Пісьменнікі гатовыя ісці ў партызаны
Улады не збіраюцца цырымоніцца з Саюзам беларускіх пісьменнікаў (СБП). Ужо 2 сакавіка Гаспадарчы суд можа прыняць рашэнне, пасля якога найстарэйшую творчую арганізацыю краіны могуць папросту выкінуць на вуліцу з-за нявыплаты грошай за арэнду плошчаў у сталічным Доме літаратара. На наступны ж дзень Вярхоўны суд будзе разглядаць прапанову Міністэрства юстыцыі ўвогуле ліквідаваць Саюз.
Асаднае становішча арганізацыі старшыня СБП Алесь Пашкевіч
назваў запозненым віншаваннем — у мінулым годзе Саюзу споўнілася 70 гадоў, і
ўлады гэтага неяк не заўважылі.
Мінюст абвінавачвае Саюз беларускіх пісьменнікаў у
адсутнасці арыгіналу статута, наяўнасці на будынку Дома літаратара шыльды з
выявай герба “Пагоня”, карыстанні цягам чатырох месяцаў пячаткай, на якой назва
арганізацыі не ўзятая ў двукоссі, а таксама ў правядзенні ў 2005 г. ў кавярні
Дома літаратара арганізацыйнага з'езду “Грамады”.
— Падаецца, што Мінюст дагэтуль перакананы ў тым, што
будынак, на якім вісіць шыльда з «Пагоняй», належыць нашай арганіцацыі, а не
Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, — каментуе гэтыя абвінавачванні Алесь
Пашкевіч. —І чаму Саюз павінны адказваць за тое, што ў будынку, дзе мы толькі
арэндуем памяшканні, адбыўся з'езд палітычнай партыі? Што ж тычыцца пячаткі
недзяржаўнага ўзору, дык мы яе змянілі адразу ж пасля заўвагі.
Вядомы беларускі пісьменнік Віктар Казько расцэньвае
прэтэнзіі па адрасе СБП як сведчанне татальных зачыстак, якія робяць улады
напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў:
—Саюз беларускіх пісьменнікаў быў апошнім плацдармам
беларускай інтэлігенцыі, а тое, што робяць улады — непрыкрытае, нахабнае
рабаўніцтва, — гаворыць Віктар Казько. — Але адначасова я бачу за гэтым вялікі
страх кіруючых улад.
27 лютага на Радзе СБП будзе абмяркоўвацца толькі адно пытанне: «Як жыць далей?». Невыключана, што пісьменнікі, як і многія грамадскія арганізацыі, будуць вымушаныя працягваць сваю дзейнасць у падполлі. Вопыт які-ніякі ўжо назапашаны: апошні месяц усе мерапрыемствы СБП ладзяцца ў прыцемках — у памяшканнях, якія арэндуе арганізацыя, адключанае святло.
Читайте еще
Избранное