Анастасія Зелянкова
Піт Паўлаў пайшоў у “Паглыбленне”

РЕТЕ РАFF прэзентуе свой новы альбом “Паглыбленне”. З гэтай нагоды 28 лютага ў малой залі Палаца Рэспублікі музыкі дадуць вялікі канцэрт.

— Гэта будзе сапраўднае шоу, — абяцае лідэр гурта Піт Паўлаў. — Усіх сакрэтаў пакуль не раскажам. Аднак абяцаем прадставіць на сцэне пашыраны склад гурта — больш за дзесяць музыкаў адначасова. Будуць танчыць і прыгожыя дзяўчаты, і шмат яшчэ чаго цікавага.

Дарэчы, што да дзяўчат, то зусім не выключана, што ў канцэрце прыме ўдзел і Аляксандра Кірсанава з дуэта “Аляксандра і Канстанцін”. Голас спявачкі ёсць і ў адной з песень альбома. Праўда, Аляксандры з усёй песні дасталася толькі караценькае галашэнне, але гэта і не галоўнае, як прызнаўся Піт Паўлаў, яму проста прыемна было запрасіць да сябе гэтую дзяўчыну.

Што ж да зместавай напоўненасці альбома, то, калі верыць музыкам, яны здзейснілі спробу “адаптаваць беларускую народную музыку да сучаснага гучання”. Традыцыйныя народныя матывы ў сучасных аранжыроўках, аўтэнтычныя інструменты, старажытныя ў перамешку з аўтарскімі тэксты — вось прыкладна такі змест альбома, праца над якім доўжылася тры гады.

— Такога ў сучаснай музыцы яшчэ не было, — з упэўненасцю сцвярджае Піт Паўлаў. — Канешне, некаторыя музычныя калектывы рабілі ў гэтым кірунку пэўныя спробы, але гэта яны перанялі ў нас. Называць “плагіятараў” не буду. Навошта? Будзем лічыць, што яны не плагіятары, а паслядоўнікі. Для нас жа ў сваю чаргу настаўнікамі былі “Троіца” і “Палац”.

Музыка, што гучыць ў альбоме, народная толькі па назве. На 60-70% яна ўсё ж аўтарская: некаторыя песні былі дапісаны, некаторыя перапісаны, ёсць і зусім новыя. А вось тэксты трапляюцца часам вельмі старажытныя. Напрыклад, адзін з іх быў знойдзены ў Актавай кнізе канца XVI стагоддзя. Яшчэ два, знойдзеных падчас фальклорнай экспедыцыі, датуюцца пачаткам XVII стагоддзя.

Шчыра кажучы, дыск атрымаўся не танны — у краме ён каштуе не меней за 27 тысяч рублёў. Магчыма, уся прычына у вокладцы, якая, па словах музыкаў, была зроблена з кардону, прычым не звычайнага, а электратэхнічнага. Як прызнаўся Піт Паўлаў, гэтым кардонам можна нават ізаляваць трансфарматары. Што ж да эстэтычных асаблівасцяў вокладкі, то ідэю яе аздаблення прапанавала мастачка Зоя Луцэвіч, увасабленне ж належыць вядомаму графіку і дызайнеру Адрэю Басалыгу. Тыя ж, каму такі дыск пакуль не па кішэні, могуць пачакаць і больш дэмакратычнага варыянту — музыкі абяцаюць у бліжэйшы час выдаць таннейшую версію дыска (на жаль, ізаляваць трансфарматары яго вокладкай будзе ўжо немагчыма).

Прэзентацыя новага альбома РЕТЕ РАFF “Паглыбленне” плануецца на апошні дзень зімы — 28 лютага. Усім, хто прыйдзе на канцэрт, музыкі гарантуюць моцны зарад вясновага настрою.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)