў: туды заганялі ўсіх. Нават двоечнікі з трэцяга, з чацвёртага разу траплялі туды», – дзеліцца Дзмітры.
Ён таксама ўзгадаў, што на пачатку 90-х у Салігорску з сябрамі спрабавалі стварыць альтэрнатыўную афіцыйнай камсамольскую арганізацыю. Курыраваў яе трэці сакратар гаркама камсамола – усё было пад кантролем.
Не пераацэненае мінулае
Паводле Вольгі Шпарагі, сёння адбываецца навязванне пэўнага вобраза піянерыі. Адпаведна яму, нашая піянерыя – гэта працяг савецкай, і яна мусіць пранізаць усё жыццё і як мага глыбей пранікаць з найменшага ўзросту. Праз такую маніпуляцыю адбываецца кіраванне сацыяльнай памяццю грамадства.
«Маніпуляцыя ў тым, што мы мусім прыняць уяўленне аб тым, якія павінныя быць дзеці: з самага маленькага ўзросту быць сур’ёзным і выконваць тыя ж абавязкі, што і дарослыя, удзельнічаць у палітычнай барацьбе», – дзеліцца філосаф Вольга Шпарага.
Супрацьлеглая сацыялістычнай канцэпцыі дзяцінства – ліберальная. У ёй дзіця маленькае, адрозніваецца ад дарослага і яго свет трэба абараняць.
Вольга мяркуе, што сёння піянерыя – гэта форма кантролю і форма арганізацыі дзяцей зверху, мэта якой – легітымізаваць выхоўванне паслухмяных грамадзян. І адказаць гэтай маніпуляцыі можна, толькі разабраўшыся, чым жа піянерыя была насамрэч. Толькі зрабіць гэта не так проста, бо беларусы, на думку Вольгі, ставяцца да піянерыі раўнадушна.
Паводле Дзмітрыя Вайноўскага, куратара выставачна-дыскусійнага праекта «Піянерская вытрымка», за апошнія 20 гадоў так і не было зроблена пераацэнкі мінулага. Мінулае жыве на ўзроўні сацыяльных канструктаў (згадаць хаця б, як часам стасуюцца прадавачкі ў крамах). Яно нібыта прайшло, але чалавек яшчэ не бачыць рэтраспектывы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное