Піт Паўлаў: «І нават калі свет мяняецца, калі вайна ва Украіне ўсё засланіла і змыла, наша рэвалюцыя — самае моцнае, што ў нас было»

Музыкант у інтэрв’ю Budzma.org — пра беларусаў, якія застануцца за мяжой.

Піт Паўлаў падчас канцэрта ў Польшчы

— Я не баюся за тую моладзь, якая асімілюецца, за тых, хто застанецца за мяжой. Раней людзі жылі ў іншых краінах і былі часткай Савецкага Саюза, Расійскай імперыі. А гэтыя людзі ўжо будуць часткай нашай Беларусі — кайфовай часткай. Там вырастуць новыя людзі, тут застануцца гэтыя — будзе такая вялікая Беларусь.

Тыя, хто захочуць вярнуцца, прынамсі я, вернуцца. А тыя, хто застануцца, будуць аб’яднаныя чымсьці большым, чым проста механічная сувязь. Зараз існуе геніяльны сродак размовы: мы бачым адно аднаго на экранах, а маглі б сядзець праз стол і нават узяцца за руку, папіць кавы і адчуць пах гэтай кавы. Але ў прынцыпе гэты сродак робіць адлегласці не такімі істотнымі.

Некаторыя за мяжой харахорацца і кажуць: «Усё нармальна, я буду тут жыць».

Я планую перамагчы і вярнуцца дахаты — мне здаецца, мы ўсе мусім менавіта на гэта працаваць, вярнуць сабе сваю краіну. Потым, калі яна будзе вернута, можна будзе жыць на адлегласці ад яе.

Трэба, каб мая краіна ў мяне была, каб я мог у любы момант вярнуцца, каб мог кіраваць сваім жыццём, лёсам. Я стаўлюся з сімпатыяй да людзей, якія знаходзяць сябе.

Не люблю, калі хтосьці кажа кепскія словы пра нашу радзіму. Такія людзі, напэўна, атрымалі шмат негатыву там, а тут атрымліваюць столькі пазітыву, што лічыць, быццам маюць на гэта права.

Тым, што мы можам так лёгка ўбудавацца ў еўрапейскае жыццё, мы мусім быць удзячныя таму, што наша грамада таксама еўрапейская. Ментальная розніца ёсць, але яна не катастрафічная, нам не трэба надта мяняцца.

…Я нашу з сабой як харугву, як сцяг — Беларусь. У 2020 годзе наш сцяг стаў самым лепшым на ўвесь свет! Нас з дзесяці мільёнаў рэзка стала дваццаць.

Былі тры хвалі эміграцыі, якія пачаліся яшчэ перад Першай сусветнай вайной — тады родны брат майго дзеда з’ехаў у Амерыку. І эмігранты, якія былі такія «ну, короче, мы тут все русские», нечакана ператварыліся ў беларусаў падчас пратэстаў.

Тут у Варшаве з’явілася ронда Вольнай Беларусі. Спадзяюся, што наша прыгожая хваля паказала нас з самага лепшага боку і ў першую чаргу — нам самім, мы ўбачылі адно аднаго.

І нават калі свет мяняецца, калі вайна ва Украіне ўсё засланіла і змыла, наша рэвалюцыя — самае моцнае, што ў нас было. І гэта ўжо нікуды не падзенецца, гэта назаўжды застанецца з намі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)